Выбрать главу

Усё забрала, адкінула, счарніла выбухамі, пажарамі праклятая вайна!..

Гаспадыня, пажылога веку, сухарлявая, спакойна зіркнула на іх і шумна сербанула нешта гарачае з шэрай конаўкі, якую ашчапервала дзвюма рукамі, быццам апроч шыі, абматанай белаю хусткаю, ёй трэба грэць было яшчэ і далоні.

— Вось тут ляжаш, — паказала Галя на нізкую кушэтку зразу, як толькі ступілі на чыстую палавіну хаты. — А мы... — кіўнула на выцвілую шырму, што звісала да самае падлогі і засланяла, мабыць, спальню. — Сядай на табурэт. Давай рэчмяшок, пілотку, павешу... — Яна падышла да Пятра зусім блізка. Ён вылузнуў плечы з лямак, і яна ўзяла рэчмяшок, зняла з галавы пілотку — на лбе засталася чырвоная глыбокая палоска. — Пачакай хвілінку, я згатую вячэру. Во свежая «Правда», — яна разгарнула на стале, каля якога ён сядзеў, газету і пайшла на кухню.

Пятро чуў, як яна прыглушана перамаўлялася з гаспадыняю. Потым заказытаў у носе пах газы і куродыму, і па целе прабеглі нервовыя дрыжыкі, ды сцягнулася на твары скура.

— Калі ласка, на вячэру! — паклікала яго Галя, і голас яе быў нечаканы, як стрэл, і ён глядзеў з хвіліну няўцямліва і адлучана. Гаспадыня, што пратупала ў спальню, здалася ценем за мутным шклом.

Пятро падняўся і пайшоў следам за Галяю на кухню. Ад водару тушанай у гарнушку бульбы і салёных гуркоў у яго закружылася галава, ён кінуў кароткі позірк на стол і паспеў убачыць на патэльні акуратныя жоўтыя кружкі яечні-цалкавухі. Стаяў, чакаючы ад Галі слоў.

— Ну што, будзем вячэраць, Пятро, — сказала яна проста, з тою непасрэднасцю, з якою дзіця размаўляе з лялькаю.

Пятро не скрануўся з месца, адно вінавата плюскаў вачыма.

— Во тут сядай, — Галя паляпала далонню па табурэтцы, што стаяла побач з ёю.

Пятро сеў, і яны разгублена глянулі адно аднаму ў вочы. У Пятра не было рук...

Пакінем Пятра сам-насам з яго думкамі, у няпэўнасці, а можа, нават у адчаі, і павядзём далей расказ ад імя Галі.

 

...Яна ляжала за шырмаю, недалёка ад Пятра і чула, як ён дыхаў, няроўна, трывожна: то заціхаючы зусім, і тады яе працінала недарэчная думка: «Можа, памёр?», то з шумам выпускаючы з сябе паветра, і тады яна шкадавала Пятра, што ён перажывае і яму ўсё яшчэ баляць раны. Хоць Пятро і не скардзіўся ні на што, яна сама ведала па іншых параненых, якіх сустракала раней і некаторыя з якіх проста стагналі ад болю і прасілі ці спірту, ці морфію, ці якога іншага паратунку; Пятро адно скрыпнуў зубамі, калі яна, кормячы яго, незнарок тыцнулася локцем яму ў руку. «Ён мужны, гэты маладзенькі блакітнавокі салдацік», — падумала яна.

Калістратаўна, гаспадыня, ужо даўно з прыхліпам пасапвала побач на ложку, а яна, Галя, не магла заснуць. Стомленая, напаўгалодная, знерваваная, з запалёнымі ад хранічнага недасыпання вачыма, яна ляжала ўзбуджаная і чуйная да цвёрдае, застылае ў сваёй нерухомасці цішыні. Некалі маці гаварыла ёй, што сну памагае шклянка цёплага малака. Але дзе яе цяпер возьмеш? Можа, яго заменіць проста белы колер — белыя калматыя воблакі, лебедзі ці нават сланы... І яна пачала ўяўляць перад сабою іх, але ўжо праз імгненне думкі яе зварочваліся да салдата, і белыя воблакі спярша станавіліся блакітнымі, а затым на іх месцы ўсплывалі Пятровы вочы... Ці ёсць у яго хто-небудзь з родных і блізкіх? Мусіць, недзе ў беларускай вёсачцы, на Магілёўшчыне ці Віцебшчыне, жыве маці, гаруе і думае пра сына. Бацька, пэўна, ваюе, на фронце або ў партызанах. Браты і сёстры таксама не сядзяць: на вайне не адседзішся.

Бяссонніца і ўзбуджанасць хвалявалі фантазію больш і больш, і яна малявала самыя мройныя, самыя неверагодныя сцэны, чужых людзей з надзіва знаёмымі тварамі, і Галя зняцяйкі аж сцялася. Смешная, канечне, яна, бы дзяўчына тая, што кахае хлопца і потайкі, да плачу раўнуе яго. Ну і што, калі Пятро жанаты, мае жонку? Гэта ж добра, што яму ёсць да каго прытуліцца, ёсць з кім прыгалубіцца, душу адагрэць. Яму так патрэбна цяпер ласка, увага, клопат...

Сатрасаючы хату, стагналі ў небе самалёты — ляцелі, цяжкія, бы шэршні, на захад, — за шпалераю выпадала са шпароў тынкоўка і шархацела, а можа, зноў усхадзіліся мышы, якім заўчора яна паклала атруты, і яны былі сціхлі. У спальні акна не было: што там на дварэ? Дождж, што пачаў крапаць звечара, мабыць, ушчук, бо за сцяною глухая, сцярожкая цішыня.

Ужо спіць, здаецца, Пятро: змогся, бедны. Галя ўстала і, асцярожна ступаючы, прашмыгнула на кухню— піць ваду. Не асмелілася глянуць на кушэтку, дзе спаў салдат, але чула: ён не варушыцца.

Ад вады пасвяжэла ў галаве, і думкі цяпер былі ясныя і ўкладваліся адна за адною цвёрда, бы каменьчыкі ў асфальт, па якім яна бегае штодня ў райком. Схлынуў вярэдлівы, напаўсонна-тугі тлум. Галя не помніць, што перш убілася ёй у галаву: ці то рашучасць распытаць у Пятра аб ім, уверыцца, што ён нежанаты, ці думка, да неверагоднасці смелая: пакінуць Пятра ў сябе і падлячыць яго, даць акрэпнуць яму.