У адну з паездак дахаты я абрысаваў бацьку сітуацыю, шматзначна, хаця і не без іроніі, назваўшы Свету «сяброўкаю жыцця»; ён даў мне адрас і асабістае пасланне сябру-палкоўніку. Потым, пазнаёміўшыся з палкоўнікам, бяздзетным мужчынам, я звёў з ім і Свету. А далей яна ўвіхалася ўжо сама, дзівячы мяне ўменнем ладзіць з людзьмі і ўсё болей выклікаючы да сябе недавер.
Я счакаў, пакуль параўнела дыханне, і пазваніў Свеце: у першамайскай паштоўцы яна пахвалілася, што «выбіла тэлефон». Я хваляваўся, і голас мой зноў задрыжаў, як у студэнта, які адказвае па шпаргалцы, а выкладчык яго хваліць.
— О, Колька!.. Прывітанне! Ты ў Мінску? — Мілы, пяшчотны галасок быў повен радасці, як спелая ягада соку, і мне міжволі стала прыемна ад гэтае радасці. — Хвіліначку... — Яна, мабыць, некуды схадзіла; потым зноў узяла трубку, здаецца, я чуў, як ад хвалявання стукае ў яе сэрца. — Ну, расказвай, як ты там, у сваіх Рэпкавічах... Не жаніўся яшчэ?
Што было рабіць: я паўтарыў амаль усё тое, што гаварыў Санюковічу, і гэтак жа сама чакаў запросін. Света — знаць было — адчувала гэты мой неспакой, але апраўдвала сябе, мусіць, тым, што непрыстойна ўсё ж ёй, адзінокай дзяўчыне, зазываць да сябе хлопца. Я набраўся смеласці, бо цярпенне ў мяне лопнула, а выйсця не было:
— Слухай, Светка, можа б, я пад’ехаў да цябе? — У маіх вушах звінела кроў. Света не чакала ад мяне такога нахабства, думаючы, што ў мяне адна мэта. Голас яе прыкметна пацішэў, яна сказала вінавата:
— Колечка, даражэнькі, толькі не сёння... Сёння не магу. Я падрыхтавала хну, буду фарбаваць валасы. Давай сустрэнемся заўтра, а?.. — Жаданне ўбачыць мяне, здаецца, было ў яе шчырым, але, адчуваў, яна хлусіць, што сабралася фарбаваць валасы. А чаму? Ну чаму мы не гаворым з чалавекам адкрыта, прама, шчыра, а мудруем-інтрыгуем, як быццам і з высакароднаю мэтаю не ўскладняць адносіны, але ўсё атрымліваецца наўпярок. І толькі ў злосці, у гневе мы пачынаем гаварыць праўду, але ўжо, на жаль, нядобразычліва і рэзка.
— Ну, добра, — сказаў я, — можа, заўтра пазваню... — А сам сабе падумаў: «Наўрад ці пазваню...»
— Толькі не крыўдуй, калі ласка, — Света ледзь не маліла. — Я радая, што ты... Я табе многім абавязана.
А я, прызнацца, і не крыўдаваў. Кажуць, гэта страшны чалавек, які не ўмее абурацца, злаваць на іншых, акрамя, канечне, сваякоў, між якімі адносіны ўсёдаравальныя і памяркоўныя. Няўжо страшны? Калі шчыра, дык у мяне няма такіх сяброў, якім бы я мог даверыць як сабе, безаглядна адкрыць усе свае тайны, не баючыся, што яны будуць пляткарыць.
Жарты жартамі, але шанцаў пераначаваць у каго-небудзь са знаёмых у мяне ўжо не было. Дый, урэшце, што я пястун які ці Мінска не ведаю? Я з сілаю піхнуў дзверцы будкі, яны лёгка адмахнуліся і стукнулі па сцяне дома. На прыпынку стаялі два тралейбусы. Я сеў у першы і паехаў у «Паляўнічы бар», мне падабаліся ў ім умлелыя ў грыль-апараце сялянскія каўбаскі з кіслаю капустаю; у бары прадавалі яшчэ піва, але яно ў дзяцінстве мне збрыдзела. Мы тады паехалі з маці ў горад, і нам дужа захацелася піць; мы знайшлі ў шкляны адпацелы ўсярэдзіне павільёнчык, а там толькі піва, і маці купіла цэлы куфаль. Піва было горкае, нясмачнае, але сасмяглы, я выпіў ледзь не ўвесь куфаль; пасля мне было дрэнна, я доўга кволіўся.
Раней у бары завіхалася худзенькая, шустрая, як сініца, жанчына з прыветлівым тварам і нямымі вачыма, а цяпер стаяў бармен. Я ледзь не павярнуў на выхад, убачыўшы яго: перапрашаю за крутасць, але мне заўсёды не па сабе, калі за афіцыянта бачу мужчыну, здаровага, выпешчанага. Не мужчынскі гэта занятак — хоць забі! Апетытны пах каўбасак, іх тлусты бляск за гарачым шклом грыль-апарата ўсё ж утрымалі мяне ў бары, і я стаў у чаргу.
На сцяне была распята вялізная сівая шкура ваўка з пафарбаванымі жоўтымі кіпцямі; вакол яе віселі вазончыкі дробных белых кветак, якія ў народзе называюць «бабскія плёткі». Прылавак быў мокры ад піва, і меню, якое я ўзяў у рукі, таксама было мокрае.
На выгляд бармен меў гадоў трыццаць, быў апрануты ў чорны касцюм, на белай кашулі крыкліва вылучаўся чырвоны гальштук; быццам шматкі з гэтага гальштука бармен прыклеіў сабе на вусны, яны былі поўныя, чырвоныя, як у жанчыны; і ўвогуле ў далікатным, бледным твары, мяккіх, плаўных руках было шмат жаночага.