Выбрать главу

— Я, я! — выгукнуў чалавек, акурат баючыся, што праміну яго; кіўком галавы запрасіў мяне ў палату; паказаў падбародкам, каб садзіўся на ложак, а сам сеў на крэсла і адно тады выставіў мне абрубак правай рукі, схаваны ў шырокім рукаве халата, і я здагадаўся яго паціснуць, адчуў пальцамі тонкую, бы кій, халодную косць.

Пятро Максімавіч увесь час усміхаўся, а можа, ён проста быў усмешлівы ад бляску скуры на шчоках, ілбе, маладых пранізліва-сініх вочак. Іменна «вочак», хоць і не кладзецца гэта дэталь у партрэт мужчыны, скалечанага вайною салдата, але ж і праўда: вочы ў Пятра Максімавіча зусім маленькія і сіненькія-сіненькія, быццам дзве зорачкі свежых, расяных з начы незабудак.

Я выняў з «дыпламата» пакунак і паклаў на засланую белай сурвэткаю тумбачку.

— Дзякуй! — Пятро Максімавіч дакрануўся да пакунка абрубкам рукі — пусты астатак рукава лёг на тумбачку.

Палата была прасторная, у ёй стаялі два ложкі. Кароткія белыя фіранкі на вокнах давалі сонцу волю, і яно гуляла з вадою ў графіне, з нікеляванымі шарыкамі на білах ложкаў, матавым плафонам, што аж іскрыўся, чыста вымыты, пад столлю, нарэшце з дзвярною пластыкаваю ручкаю ў форме экзатычнай кветкі.

У палаце мы былі адны, і гэта спрыяла нашай гаворцы, ва ўсякім выпадку ёй ніхто не замінаў. Тое, што Пятро Максімавіч паводзіўся вольна, спакойна, хутка зняло з мяне здранцвеласць. Я першы адкрыў яму сваю душу. Але так і не зразумеў, ці то яму і праўда было цікава ведаць пра мяне, кватаранта, супрацоўніка рэдакцыі, ці яго ўніклівасць падпадала пад звычайную логіку — ахвотна размаўляць з тым, каго аніяк не хочацца крыўдзіць і адзінаю ўдзячнасцю да якога пакуль можа стаць прыязнасць да яго.

Паспрабую перадаць словамі тое, што пачуў ад Пятра Максімавіча.

* * *

...Трава паўз дарогу была запыленая і выядала вочы сухою шэрасцю, на якой там-сям бялеліся акуратныя гурбачкі пяску. Сіне свяціла сонца, і над свежымі, адно белаватымі па краях варонкамі дрыжала паветра. Як макароніны, тырчалі з зямлі аголеныя карані. Каля чорнай, з жоўтым лісцем на вярхушцы бярозы ляжала дагары пакарабачаная кабіна паўтаратонкі з пустымі фарамі.

Гэта была дарога вайны, па якой нашы войскі пагналі назад, на захад, фашысцкіх недабіткаў і па якой ішоў цяпер адзінокі салдат з лёгкім рэчмяшком за плячыма.

Салдата звалі Пятро. Пот сцякаў па яго скронях і пакідаў на скуры на шчоках дзве цёмныя няроўныя нітачкі, якія злучаліся ў адну каля самага падбародка. Вочы, у трэшчынках маршчын, хавалі ў сваім пранізлівым блакіце тугу і боль.

Дарога была пустэльная, адно праляцела нязграбна, неяк бокам, брудная бясхвостая сарока. Калі далячынь стамляла вочы, салдат абыякава глядзеў на збітыя мысы сваіх ботаў.

Схамянуўшыся, ён убачыў сябе сярод чэзлых, невысокіх, шэрых алешын і зразу адчуў тварам свежасць, ад якой па нагах мляўка разлілася слабасць.

Пятро спыніўся, параўняўшыся са сцежкаю, што роўна адбягала ў кусты. На лбе востра прасекліся глыбокія складкі. Пятро аблізнуў запечаныя губы, збочыў на сцежку. Вочы ўважліва счытвалі з няроўнасцей мяккага чарназёму даўнішнія сляды, утаптаную сухую траву і круглыя глыбокія адбіткі конскіх капытоў, там-сям зацягнутых белаю, бы марля, павуцінаю, разлезлыя недакуркі...

«Эх, закурыць бы зараз!..» — уздыхнуў Пятро і з жалем падумаў пра пачак махоркі, які ўсунуў яму ў рэчмяшок — на развітанне — сусед па шпітальным ложку, жвавы чарнавокі грузін Зурык.

Пятро паскорыў крок, адганяючы ад сябе назойлівую думку пра курэнне. Жывым глыбокім шклом бліснуў спераду лапік вады ў абтаптанай з усіх бакоў спадзінцы. Пятро бег да яе, прагна каўтаючы вязкую сліну і моршчачыся.

На сагнутым, як лук, ствале вінтоўкі вісела саржавелая бляшанка з адагнутым верхам, і салдат на нейкі момант зачапіўся за яе непрытомным позіркам. Ён апусціўся перад крыніцаю на калені і, не здымаючы рэчмяшка, цяжка ўпаў на грудзі. Піў, схаваўшы твар у вадзе. З гімнасцёркі адвіслі медалі і пазвоньвалі ў такт глыткам. Прыпадняў галаву, каб аддыхацца, і з падбародка спачатку цурчэла, а потым капала ў крыніцу вада. Вільготна было каленям і грудзям. Салдат бачыў на дне чыстыя махры карэньчыкаў і мяккі пульсачык у рудаватым спакойным глеі. Зноў пахіліў галаву ўніз, стараючыся кранацца вады аднымі губамі, — напіналіся на шыі жылы. Зняможана адкінуўся на бок, падцягваючы да жывата калені. Выгнуўся і стаў на ногі, яго хіснула, у вачах паплылі зялёныя кругі. Ён зрабіў некалькі няўпэўненых крокаў і сеў на траву, нечакана мяккую, як вата, тут, у забалаці.