Выбрать главу

Не ведаю, ці па спецыфіцы журналісцкай работы, ці па якой іншай прычыне (можа, тут ёсць пэўная заканамернасць для ўсіх?), але ў Рэпкавічах я найперш уведаў начальства. Ну, рэдактар — само сабою. Павёў ён мяне, зразу ж па прыездзе, на гутарку ў райком партыі, да сакратара па ідэалогіі Алёсіна. «Добры дзень!» — «Добры дзень!» Алёсін паклікаў па тэлефоне загадчыка аддзела прапаганды: «Знаёмцеся, калі ласка...»

Камсамольцы загадзя ведалі, што ў рэдакцыю прыязджае новы супрацоўнік, які ўжо адным тым, што малады, міжвольна станавіўся мішэнню кадравых стрэл. Калі я браўся на ўлік, загадчык аргаддзела Васіль Арэхаў звадзіў мяне, лічы, у кожны кабінет. Аказалася, што мы з ім трохі знаёмыя: я ад’язджаў на канікулы, а ён, завочнік гістфака, засяляўся ў наш пакой.

Нават пра самага радавога чалавека не станеш пісаць, не параіўшыся з кіраўніком ці парторгам. Так я, прыйшоўшы ў пээмка з першым рэдакцыйным заданнем напісаць замалёўку пра цесляра, пазнаёміўся з начальнікам — самаўпэўненым, важным маладым чалавекам у скураной лётчыцкай куртцы. У яго быў дробненькі, худы тварык і надзіва гучны голас.

Чарга расла — старшыні калгасаў, дырэктары саўгасаў і, канечне, іх намеснікі, а перад усімі, мабыць, бліжэй стаялі работнікі райсельгасупраўлення.

Гэта, калі браць па логіцы, аб’ектыўна, але з людзьмі я не вельмі ўмею сыходзіцца і, магчыма, некага недзе прапусціў ці абмінуў наўмысна, але жыццё, як кажуць, усё паставіла на сваё месца, запоўніла ўсе прабелы, як вада запаўняе без разбору мелкія і глыбокія ямкі.

Людзі простыя, але нечым адметныя, з «лысінкаю», інвалід ці п’яніца, маладая прыгажуня ці элегантны фарсун, пачынаюць западаць у вока пазней, калі першая разгубленасць, скаванасць перад новым табе светам схлынуць і ты можаш спакойна, без насцярожлівага павароту галавы аглянуцца па баках.

Першы раз я ўбачыў яе ва універмагу, у секцыі мужчынскага адзення: глянуў на твар — і адшаснуўся так, як, бывае, ад сцяны, калі натыкаешся на яе ў цемнаце. Людзі — індывідуальнасці, але знешняе падабенства размывае іх. Твар гэты быў незвычайны, як і галава, вялікі, з буйнымі, няправільнымі рысамі і з тою насцярожанасцю ў вачах, якая бывае найчасцей у людзей, што пакутуюць ад нейкай сваёй непаўнацэннасці.

Жанчына выбірала мужчынскія штаны, але не з прасцячковаю аляпаватасцю, як гэта робяць зазвычай вясковыя цёткі; у рухах не было мітусні, а спаважнасць і нават прыдзірлівасць.

Універмаг пабудавалі нядаўна, і ў салонах яшчэ пахла фарбаю, ад яе лёгка кружылася галава. Я востра гэта адчуў тады, калі сутыкнуўся нос у нос з жанчынаю: знямеў збянтэжаны і, канечне, здзіўлены, а праз колькі хвілін ужо з болем засмучаўся, што ёсць на свеце і такія жанчыны, якіх проста нельга не пашкадаваць.

Потым я ўбачыў яе зноў. А можа, мне толькі здалося, можа, уражаны ва універмагу, сасніў жанчыну, а падумаў, што ўбачыў другі раз? Сон — штука загадкавая. Ён можа выцягнуць з цёмных закуткаў памяці такі аддалены і мімалётны штрых, што будзеш адно здзіўляцца яму і тлумачыць якім-небудзь містычным паходжаннем, хаця яго праекцыя на жыццёвую з’яву часам можа многае сказаць.

У снах, як і ў сустрэчах, ёсць свая логіка, схаваная, бы тайна, і спрасаваная шматслойна ў падсвядомасці, таму і непадуладная ні нашай волі, ні нашым жаданням.

* * *

Высокае сонца сыпала на зямлю чыстае, празрыстае, як фільтраванае ўсё роўна, святло; і жнівеньскае неба таксама было нейкае непарушна-чыстае, у роўнай густой сіні, якая, здаецца, зусім нізка над галавою: падымі руку і дастанеш.

— Ну, прыемнага апетыту! — памахаў я рукою «несямейнікам» — так у нас у рэдакцыі называюць тых, хто ходзіць абедаць у рэстаран.

— А табе ўдала правесці перагаворы наконт кватэры, — павярнуўся Пшонік, адказны сакратар, і я ўбачыў на яго твары пустую, бяскрыўдную, але непрыемную ўсмешку.

Рыпнулі пад маімі нагамі маснічыны рэдакцыйнага ганка. І ганак, і сам будынак, у якім месцілася рэдакцыя, былі драўляныя, старыя. Праўда, будынак з год назад ашалявалі і пафарбавалі ў светла-руды колер, а чарапічны дах замянілі бляхаю. З яе, калі ішоў дождж, лёгенька сцякала вада і палівала клумбы. У дождж, стоячы каля акна, я любіў назіраць, як ад празрыстых халаднаватых струменьчыкаў падрыгваюць кветкі, асыпаюць ужо аджылыя, зморшчаныя пялёсткі; вада змывае іх, і яны плаваюць потым у заброснелых лужынах, як маленькія змораныя качаняткі.

Дажджу ўжо даўно не было, дарога пыльная, і за кожным крокам падымаецца воблачка, плыве понізу, а на станцыі, дзе чмыхаюць паравозы, узлятаюць густыя, шызыя клубы дыму і таксама плывуць на невялікай вышыні, паралельна зямлі.