Выбрать главу

Яснеў позірк і выплывалі, выразна праяўляючыся, абрысы вольхі, сіратліва згубленай сярод іх бярозкі, густога купчастага ядлоўцу, порсткай зялёнай асакі.

Блізка ад сябе Пятро ўбачыў жоўтую чыстую кветку лотаці. Кашлатае лісце глянцава льснілася. Пяшчота зварухнула Пятрову душу, і яму стала цёпла, як ад сонца, усяму — галаве, грудзям, спіне, нагам... Ён падышоў да кветкі, доўга ўглядаўся ў яе, у кожны пялёстак, сіняватыя рысачкі на ім, у кожную цнатліва стоеную з тупым кончыкам тычынку. Потым прысеў, чуючы біццё сэрца, і дакрануўся тварам да лотаці — халаднаватыя пялёсткі мякка пагладзілі яго, як ласкавая рука. Пятро доўга нёс на агрубелай скуры гэты лёгкі, як пух, дотык. І тады, калі зноў ішоў дарогаю і яму нясцерпна хацелася курыць.

Вячэрні змрок узрадаваў салдата далёкімі рэдкімі агеньчыкамі. «Нарэшце!..» — выдыхнуў ён, думаючы, што агеньчыкі — гэта і ёсць той райцэнтр, дзе спыняюцца паязды. Хацелася пабегчы, ды хутчэй, чым ішоў, не ішлося: ногі валакліся, як чужыя.

Дарога вывела чамусьці на ўскраіну горада, на аблогу. Пятро спярша пачуў цёплы смярдзючы пах шпал, потым наткнуўся на рэйкі, папраставаў збоч іх, мяркуючы выйсці зразу да станцыі. У падэшвы няроўна ўпіраўся і хрупаў пад імі, як сухія ракавінкі, каменны друз.

Будынак станцыі, пляскаты, даўгі, прыпадаў да зямлі, як паранены ў ногі звер. Па пероне хадзіў чалавек з мятлою і падбіраў у тачку для перавозу багажу кавалкі цэглы. Каля ўвахода вісеў ліхтар і слаба асвятляў разбіты круглы гадзіннік.

У пачакальні было каля дзесятка людзей. На клунках сядзелі дзеці. Адно акенца касы свяцілася, ды каля яго нікога не было, і Пятро зразумеў, што сесці на цягнік тут мала надзеі. Але ўсё-ткі падумаў, што не лішне будзе спытаць у касіркі (ужо змеціў: пажылая сівагаловая жанчына), як дабрацца яму да Масквы. Касірка, не падымаючы галавы ад журнала, у якім поркалася кароткім хімічным алоўкам, адказала абыякавым голасам:

— Калі і будзе ваш поезд, дык толькі праз тры дні.

Пятро, хоць і наладзіўся на такі адказ, уздрыгнуў і ўнурыўся ў акно — знадворку яго шчытна засланіла цемра.

— Вы, салдат, мабыць, са шпіталя? — зноў пачуў Пятро голас касіркі.

— Так точна! — ён надзіва жвава павярнуўся.

— Ёсць распараджэнне такіх, як вы, накіроўваць у райком камсамола: вуліца Інтэрнацыянальная, 29.

Адно аддаліўшыся ад станцыі, Пятро спахапіўся, што не распытаў, як знайсці Інтэрнацыянальную вуліцу, і што не закурыў там, у пачакальні. Пайшоў наўздагад, спадзеючыся каго-небудзь тутэйшага сустрэць. Стары згорблены чалавек у чорным да калень пінжаку прашмыгнуў міма, не адказаўшы на прывітанне. Не ведала адраса і жанчына, якая несла ад калодзежа ваду і сама спынілася перад салдатам, сказала:

— Повезет вам — с полными вёдрами!..

Перасекшы яшчэ дзве вуліцы, Пятро натрапіў на маладую пару, што, гарэзуючы, наравіла даўжэй пабыць у густой цемры пад клёнам.

— Праскочыў, таварыш франтавік, — ахрыплым голасам сказаў хлопец, не зводзячы вачэй з Пятра і тулячы да сябе дзяўчыну. — Гані квартал назад і каля разбуранага дома зварочвай направа — і прама. Насупраць таполевага парку — райком.

Будынак райкома Пятро ўбачыў раней, чымся парк: свяціліся тры акны на першым паверсе, і з расчыненых напята дзвярэй коса падала на тратуар святло. Воддаль — напроці — бязважкаю глыбаю чарнела сцяна таполяў, засланяючы ўсеянае скупымі зоркамі неба.

Ён зайшоў у кабінет, піхнуўшы ад сябе дзверы, і здзівіўся, убачыўшы за сталом дзяўчыну. Ёй было гадоў дваццаць пяць, а можа, меней: шырокі твар, вузкі высокі лоб, хвалістыя густыя валасы, якія, хоць і кароткія, нізка цямнеліся на скронях.

Пятро павітаўся, пачуўшы ў адказ густаватае рускае «здравствуйте».

— Мяне паслалі да вас з чыгуначнай станцыі.

Дзяўчына пільна паглядзела на яго, і ён убачыў чырванаватыя бялкі яе дзіўных зялёна-сініх вачэй.

— Сядайце, калі ласка, расказвайце.

— Я вяртаюся са шпіталя... дамоў, ды няма во поезда... Ад правадніка я адмовіўся...

— Зразумела. Патрэбен начлег і харч... Двое-трое сутак? — Дзяўчына, не адрываючы вачэй ад яго, Пятра, нахілілася да сейфа, адчыніла маленькія квадратныя дзверцы з Т-падобнаю ручкаю і выняла стосік паперак, сціснутых насярэдзіне гумкаю. Пятро разгублена кіўнуў галавою і сеў на крэсла, абцягнутае выцертай да нітак матэрыяй. На сцяне віселі партрэты Леніна і Сталіна, палітычная карта свету і схема чыгуначных шляхоў; на падаконніку стаяў вазон альясу з адстрыжанымі цвёрдымі лістамі, утыканымі жоўтымі калючкамі.