Выбрать главу

Агульная колькасць інвалідаў

за другую сусветную вайну склала

95 мільёнаў чалавек.

З газет

 

Раённыя гарады на Беларусі маюць агульную адмету, каларыт. Самы свежы мазок у панараме гарадоў — новыя шасціпавярховыя дамы, якія велічна-нязвыкла, надта шыкоўна глядзяцца паўзверх нізкіх цагляных, а часцей — драўляных будынкаў, агароджаных ад вуліцы старым невысокім шчыкетнікам, паўз які расце непрыгожая, запыленая трава, кусты парэчак і стаяць у рахманай асуджанасці даступныя ўсім вішні.

Калодзежаў у горадзе не капаюць, ваду звычайна бяруць з жалезных насатых калонак; каля іх заўсёды, нават у спёку, блішчыць гразь, над якою пырхаюць белыя капусніцы з чорнаю абводкаю на крылах і бзыкаюць натрывожаныя руплівіцы пчолы.

Пры весніцах туляцца шырокія са спінкамі лавачкі, пакрамсаныя хлапчукоўскім складанчыкам. Седзячы на іх, дастаеш нагамі да тратуара, ён спрэс у трэшчынах, з якіх надта любяць прарастаць раздвоеныя вушкі клёнікаў. На старых вуліцах шмат і звычайных пясчаных сцежак — ад машын і матацыклаў іх аберагаюць укапанымі тоўстымі слупкамі.

У кожным райцэнтры ёсць некалькі сапраўдных гарадскіх вуліц, найперш цэнтральная, абавязкова з гучнаю назваю. На ёй, як правіла, вы знойдзеце будынкі партыйных і савецкіх органаў, рад магазінаў, аптэку, пошту, Дом культуры... Яна патанае ў зеляніне, асабліва шмат таполяў — у чэрвені, калі з іх злятае пух, зямля засцілаецца вохкаю беллю, на мокрых мясцінах шчытнаю, бы палатно. Гэта ўжо трэцяя на гаду белая замець: першая была ўзімку, самая ўладная — снежная, потым, калі адцвіталі сады, і вось — таполевая, яна ўсюдыісная: пушынкі прыліпаюць да адзення, валасоў, пранікаюць у аўтобусы, залятаюць у адчыненыя фортачкі, іх ловяць рукамі дзеці — так, як матылькоў.

У райцэнтры заўсёды (і часта!) сустрэнеш вясковых людзей — прыязджаюць на базар, у магазін, у розныя канторы і бальніцу. Іх зразу пазнаеш: дзядзька, факт, будзе ў кірзавых ботах, халявы якіх знарок сплюшчаны гармонікам, у цёмных картовых штанах і ў нязменным картузе на макаўцы, пад якім, калі дзядзька спыніцца прыгрэбці спацелыя валасы, блішчыць белая, незагарэлая лысіна. І ніводная вясковая цётка не паедзе ў горад з голай галавою ці ў старым адзенні. На такі выпадак беражэцца квяцістая хустка, доўгая цёмная спадніца, нярэдка ахарошаная ўнізе ружоваю ці белаю стужкаю, тоўстай вязі кофта і просценькія, без усялякіх шпілек-набоек, туфлі. У такім убранні цётка гатова хоць міністру паказацца.

Ляск, стукат, гудкі... А вясною і ўвосень ранішнюю свежую цішыню вуліц, прыглушаную лёгкім туманком і дымам, абуджае віскатня парасят — іх прывезлі яшчэ цёмначы на калёсах у доўгіх, няшчытна збітых скрынях, а з базару ўжо разносяць у душных цёмных мяшках; хапае парасятам пакуты — да іх доўга і пільна прыглядаюцца-прыцэньваюцца, цягаюць маленькіх і ружовых за ногі, мераюць пальцамі шырыню між лапатак, ці тоўсты ў камлі хвост.

У суботу ці ў нядзелю на аўтастанцыі можна ўбачыць такую сцэнку — маленькі дарожны спектакль, на які не патрэбен ні білет, ні рэклама.

Купка вясковых людзей: жанчыны і два дзядзькі. Адзін пажылы, амаль дзед, з белымі пушыстымі вусамі. Другі — маладжавы, у яго вялікія цёмныя рукі, на правай блішчыць шлюбны пярсцёнак — уражанне, быццам фалангі безыменнага пальца не стыкаюцца, між імі паветра. Гэты, маладжавы, трымае за хахол мокры ў ражку мех, у якім вішчыць-тузаецца парася. «Глядзі, — смяецца маленькая, худая, загарэлая жанчына, прыкрываючы далонню шчарбаты рот, — каб ён у аўтобусе не...» — і так глянула на ўсіх, акурат прыдумала нешта неймаверна дасціпнае.

Самавіты мужчына, у чорным касцюме, пад гальштукам — чырвоным, як і туфлі на нагах, — трымаючы за руку хлопчыка гадоў сямі, спыніўся проці людзей. Маленькая жанчынка, мабыць, няўседлівая, дападкая па натуры, тут жа сказала, звяртаючыся да хлопчыка: «Во хай і табе папка купя парасёначка... Карміць тады будзеш, а то во есці хоча, бачыш, плача...» — паказала на мокрую пляму ў ражку меха. «Дык дзе ж яго, бабка, трымаць? — усміхнуўся дабрадушна мужчына.— Хіба што на балконе».

Размова, якая цікава завязвалася, нечакана абарвалася, бы нітка, якую рэзка тузанулі, — з цьмянага меднага рупара аб’явілі: «На стаянку пададзены аўтобус Рэпкавічы — Малінаўка!» Жанчыны замітусіліся, як спуджаныя мухі, пачалі хапаць на плечы свае вісклівыя клункі, а мужчыны, дзіўна, не зварухнуліся, спакойна курылі, прыпяўшыся спінамі да сцяны аўтастанцыі.

Канец спектакля.

І калі да ўсіх гэтых зрокавых эцюдаў і гукаў дабавіць яшчэ стары парк са згубленаю ў ім цэркаўкаю, на якой тады-сяды квола, журботна дзілінькалі два званы, то акурат вымалююцца Рэпкавічы — раённы гарадок, дзе мне давялося жыць тыя першыя гады сталай працы.