Гэтак жа цяжка было праясніць пачуццё, што ахапіла яе крыху спагадзя: няйнакш, сорам межаваўся з нейкаю глыбокаю радасцю, што зарадзілася яшчэ дарогаю, калі ішлі з Пятром моўчкі. Яе злякнула адчуванне, якому яна не мела жадання што-небудзь проціпаставіць, быццам наперадзе яе чакае калі не круты пералом, то абавязкова нешта важнае. Адчуванне было мімалётнае, кволае, яно хутка растала, а цяпер во зноў вярнулася з ледзяным хрусткім звонам, завалодала ёю з большаю сілаю, і з яго палону нельга было выбавіцца нават у сне. Астатак ночы прамінуў у блытаніне кашмараў і яўнасці, яна прахоплівалася праз кожныя паўгадзіны, мацала на будзільніку стрэлкі — ці спазнілася на працу.
...Ён сядзеў у паўзмроку за сталом, схіліўшыся над учарашняю «Правдой», і яна, адхінуўшы рукою шырму, перш усміхнулася яму з сарамлівай стрыманасцю.
— Добрай раніцы!
Ён падняў галаву не зразу, мусіць, думаючы, што яна ў начным адзенні; і толькі адчуўшы, што яна не імкне размінуцца, павітаўся ў адказ.
— Як ты спаў? — спытала.
— Ведаеце, вельмі добра.
Пятро і праўда быў свяжэйшы, чымся ўчора, і гэта яна ўбачыла з першага позірку.
Яна ўскіпяціла на прымусе чаю, і калі яны пілі яго, не адчувалі між сабою нацятасці і скаванасці, акурат былі ўжо даўно знаёмыя, прывыклі адно да аднаго і змірыліся з сваёю доляю. Яна студзіла чай, падносіла кубак да Пятровых губ, і ён шумна сёрбаў, стараючыся ямчэй прыладзіцца да кубка; у яго, бачыла, востры падбародак у мяккім, маладым пушку, тонкія цвёрдыя губы, ад куточкаў якіх пралеглі ўверх упартыя разоркі.
Чай хутка размарыў, расслабіў галаву, не хацелася ні аб чым думаць, хаця — востра пульсавала ў скроні — ведала: трэба пагаварыць з Пятром, нават ужо таму, каб ён не адчуваў сябе тут занядбаным і чужым. Пятро, наўпярок, яшчэ болей узбадзёрыўся ад чаю і, здаецца, быў ахвочы да слоў. З яго вачэй знікла ранейшая ліхаманкавая пранізлівасць, і цяпер у іх плаваў лёгкі нейкі прытуплены спакой. Галя бачыла гэта, і ёй не трэба было намагацца, ламаць галаву, як падступіцца да Пятра, і яна проста, без усякай замінкі спытала:
— З сям’і хто ў цябе?
Ён таксама адказаў зразу, не задумваючыся, быццам даўно чакаў ад яе такога пытання:
— Бацька, маці, сястра і два браты. Павінны быць...
У нейкае імгненне Галя ўлавіла, што ў Пятра звузіліся вочы і зморшчыўся лоб. Яна глядзела на Пятра са спачуваннем, а ён гэтым часам думаў пра жахлівае: «Што будзе, калі з родных ужо нікога няма?..» Калі іх позіркі сустрэліся, Галю не так здзівілі, як уразілі Пятровы вочы, яны сталі аддалена-чужыя, як бы перасаджаныя з другога чалавека. Яна пагладзіла яго па шчацэ, ён зварухнуўся, тузануў абрубкам правай рукі: можа, пярэчыў, а можа, хацеў прыціснуць яе далонь да шчакі і патрымаць, але спахапіўся, што не зможа, няма чым, і адно прыкусіў зубамі ніжнюю губу. Сэрца яе разрываў жаль, і ёй самой не верылася, што яна трывае, не плача. А потым, калі Пятро стаў расказваць, з яе вачэй усё-такі выкаціліся слязіны. Ён ляжаў з вінтоўкаю ў руках за грудаю цэглы ў напаўразбураным доме, калі разарваўся снарад. Шматпудовая бетонная глыба, востра адкалоўшыся ад пярочнае апоры-бэлькі, лёгка, бы гільяцінаю, адсекла яму абедзве рукі вышэй запясця. Яны так і засталіся ляжаць: адна пад ложаю вінтоўкі, другая з пальцам на спускавым кручку...
Выцершы слёзы і прычасаўшыся перад люстэркам, якое адшукала ўчора на дне чамадана, яна пабегла ў райком. Ёй там не цярпелася, і яна зноў папрасіла Валю, сяброўку, каб тая змяніла яе раней.
Пятро сядзеў у двары на калодцы і нешта чарціў на зямлі змыленым абцасам бота. Убачыўшы яе, ён абрадаваўся і ўстаў. Выйшла з сенцаў Калістратаўна, бліснула на іх вачыма.
Пакуль не было яе, Галі, Пятро, мабыць, перажываў, што замінае чужым людзям, што звязаў ім рукі: глядзі яго, кармі, дагаджай, і цяпер, калі ўбачыў яе, яму — было знаць — адлягло ад сэрца, і пэўна ж, ён думае, што, каб мог, нацягаў бы з калодзежа вады, падладзіў бы частакол, які пазелянеў і пахіліўся, прыбіў бы на дзверы ў сенцах дошку, тады, глядзі, і гаспадыня не так касілася б на сваю кватаранку, якая мала што сама жыве, дык яшчэ некага прывалакла.
— Галя, скруці мне цыгарку, — папрасіў ён зразу. Вочы ў яго былі нейкія вялыя і, здаецца, пацямнелі...
Яна выняла з сумкі газету, адарвала ражок, але няроўна, паўкругам. Кінула яго на зямлю, ён спланіраваў, бы матылёк. Палажыла газету на калодку, узяла трэску, прыціснула яе да газеты і адарвала роўненькую картачку. Пятро з цікавасцю наглядаў за ёю. Пачак з махоркаю ляжаў у Пятра ў кішэні гімнасцёркі. З нейкім незразумелым страхам, бы крала, яна дастала яго адтуль. Выгнула картачку жалабком і толькі сыпнула махоркі, як ён пстрыкнуў з пальцаў, і махорка высыпалася на зямлю. У шчокі Галі ўдарыла чырвань.