— Вось вазьміце дакумент на харч, а з начлегам... хвілінку. — Яна зняла трубку тэлефона, набрала нумар.
— Сцяпанаўна? Гэта Дамарадава. Прыбыў чарговы, — мякка ўсміхнулася, — гаротнічак... Як бы яго там утачыць куды-небудзь. Нават калідоры, кажаш, забіты? Ага, колькі той гасцініцы... Правае крыло яшчэ не адрамантавалі?
Пятро сядзеў нерухома, як мёртвы.
— Так-с!.. — Дзяўчына паклала трубку, забарабаніла па стале пальцамі, гледзячы ў цёмнае акно. Павекі, нават прыплюшчаныя, не хавалі чырванаватых бялкоў. Пятро сцепануў плячыма, адчуўшы тугія лямкі рэчмяшка, — тонка дзынкнулі медалі.
— Вы не хвалюйцеся, — сказаў Пятро нясмела, — я пераначую на станцыі... Там свабодна, людзей нямнога. І ведаю, як знайсці.
— Вы, мабыць, даўно не елі? — спытала дзяўчына, бачачы ў цёмнай шыбе Пятроў адбітак. Пятро чамусьці густа пачырванеў, ды ў шыбу гэтага не было відаць.
— Са шпіталя я выбраўся ўчора... Мне далі паёк, ён у рэчмяшку, але... Дарогаю піў ваду, праўда...
Дзяўчына рэзка павярнула да яго твар, і ў яе расшыраных зялёна-сініх вачах ён убачыў спачуванне. Сцяўся, аж здалося: ножкі крэсла ўплішчыліся ў падлогу.
— Ужо другія суткі толькі вадою і жывіцеся, выходзіць? — сказала як не шэптам, ад якога ў Пятра пацяплелі вочы. — Вам трэба папраўляцца, а не худзець... пасля ранення, — працягвала ціха дзяўчына, перавёўшы позірк з шыбы на яго, Пятра.
— Я прывык ужо галадаць, — сказаў ён, злуючы на сябе, што ў голасе здрадліва прарываецца чуллівасць.
— Цяпер вы на маёй адказнасці, і я павінна думаць, куды вас уладзіць, каб вам было добра і зручна. — У голасе дзяўчыны паявілася цвёрдасць. Пятро адчуў яе, і яна яго закранула.
— Я не прывык на фронце да пяшчот, — сказаў ён, нервова сціснуўшы зубы.
— Калі ласка, не хвалюйцеся, — голас у дзяўчыны зноў памякчэў, — я разумею вас... разумею, што вы шмат перажылі. Вам цяжка...
Пятро ўздыхнуў і апусціў галаву.
Дзяўчына ўстала з-за стала. Яна была высокая, з крутымі плячыма. Скрыжавала рукі, і на грудзях напялася бэжавая кофта з прышпіленым да кішэні камсамольскім значком.
— У гасцініцы месц няма. Сталовая ўжо зачынена...— Дзяўчына стаяла тварам да Пятра і ледзь пахітвалася ў бакі, відаць, несвядома, ад задуменнасці. — Ёсць адно выйсце... — У голасе чулася няўпэўненасць.— І вам нічога не застаецца рабіць, як згадзіцца з маёй прапановаю. А заўтра будзе відаць...
— Што вы збіраецеся мне прапанаваць? — спытаў Пятро так, быццам яго змушалі на непрыстойны ўчынак.
— Вы пераначуеце ў маёй гаспадыні, — сказала яна адрывіста і цвёрда. — Месца знойдзецца. Наперадзе ноч, і вам няма, фактычна, куды ісці. Вы даўно без яды...
Пятро падхапіўся, бунтуючы ўсёй сваёю постаццю, ды яна асадзіла яго мяккім упартым позіркам, і ён зняможана гупнуўся на крэсла. Зноў, ужо каторы раз за дзень, падумаў пра пачак махоркі ў рэчмяшку.
— Я зараз, — яна рашуча ступіла да тэлефона, і яму было чуваць, як журчыць нумарная катушка. — Валечка! Галя турбуе цябе. Змяні мяне, калі ласка, раней... ага, трэба. Цяпер-цяпер. Ну чакаю!
...Яны ішлі ў цемнаце наводдалі. Пятро глядзеў увесь час перад сабою, акурат нешта замінала павярнуць галаву ў левы бок, з якога падладжвалася пад яго шырокія крокі Галя. Яны адчувалі сябе няёмка абое, ды скупая размова, што няўмела вязалася між імі, паслабляла гэтую няёмкасць.
— Дык вам у Беларусь... З Беларусі, значыць?
— Ага, з Беларусі!.. — узрадавана адказаў Пятро.
— А я з Тамбова, інстытут канчала там, потым настаўнічала ў вясковай школе. Цяпер вось тут...
— Ад самай вайны? — спытаў ён, упершыню з цікавасцю, і Галя адчула на душы незразумелы трывожны халадок, які прабег пужліва, як цень ад сонца, што хаваецца за рэдкім воблакам.
— З сорак трэцяга... А вы — на вайне? — І спахапілася, што, мабыць, недарэчна спытала. Змоўкла.
— З пачатку... Ды толькі год паваяваў... — глухім голасам сказаў салдат і задумаўся.
Да самай хаты ніхто з іх не асмеліўся парушыць маўчанне, бо кожны адчуваў у ім тую шматзначнасць, разгадванне якой дае ўяўленню самы шырокі прастор і смеласць. Хата была невялікая, драўляная, з чорным толевым дахам, стаяла ў густым вішанніку, як замаскіраваная, і нечым напомніла Пятру панылую восеньскую сцірту саломы. Ветрык цяпла і нейкага салодкага, трапятлівага хвалявання раптам прасачыўся яму ў душу — успомнілася вёска, бацька, маці, браты і сястра... Ён развітаўся з імі ў 41-м, пайшоў на вайну... Так дружна жылі, працавалі. Асабліва Пятро любіў жніво, яму падабалася ўкладваць на воз снапы, вазіць іх у гумно і потым куляцца ў залацістых пругкіх хвалях саломы — зашыешся з галавою, вылезеш, валасы ўсе ў асцюках і за каўняром колюцца. Але вочы гараць радасцю, і ва ўсім целе такая прыткасць, што, здаецца, заскочыў бы на неба...