А далей было так. Зноў-такі позна зазваніў тэлефон. Я падняў трубку і пачуў гучны голас... Алы Пугачовай; яе ў той час толькі-толькі «выводзіў» на арэну «Арлекіна». Нехта зноў жартаваў са мною: голас спявачкі то аддаляўся, глушэў, і тады ў трубцы нехта стрымана дыхаў, то набліжаўся — трубку падносілі да магнітафона ці прайгравальніка. Я дапытваўся, хто мяне забаўляе, не дае працаваць, але дарэмна; толькі па ціхім пахіхікванні здагадаўся — дзяўчына.
Званкі паўтараліся некалькі вечароў запар. Нарэшце тайна раскрылася: званіла мне Люба Арцюшкевіч, маладая касірка з ашчадкасы. Яна стаяла на ўліку ў нашай камсамольскай арганізацыі, і на нядаўнім «агеньчыку», які праводзіла рэдакцыя, мы сядзелі за адным столікам; і між намі нават не праслізнула зацікаўленага позірку, адно смяяліся разам з усімі. І вось цяпер — гэтыя званкі. Слова за словам, і мы дамовіліся схадзіць у кіно.
Люба была высокая, статная і побач са мною, ростам не вельмі ўдалага, глядзелася мажна, задужа «салідна»: роўны ўвышкі з жанчынаю мужчына заўсёды прайгравае. Гэта, круці ні круці, мяне бянтэжыла, і я ўвесь час міжволі цягнуўся ўгору і ледзь не на дыбачках ступаў: не ведаю, адкуль і чаму бралася ва мне гэта юнацкая непасрэднасць.
Мы сядзелі ў трэцім радзе з краю. Рукі ў Любы былі надзіва пяшчотныя і мяккія, хаця, калі верыць ёй, гультайкаю не была: умела вязаць «шапачкі-рукавічкі» і смажыць «качку, начыненую яблыкамі». Бацька Любін, афіцэр у адстаўцы, працаваў начальнікам вузла сувязі; ездзіў на ўласнай «Победе», не вельмі зграбнай з выгляду, затое, казалі, з новым «волгаўскім» маторам.
Фільм называўся «Твар анёла», і расказваў ён пра дзіцячы канцэнтрацыйны лагер у чэхаславацкім горадзе Лідзіцэ. У пажылога тоўстага дзядзькі, што сядзеў праваруч ад мяне, цяклі з вачэй слёзы, і ён раз-пораз выціраў іх кулаком. Я таксама, як і гэты дзядзька, не мог раўнадушна глядзець на змораных голадам і катаваннем дзяцей, пад тонкаю скураю якіх выразна была відаць кожная костачка...
І потым мне ўжо было не да чуллівых размоў з Любаю. А ёй, здаецца, нічога не замінала, яна ганарліва трымала сваю маленькую прыгожую, як у антылопы, галоўку ў белай вязанай шапачцы і не саромелася браць мяне пад ручку пры людзях. У яе была дзіўная, чароўная ўсмешка, якая можа быць ці то ў зусім легкадумных дзяўчат, ці то ў свавольных, па-дзіцячы адкрытых дзяўчатак. Мы ішлі ўпобачкі на ўскраіну горада, дзе жыла Люба. Бадзёра і крохка парыпваў пад нагамі снег. У небе зеленавата блішчалі-пераліваліся чыстыя густыя зоркі. За круглы і белы, як дыск, месяц зачапілася вузкая, як палоска, цёмная хмарка, і ён быў падобны на дзіцячую бразготку.
Люба жыла ў вялікім белацагляным доме-асабняку, агароджаным ад вуліцы шчытным плотам. У садзе стаялі пад снегам яблыні, кусты парэчак, падобныя на клубкі воўны. Цені на снезе былі сінія, а на сцяне веранды і на плоце — чорныя, як сажа.
Мы пастаялі з Любаю каля весніц; калі я адыходзіў, яна падала мне руку ў чырвонай вязанай рукавічцы, і я панёс з сабою цнатлівую, цёплую радасць у грудзях: і ад сустрэчы, і ад гэтай чырвонай рукавічкі.
Дарогу мне перабег чорны кот з зялёнымі, як святлафоры, вачыма, але мяне гэта ніколечкі не засмуціла, бо ў прымхі не веру. Чамусьці я быў упэўнены, што Люба — тая дзяўчына, з якою ажанюся: з ёй, думалася мне, будзе проста, цікава, прыемна, бо няма ў яе характары ні змрочнай падазронасці, ні зацятай няўступчывасці.
Неўзабаве Люба запрасіла мяне ў госці. Дзень быў ціхі. Падаў лёгкі, тонкі, як павуцінка, сняжок. Чырвонае, з зеленаватасцю па краях стаяла ў смузе сонца, і веяла ад яго не цяплом, а спакоем.
Люба пазваніла ў дзверы і тут жа адчыніла іх. Насустрач нам з бакавога пакоя выйшлі Любіна маці і старэнькая, сівая бабуля з добрымі вадзяніста-блакітнымі вачыма і тонкім, вострым падбародкам.
У Любы быў асобны пакой, які ўмяшчаў не толькі шырокі ложак, дзябёлы старамодны стол, але і цёмнае цяжкое піяніна, кніжную шафу, дзве тумбачкі, трумо, розныя пуфікі-табурэцікі і крэсла-качалку. На падлозе ляжаў зялёны варсісты палас; ярка-чырвоны, стракаты дыван засланяў усю сцяну, пры якой стаяў ложак, на астатніх вісела безліч усякіх пано, інкрустацый, чаканак, вымпелаў са значкамі. Люба прызналася, што любіць сувеніры, і тыя, хто ведае гэту яе слабінку, дорыць іх ёй, асабліва шчыруюць браты; іх у яе два, яны старэйшыя, адзін урач, другі дырэктар сярэдняй школы, даўно жывуць сваімі сем’ямі.