— Каўбаскі і бутэльку мінеральнай вады.
— Усё?.. — спытаў бармен, быццам я папрасіў у яго нешта зусім-зусім не тое, дзеля чаго ідуць сюды людзі, а скажам, газету ці рыбалоўных кручкоў.
— Усё, — сказаў я і высыпаў у глыбокую жоўтую талерку дробязь. Бармен уважліва паглядзеў на мяне, і гэты ягоны позірк чамусьці прымусіў мяне сцяцца: ён быў нейкі прытарна-ліслівы і нахабна-працяглы.
Недалёка ад прылаўка быў вольны столік, і я сеў за яго. Мае любімыя каўбаскі з кіслаю капустаю не лезлі ў рот, хоць і былі сакаўныя, прыемна казыталі пярцоваю гаркавінкаю кончык языка: увесь час я адчуваў на сабе позірк бармена.
Ён што, ведае мяне, гэты бармен? Ці палічыў за рэвізора? А можа, я так яго ўразіў тым, што не ўзяў піва? Цяжкае, гнятлівае пачуццё, што пачынала ўсё мацней абрыньвацца на душу, будзіла ў галаве непрыемныя думкі, і яны скакалі ў бязладным, тлумным танцы.
Ачуўшыся, я зноў паехаў на вакзал. Ён сустрэў мяне агнямі, маленькімі і вялікімі, зялёнымі і чырвонымі, блакітнымі і жоўтымі, таямнічым моракам нізкага неба. У розных накірунках ішлі людзі. Раптам адна жанчына з мяккімі чорненькімі, бы пушок рагозу, вусікамі дакранулася да майго локця: «Давай, красавец, пагадаю... Усю праўдачку раскажу. У цябе непрыятнасці, але цябе чакае харошая радасць. Хочаш, красавец, раскажу...»
Нюх яны маюць, гэтыя гадалкі, ці што? Так і ловяць тых, у каго засмучаны твар, ці дзяўчат з разбітымі сэрцамі: ведаюць нябось, што ў горы чалавек больш даверлівы. Але ў мяне здаўна жыве непрыязнасць да ўсякіх гадалак. З тым земляком, што са Светаю пазнаёміў, было раз. Прыходзіць з кіно сумны, знерваваны... Расказвае: каля паштамта прыліплі гадалкі і не то выманілі, не то ўкралі «пяцьдзесятку» — усю павышаную стыпендыю. Думаў, чаравікі за яе купіць, бярог...
«Хочаш, я табе пагадаю?» — чапляецца цяпер і да мяне маладзіца. Я сцяў пашчэнкі, нахмурыў бровы, каб паказаць сваю строгасць ды непрыступнасць, і тая адкаснулася. Я завярнуў у хлебны магазін і купіў Галіне Андрэеўне дзве буханкі сітнага хлеба; папрасіў прадаўшчыцу загарнуць іх у паперу.
На вуліцы ў кіёску купіў «Вячэрні Мінск», каб, седзячы на вакзале, пачытаць. Падняўся на другі паверх у пачакальню, сеў у куце на лаву і прабег вачыма па газеце — загалоўках, аб’явах, тэлепраграме... Адчуванне, што пад павекамі цвёрдыя каменьчыкі — хіліла на сон: стаміўся, дзень на нагах. На мяне падазрона паглядваў дзяжурны міліцыянер. Ужо скрозь дрымоту пачуў мужчынскі голас: «Каму трэба ў напрамку Рэпкавіч?» Я скеміў імгненна, падбег да мужчыны.
— Адзін? — спытаў ён.
— Адзін.
Ідучы па прыступках уніз следам за мужчынам, я бачыў, што ў яго старанна адпрасавана калашынне і да бляску начышчаныя новыя, на высокім літым абцасе чорныя туфлі. Мы падышлі да сініх «Жыгулёў». Там сядзела жанчына, а можа, дзяўчына, бо строгае, цёмнае паліто з норкавым каўнерыкам-аблямоўкаю і фетравы капялюшык з кветкаю збоку прыбаўлялі ёй гадоў.
Мужчына ўсю дарогу жартаваў з маладою жанчынаю, шырока ўсміхаўся, бліскаючы прыгожымі белымі зубамі з залатою фіксаю ў ніжнім радзе, і па ўсім было відаць, што ў жыцці ягоным усё гладка, прыстойна, нішто не азмрочвае думак і сэрца, можа, каму і на зайздрасць, мяшчан хапае. Чамусьці стала шкада мужчыну, у якога, можа, уся і мэта ў жыцці — гэтыя «Жыгулі» ды маладая жанчына ў іх.
У Рэпкавічы прыехалі позна. На вуліцах гарэлі рэдкія сонныя ліхтары, пад якімі на тратуары цьмяна адсвечвала лісце. Па вокнах легкавушкі страката бліскала святло: я фізічна адчуваў, як то шырэюць, то вузеюць у маіх вачах зрэнкі; усмешка ў мужчыны проста сляпіла, і жанчына жмурылася.
На танцпляцоўцы ў парку грымела музыка, здаецца, заглушала ўвесь свет, як рык стальнога, бяздумнага дыназаўра. Я ўжо прымеціў: у каго няма музычнага слыху і густу, той кампенсуе іх моцным гукам; таксама і ў кнігах: дзе менш думак, душы чалавека, там больш надакучлівай апісальнасці, ілюстрацыйнасці.
Галіна Андрэеўна яшчэ не спала; сустрэла мяне каля парога; яна была ў новай зялёнай сукенцы з белым каўнерыкам. Я здымаў плашч, а яна стаяла каля мяне, як маці, і чакала. Пасля сталічнай мітусні мне зразу стала лёгка, быццам з рэальнасці я трапіў у сон, адзін з тых, што помняцца з маленства. Я зусім іншымі вачыма глядзеў на Галіну Андрэеўну, і той німб высокага, чыстага святла вакол яе ззяў яшчэ ярчэй і шырэй. Яна запрасіла мяне ў залу піць чай.
Стол быў вынесены насярэдзіну, засланы жоўтым абрусам, на фоне якога добра вылучаліся маленькія блакітныя, бы сон-трава, фарфоравыя кубачкі; на талерцы ляжалі тонкія лустачкі батона. З халадзільніка Галіна Андрэеўна прынесла каўбасу і масла.
Я расказваў; Галіна Андрэеўна моўчкі ўважліва слухала мяне, галава яе была схілена, і я добра бачыў твар, болей, чымся раней, адутлаваты, ацёклы, з зеленавата-жоўтымі пухлінамі пад вачыма, якія сведчылі калі не пра хваробу нырак, то пра тое, што яна блага спала; шырокія бровы, прыпаднятыя каля пераносіцы, прыдавалі выраз незразумелага мне смутку.