Выбрать главу
Дарогi абмiнаюць белы груд, Наш сад — майго спакою кут.

МЛЕЧНЫ ШЛЯХ

Гудзе, гарыць лiхтар блакiтны, На вежу гул святла лiе. Твар вежы, жоўты i гранiтны, Заплюшчыў вочы ў мёртвым сне. На небе шара-аксамiтным Бляшанай поўнi твар плыве.
Лiхтар патух, i горад чорны Пабачыў шлях зялёны, зорны.

ТАПОЛІ

Таполi пад зялёна-шэрым снегам Хiстаюцца ў тумане i рыпяць. Галiны крохкiя пад нiзкiм цяжкiм небам Нагадваюць карэннi. Пташкi спяць. Імжа цярушыцца на горад чорным срэбрам. Будынкi моўчкi нерухомыя стаяць...
Туман апаў, растаў, i цiха-цiха Снег падае, i лёгка-лёгка дыхаць.

СНЕГ

На шыбе замiльгалi ценi - Зялёна-белы, колкi снег Ляцiць на дахi i на сцены. Стаiўся гук. Схаваўся смех. Праз цiшыню прыроднай змены Чырвона-чорны кот прабег.
Чакалi снег, як змену света. Як свята, ўжо чакаем лета.

ЗОРКА

У пакоi, над сталом, За акном — дзе ноч над краем, Над фiранкаю, за шклом Зорка белая мiргае У чорным небе: над iльдом, Нас з табою суцяшае.

НАПАМІН

На сiняй вулiцы, пад жоўтым лiхтаром, У кроках прагучала развiтанне... Заснула радасць цiхiм белым сном - Пералiлася у смугу чакання. Мы будзем слухаць крокi зноў i зноў, Пакуль не прагучыць у iх спатканне...
Спатканне, развiтанне i спачын, Блiскучы камень, надпiс-напамiн...

БЕЛА-БЛАКІТНАЕ

Блакiту рух над попелам паданняў У небе, мiж жывых iстот-аблок, Стварае свет з празрыстасцi кахання. Блакiтна-белы, светлы галубок, Пачуўшы востры крык драпежнай канi, Ляцiць, ляцiць, хаваецца у змрок.
Няспынна зменлiвасць аблокаў - Малюю белым на блакiтным шоўку.

ЗВЫЧАЙНАЕ

Амаль расплаўленае сонца - Чырвонiлася ў абалонцы. Стаяў рыпучы крык дразда. Сяклiся: радасць i бяда У пругкiм голасе птушыным, Над постацямi камiноў, У гулкiм рокаце машынным, Мiж кубатурнасцi дамоў... За непрытомныя аблокi Цякло барвовае святло. Плыло самотна i высока Маладзiковае крыло.

АЭРАДЫНАМІКА

Ёсць рэальная фантастыка - У палёце лёгкай ластаўкi, Мiж прапелернымi лопасцямi, Над дзюралеваю плоскасцю...
Ёсць маланка электрычная - У пранiзлiвай рытмiчнасцi Пiску навальнiчнай ластаўкi, Пад лакатарамi-застаўкамi.
Ёсць нязлоўленая пластыка - У распнутых крылах ластаўкi, Як нахiленая рызыка Тоiцца ў палёце лыжнiка Да блакiтнасцi атласнае, Да аблокаў пенапластавых...
Я злаўлю цябе, спрытная ластаўка, - Начыкрыжу цвiком цi фламастэрам У салоне начнога аўтобуса, На блакiтна-падрапаным пластыку
Падпiсаўшы — малюнак Глобуса.

ПРАГРЭС

На мяжы навукi i прыроды Здольны перспектыўны чалавек Збудаваў пратэзныя заводы, Каб падзагрымiраваць калек.
Разгарнуўся чалавечы генiй, Загулi такарныя станкi, Зарыпелi штучныя каленi, Рукi, ногi, пальцы, пазванкi...
Дзе пануе мятны водар смерцi У святле стэрыльных устаноў, Тахкае капронавае сэрца, Гонiць запазычаную кроў.
Засталося простую работу Здзейснiць хiрургiчнаму нажу - Не пашкодзiўшы лязом аорту, Замянiць сапраўдную душу.

НА СТАНЦЫІ КОЙДАНАВА

Зачапiлася хмара за комiны над хлебазаводам. На рамбазе звiнела, заходзiлася цыркулярка. Уздымаўся да неба драўляна-бурштынавы водар. За касiлкаю сыпала трэск электрычная зварка.