Выбрать главу

Сымон. Не бойся, мамка! Не згублю! А калі і згінем мы, то цэлы свет аб гэтым даведаецца, і праўда наверх выйдзе. Адно гора, што вы мне ўва ўсім пярэчыце: ты сваім заўсёдным нараканнем, а яна, Зоська, сваей к таму ліпкасцю ўпапярок дарогі мне становіцеся і топчаце тое, што я хачу сеяць.

Зоська (падыходзіць к Сымону і кладзе яму руку на плячо). Эх, мой ты братачка родны! Горды, непакор-ны чалавек з цябе выйшаў! Птушкаю-арлом быць бы табе i лётаць па паднябессі, як лётае вецер гэты вольны! Толькі ж бяда — крылле не дадзена табе, саколе ты мой заркавокі. Не кажы, браток, што я тапчу тое, што ты сееш. Хто ведае — можа, ты горай сваей гордасцю топ-чаш тое, што сею я сваім сэрцам дзявоцкім? Хто ведае?

Сымон (панура). Бацькаўская магіла і крыж гэты ведае!

Зоська. Непераменны ты, братка! Спапяліць гэта гордасць табе душу i сэрца, у попел аберне. А злосць людская апаганіць тваю добрую славу, і нічога ты не дакажаш сваім праціўленнем цэламу свету! Не сягоння, то заутра пойдзеш па таей сцежцы-дарожцы, па якой усе людзі ідуць. Уломяць цябе, апусцішся і загінеш. Сымон. Але сам я самахоць не загіну, мяне сіла большая загубіць, а ты па сваей ахвоце сама сябе аддаеш на тэту загубу, на глум вечны!

Зоська (адыходзячы ад Сымона, убок). Божа! Як жа мне цяжанька тут жыць! (Садзіцца і ўе вянок.)

Паўза.

Данілка. Крыж рабіць робіш, а на чым яго павязеш?

Сымон. Не бядуй па гэтым! Не пайду каня вымаліваць ні да суседзяу, ні там, да іх! На сваіх плячах павязу — яшчэ датрываюць, хопіць сілы. Як сам на сабе завалаку — болей радасці спраўлю таму, хто будзе спаць пад гэтым крыжам, а сам буду ведаць тое, што нікому не кланяўся, перад нікім не жабраваў.

Данілка. А каму ж гэта мамка торбы шые?

Сымон. Шые, бо не мае чаго рабіць. Але як пашые, то я што да адной папалю!

Марыля. Пакуль ты, дзеткі, прыбярэшся паліць, то яны самі спарахнеюць на мне, на гэтых малых, а мо і яшчэ на кім. Вось адна торбачка і гатова! (Падымае на руках, разглядае.) Здаецца, добра будзе — не мала і не вяліка, толькі яшчэ вяровачкі прывязаць. (Шукае і прывязвае.)

Сымон. Эх, кіньце, мамка, дзяцініцца! Душу ў мяне хочаце вырваць без пары — больш нічога! Не дасцё спакойна нават крыж тэты кончыць.

Марыля. Што, дзеткі? Я ж нічога! А што запас бяды не чыніць, то ты сам добра гэта ведаеш і разумееш.

Сымон (да Данілкі). Паглядзі, Данілка, якога крука крыж збіць, бо ўжо ўсё гатова — абгладзіў.

Данілка (шукае з сякерай, находзіць крук у бервяне і выдзірае). Вось зараз табе тэты кручок выдзеру: тата за яго — як віў путы — пяньку чапляў. (Падае крук Сымону, той абчэсвае і збівае крыж.)

Зоська. Калі ж ты панясеш яго, Сымонка?

Сымон. Калі? Сягоння! А нашто табе ведаць?

Зоська. Так сабе, пытаюся. Але ж гэта ўжо вечар на дварэ: поначы несці будзе нягодна?

Сымон. Няпраўда! Поначы лепей з крыжам ісці. Ніхто цябе не чэпіць і не зняважыць. Уночы, апоуначы панясу, але не ўдзень, бо удзень яшчэ і крыж мне выдзе-руць, як выдзерлі з сэрца і душы ўсё добрае і светлае. Уночы пайду з крыжам на магілкі, як відма якое з таго свету, каб аж нябожчыкам жудка было! Адзін тата мяне мой пазнае і радасна выйдзе ка мне на спатканне,— падзякуе за крыж і бласлауленне свае дасць мне на далейшую вытрываласць, на далейшую барацьбу з нядоляй. Бо ён, тата наш, інакшы, як усе нябожчыкі: ён не лёг з імі ў адным месцы, а зусім асобна захавауся ў сырой маці-зямельцы. І крыжык яму панясу я уночы, а не ўдзень, як гэта усім носяць і стаўляюць.

Марыля. Я з табою пайду, сынок! Яшчэ ж ні разу я, грэшная, не змагла сцягацца на яго магілку.

Сымон. Добра, мамка, панясем з табой! А ты, Зоська і Данілка, астаніцёся пільнаваць малых і хаты.

Данілка. Каб ты мяне і гвалтам гнаў, то я не пайду ўночы ды яшчэ з крыжам. Каб яшчэ ваўкі дзе з'елі або нябожчыкі напужалі.

Зоська (падыходзячы да Сымона). А ты пазволь мне, братка, ісці туды разам з вамі! Як ты і мамка пойдзеце, мне будзе страшна адной тут сядзець. Мне здаецца, што нейкае няшчасце мяне тут спаткае, як без вас астануся.

Сымон. Не адна будзеш! Малыя, Данілка разам будуць.

Зоська. Яны спаць лягуць, а я, як цень, буду снаваць тут сама адна. Баюся я гэтага папялішча раскапанага. Мне тут зданні усялякія здаюцца. Вазьмі мяне, братка, з сабою! (Да Марылі.) Мамачка, вазьміце мяне — я несці памагу крыж вам!