Выбрать главу
Закусiўшы губу, вартаўнiк пэцкаў плот салiдолам, Праклiнаючы ў думках лядачых чарцей-падшыванцаў. На яго не звяртала увагi сярэдняя школа, Адпусцiўшы дадому маленькiя крылы цыратавых ранцаў.
Пад дажджом, разгружаючы моўчкi машыну з прычэпам, Мужыкi пад паветку складалi мяхi з угнаеннем. Учарнелае лiсце спрачалася з ботамi шэптам. Пахла вулiца хлебам i восенню да ачмурэння.

БРАТ

Мы прыедзем дадому, Зноў падпалiм бульбоўнiк, І па саду старому Паляцiць дым-вандроўнiк. Сад гасцей дачакаўся. Стаiмо на паўзмежку. Чорны клён захiстаўся, Лiсце сыпле на сцежку. Залаты i чырвоны Быў учора наш сад. Дрэвы страцiлi кроны. Я гляджу, як мой брат Моўчкi ходзiць на градах; Пэўна, слухае ён, Як у чорных прысадах Стогне ссечаны клён.

СВІСЛАЧ-РЭЧКА

Свiслач-рэчка коцiцца з гары - Чыстыя крынiцы, цёмныя вiры - Коцiцца да мора, мора-акiяна, Бо з гары кацiцца ёй наканавана.
Ухапiўшы за белую поўсць аблачыну, Я спакойна ляцеў па-над Свiслаччу-рэчкай. Незнарок напаткаў маладую жанчыну, Што на чорнай хмурыне чакала сустрэчы. Запытаў:
"Цi мяне ты, жанчына, чакаеш?" Адказала з хмурыны: "Чакаю другога". Я сказаў: "Ты мяне назаўжды пакахаеш І забудзеш, як сон, кавалера другога".
Мы ляцелi ўдваiх па-над Свiслаччу-рэчкай. Я трымаў аблачыну, жанчына — хмурыну. "Я чакала, чакала цябе цэлу вечнасць", - Вось i ўсё, што сказала мне тая жанчына.
Свiслач-рэчка коцiцца з гары - Чыстыя крынiцы, цёмныя вiры - Коцiцца да мора, мора-акiяна, Бо з гары кацiцца ёй наканавана.

РЭГІНА

У маёй суседкi Вырасла на столi Залатая кветка Дый згубiла колер.
Абмiнулi Рэню Хлопцы-кавалеры,- Кветкавы карэннi Леглi на шпалеры,
Пацяжэлi ценi, Расплылiся вокны, Разышлiся сцены У чарнаце глыбокай...
Мiльганула зорка У жалобнай слоце. Уздыхнула горка Дзеўчына ў самоце.
Не тужы, Рэгiна, Знойдзецца каханне, - Чорная вяргiня Залатою стане.

БРОНІК

Раз'ятрана, быццам вялiзны бугай, Раве матацыкл стары i чырвоны - Дзед Бронiк рулюе дадому праз гай. Рахманае рэха бубнiць забабоны.
Пярэстай цялушкаю неба ляцiць У чорны палон бугаiнага рыку. Заглух матацыкл. Дзед Бронiк стаiць, Не чуючы ўласнага болю i крыку.
Яму падалося, што Ядзя iдзе, Што жонка, якая памерла тым летам, Паклiкала цiха яго кагадзе, А словы Ядвiгi стаяць запаветам.
Калянае лiсце ляцiць на траву, Вятрыска ламае сухiя галiны. У кожнай сасне Бронiк бачыць труну, А неба зрабiлася колеру глiны.
Чырвоная поўня над садам вiсiць, Чужы матацыкл гудзе на дарозе. На ганку самотны дзед Бронiк сядзiць, Ядвiга чакае яго на парозе.

КАЗІК

Казік надзеў зялёны капялюш, Пайшоў у сад збiраць свiнням ападкi, А там, у жоўтым шапаценнi груш, Убачыў Казiк сiнi фартух маткi.
Яна iшла праз агрэсту кусты, Праз мiтусню камарыкаў-казюрак, Праз водар яблык, моцны i густы, Праз кветкi i лiсты рудых настурак...
Шасцелi на паўзмежках пацукi, Трымцелi i гулi чмялi, жукi i восы... Казюк прыпаў да матчынай рукi, Расцiснуты здарэннем, безгалосы.
І змоўклi восы, пацукi, жукi, Чмялi. Як бурачковая агатка, Сляза зляцела з матчынай рукi, І прыпынiлася на хвiлю ў садзе матка.
А можа, й не хадзiў наш Казiмiр У сад, не сустракаў той любай маткi? Дый не, стаiць вядро, а ў iм ападкi, Дый у агатках-слёзах шэры жвiр.

НОВАЕ НЕБА