Выбрать главу

Яна пераціснула картачку пасярэдзіне, зрабіла канцік і ўжо спакойна насыпала з пачка махоркі. Пальцы ў яе па-жаночы ўвішныя і спрытныя, але круцяць цыгарку няўмела: адзін канец атрымліваецца тонкі, а другі тоўсты. Рог, дый толькі! Так-сяк яна саслініла яму самакрутку. Ён падзякаваў, узяў губамі і з такою прагаю зацягнуўся, што затрашчалі, згараючы, махорынкі.

Калі яны ішлі побачкі ў хату, свяціла сонца, і цені ад іх накладваліся адзін на адзін.

Яна з лыжкі карміла Пятра тоўчанаю бульбаю ўжо спакайней, смялей, чымся ўчора ўвечары, і ў галаве ў яе зноў пачалі карагодзіць тыя думкі, што і ўночы, яны як бы выстройваліся ў шчытны рад і першая была, бадай, самая цвёрдая і пэўная: Пятра нельга адпускаць, ён малады, але бяспомачны, яму трэба жыць, ладзіць сям’ю, а ён будзе абмінаць дзяўчат, ведаючы, што бязрукі, нікому не патрэбны. Чым больш яна разжальвалася, тым ясней адчувала, што ў яе не толькі шкадаванне да Пятра; яна баялася прызнацца, але ёй увесь час здавалася, быццам сам бог паслаў ёй гэтага скалечанага блакітнавокага хлопца; яна мела мужную натуру, яна разумела (і бачыла), што прырода паскупілася ёй красы, агрубіла ёй твар, голас. Тое, што ў ёй жыла цнатлівая, пяшчотная жаночая душа, хлопцаў, канечне, не вабіла, яны абміналі яе, і за ўсё жыццё ёй ніхто не прызначаў спаткання.

Было крыўдна і балюча. Але вайна заглушыла гэтую крыўду і гэты боль, і вось цяпер яны ўскалыхнуліся з новаю ярасцю. Разумела яна: вайна бязлітасна прарэдзіла мужчын, старых і маладых, яе равеснікаў, і яна ўжо змірылася, што застанецца адзіночкаю, будзе аддаваць сябе рабоце. Толькі брала сумненне, не адступалася, мучыла, ці можа жанчына жыць адною работаю, няхай сабе і любімаю да зацятасці? Нейкае нутраное, як у лісы, чуццё падказвала ёй: не, не можа; шчасце, сапраўднае, поўнае, салодкае, жанчына без сям’і, дзяцей, як бы ні старалася, не знойдзе. Гэта не была халодная разважлівасць дзяўчыны, якая страціла ўсякую надзею выйсці замуж і якой напляваць на ўсё, абы дабіцца мэты. Проста яна дачакалася свайго: каханне заўсёды прыходзіць неспадзявана, яго нельга запланаваць ці заказаць, як страву ў рэстаране, і пасмакаваць загадзя.

Што пакахала, яна амаль ужо не сумнявалася, іначай якая б яшчэ сіла прымусіла яе ісці на вечную сувязь з чалавекам, ад якога не будзе ёй, жанчыне, аніякае апоры і палёгкі. І ён, Пятро, вельмі хутка да яе прыгарнуўся — бачыла яна, і гэта нараджала, а расхваляваная фантазія песціла ў ёй думку, што імкненне ў іх да згоды ўзаемнае. Вось толькі адно пакуль трывожыла і сумненнем клалася на душу: ці зможа? Ці зможа, ці хопіць сэрца і духу ўсё жыццё быць яму нянькаю, хадзіць каля яго, шанаваць, аберагаць, бы тое немаўля, ні разу не папракнуць? Адказаць цяпер яна не магла, але старалася ўявіць усё тое, што выпадзе ёй на долю, ляжа на яе жаночыя плечы, адганяла сорам і страх, калі думала пра самае патаемнае ў жыцці мужа і жонкі. Як ёсць непазбежнасць у птушыным лёце, так у цнатлівым кодэксе жаночых законаў, ведала, ёсць пункт, які рана ці позна павінен быць парушаны. Нягледзячы ні на што.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

...Яна доўга ляжала нерухома, набіраючыся смеласці, і ёй увесь час здавалася, што спіць і бачыць сон — з тых прыемных і салодка-трапяткіх, што часта прыходзілі да яе перад вайною, калі яна выспявала, круглела на дзяўчыну, і ў яе паглядах на хлопцаў звычайная блазенская гарэзлівасць змянілася сарамліваю і даўкаю ўзрушанасцю. Бо ўвесь гэты час, як яна думала, Пятро не ляжаў спакойна, гарачліва дыхаў ёй у шыю недзе каля вуха, цалаваў і шаптаў, шаптаў: «Ты стала маёй жонкаю... адзіная мая... ты самая добрая ў свеце...» О, пакута боская! Якая магія ў гэтых слоў, якая сіла: на цябе абвальваецца цёплы імглісты морак, разнявольвае ўсё цела, бы той гіпноз, якім некалі ў школе чараваў барадаты, з дзяркатымі, нейкімі пустымі ў глыбіні вачыма дзядзька, і здаецца, ты не можаш напружыцца ніводнаю мышцаю, процістаяць нават рагатаму чорту, які гатовы рынуцца на цябе і бязлітасна растаптаць.

Яна прамовіла: «Пеця...» — і не магла болей анічога сказаць, але нават у адным гэтым слове, у прыдыху, з якім яно вышапталася, Пятро адчуў і маленне, і загад, і прызыў, і, урэшце, рашучасць — усё разам цяжка было імгненна ўсвядоміць і, баючыся неасцярожным, няўмелым рухам пакрыўдзіць жонку, Пятро адкінуў у знямозе галаву на падушку.