Выбрать главу

— Пятро Максімавіч ужо добра сябе пачувае, можа, праз тыдзень вернецца, — сказаў я і ўбачыў, як вочы ў Галіны Андрэеўны ажывіліся, але ўсё роўна іх нельга было назваць радаснымі; і я зразумеў, што Галіну Андрэеўну нешта ўсур’ёз трывожыць.

Недзе праз тыдзень Галіна Андрэеўна расказала мне пра сваё гора. Старэйшы сын, Сцяпан, прыслаў з з Карэліі пісьмо — разводзіцца з жонкаю. Яшчэ раней я чуў, што ён жанаты на дачцэ нейкага начальніка. У водпуск прыязджаў да бацькоў рэдка, затое заўсёды з вялікімі, абцятымі жоўтаю ляйчынаю чамаданамі гасцінцаў: вэнджаныя асятры, якія аж плавіліся ад тлушчу; вяленая гарбуша, тоўстая і з сярэдзіны чырвоная, бы морква; тугія маршчыністыя палкі сервелату ў прадаўгаватых кардонных каробках, падобных на цукерачныя не толькі формаю, але і размалёўкаю.

У сямейных неладах, і я згаджаўся, была вінавата Сцяпанава жонка, Таццяна. Яна, спешчаная дачка, часта папракала Сцяпана, што ён нібыта прыйшоў, «як пан», на гатовае, абзывала яго «правінцыяй», утрыманцам, маўляў, яе бацькі зрабілі яму ўсё, і кватэру, і мэблю, і нават кар’еру. А напраўду, дык нічога б гэтага не было, калі б Сцяпан не стараўся сам, не лічыўся на станкабудаўнічым заводзе таленавітым інжынерам-даследчыкам. Вядома, нейкая грашовая помач ад Таццяніных бацькоў была, асабліва напачатку, але ж не настолькі квола стаяў на нагах і Сцяпан, каб шукаць апору ў іншых і радавацца. А што да «правінцыі», то гэтым словам Таццяна хацела абразіць ды прынізіць мужа, каб хоць неяк надаць сабе вартасці — таннай, затое ўцешнай для хваравіта-абвостранага самалюбства. Сцяпан усе дзесяць гадоў, якія жыў з Таццянаю, нічога бацькам не гаварыў і не скардзіўся; пакутаваў, цярпеў у адзіночку; нават па ягоных званках ды пісьмах ні аб чым нельга было здагадацца, аж пакуль на стол суда не легла заява на скасаванне шлюбу. Факт гэты ніяк нельга было абысці або ўтаіць, і Сцяпан напісаў бацькам пісьмо-споведзь. Самая балючая ў ім была думка пра лёс дачкі. Што яна застанецца без бацькі ці без маці: Сцяпан наважыў не ўступаць на судзе дачку жонцы, маўляў, жанчына «нізкай маральнасці не мае права выхоўваць дзіця».

Пятро Максімавіч пра пісьмо яшчэ не ведаў; калі Галіна Андрэеўна званіла яму, то не сказала: «няхай чалавек спакойна далечваецца».

Дасюль кожная сям’я ўяўлялася мне гэтакім хутарком з лагодным, бязвоблачным небам над ім, і нават тыя спрэчкі маці з бацькам, якія даводзілася некалі ў дзяцінстве чуць, здаваліся мне звычайнаю гутаркаю дарослых людзей на павышаных танах, але ж як цяпер разумею, за імі стаяла, мабыць, нешта сур’ёзнае, канфліктнае, што ўрэшце магло расхістаць сямейны падмурак. Я збіраўся жаніцца, і мне было над чым падумаць. І я думаў, для сваіх дваццаці трох, мабыць, залішне абачліва і цвяроза: гэта яна, мая Люба, добрая і ласкавая да мяне, пакуль не пажаніліся, а ў сям’і можа стаць зусім іншаю, сварліваю і злою. Чуў некалі ад мудрага малінаўскага дзеда Мацвея: жанчына, выйшаўшы замуж, мяняецца, і, на жаль, не ў лепшы бок; а калі народзіць дзіця, нахабнасць яе ўзрастае: болей дзяцей — болей нахабнасці.

Такія думкі прыходзілі да мяне рэдка, пад кепскі настрой, і я хутка на іх забываўся, бо ў Любу верыў — безаглядна, шчыра, як, мабыць, вераць усе закаханыя. Мы пазнаёміліся з ёй мінулай зімою. Я зазвычай позна, нярэдка да глыбокай ночы, заседжваўся ў рэдакцыі: пісаў матэрыялы. Трэба сказаць, што напачатку, пакуль быў запас уражанняў, назіранняў, слоў, мне пісалася лёгка; і ў форме падачы матэрыялаў, і ў поглядзе на рэчы была нейкая свежасць, гэта адзначалі ўсе на «лятучках». Але раённая газета — малацілка адмысловая, і матэрыялы праз яе праходзяць як праз трубу, без затрымак, толькі паспявай падаваць. І з цягам часу ў кожнага раённага журналіста выпрацоўваецца стэрэатып, штамп, шаблон. Маючы пару лічбаў і глянуўшы задуменным позіркам у акно, ён праз паўгадзіны выдае рэпартаж, замалёўку ці нават (былі выпадкі) рэйд. Зразумела, пра творчасць тут і гаворкі не можа быць. Чым болей ты да яе схільны, тым цяжэй. Паспрабуй знайдзі, як напісаць за месяц, скажам, пяць замалёвак пра даярку: тыя ж кароўнікі, апараты ці вёдры, сцежкі ад хаты да фермы. Адну замалёўку, дзве, тры напісаў... А далей? Кладзі перад сабою першую — і пагнаў, мяняючы прозвішчы, лічбы?

Я сядзеў позна і мучыўся: не хацелася паўтарацца. Аднойчы са мной пажартавалі. Гэта было пад Новы год. Стаяў мароз, і я чуў, як нехта шкрэбаўся на ганку, шаптаўся; потым — уводдалі — галёкаў і свістаў. Я — без увагі: ці мала хто? Сабраўся дахаты; і, выключыўшы ў калідоры святло, штурхануў ад сябе парадныя дзверы, яны не падаліся: былі запёрты звонку. Тады я дужэй налёг на іх — і мяне аглушыў выбух. Запахла дымам, у вачах доўга стаяў бляск, што вузенька, як мячом, секануў зверху ўніз праз шчыліну двухстворчатых дзвярэй. Мяне білі дрыжыкі, я абураўся: яўна, пазбродавала мясцовая «жанішота». І толькі праз многія гады Люба прызнаецца, што гэта была яе ідэя — падперці мяне, «чэрствага халасцяка», а пасля ўжо хлопцы падлажылі выбуховы пакет; у такую форму вылілася яе першая цікавасць да мяне.