Выбрать главу

Мы пілі каву за цёмна-вішнёвым нізкім столікам з разьбянымі тоўстымі, як таўкачы, ножкамі; лыжачкі і падстаўкі для шклянак ядрана блішчалі пазалотаю; на падносе ў кітайскіх талерках ляжалі бутэрброды з каўбасою і буйнавата-зялёнаю, бы каноплі, ікрою. На свой смак, мы дабаўлялі ў каву каньяк, і нам было хораша, утульна і проста, можа, адно Любіна маці, звалі яе Ксенія Пятроўна, залішне мітусілася і зашмат аддавала мне ўвагі, якая, калі быць прыдзірлівым, межавалася з настойлівым жаданнем дагадзіць мне як будучаму зяцю.

Але, чымся болей мы сядзелі, тым болей змрачнела Люба: цэлы месяц мы не будзем бачыцца. Днямі я іду на вайсковыя зборы. З рэдакцыі прызвалі яшчэ Пшоніка: як-ніяк, свае людзі, і на новым месцы нам будзе весялей. У арміі я не служыў: зразу пасля школы паступіў ва універсітэт, і там на ваеннай кафедры мне прысвоілі званне лейтэнанта.

Люба правяла мяне да ганка; на расстанне мы пацалаваліся, і Люба, уткнуўшыся мне ў плячо, заплакала, што я не мог не ўспамінаць потым з цеплынёй і дабрадушнаю ўсмешкаю, бо ўсё ж у яе чуллівасці, здалося мне, было трошкі ад кіно і паказухі, чаго я не прымаў нават у рамантычных дзяўчат.

* * *

Круталобы жоўты «пазік» завёс нас, «партызан» (так кадравыя ваенныя лагодна называюць тых, каго прызываюць на зборы) у ціхае мястэчка; дамкі невялікія, акуратныя, і здаецца, у іх жывуць толькі сціплыя, добразычлівыя людзі. Рэдка дзе ўбачыш гараж; нямнога магазінаў. Пахла вастраватым сялянскім дымком. У адным двары скубла з капы сена чорная каза з фіялетавымі доўгімі рагамі, самыя кончыкі якіх былі жоўтыя, як свечкі.

Вайсковая часць была абнесена бетоннаю загародаю. Дрэвы стаялі аснежаныя, на ніжніх вузлаватых галінах сядзелі задуменныя, фарсістыя галкі, сонна лыпалі белымі вачыма. Мы ішлі па шырокай чыстай дарожцы да казармы, цёмна-рудой, быццам адлітай з медзі. На першым паверсе нас пераадзелі ў ваенную форму; ложкі былі на другім, мы з Пшонікам выбралі суседнія.

З раніцы нам чыталі лекцыі; пасля абеду вывозілі на палігон на тактычныя заняткі. Лекцыі былі нудныя, нецікавыя, пра вядомае па вучобе на кафедры; а стрэльбы ўсіх весялілі яшчэ і таму, што на прасторы, у вольнай непасрэднасці людзі заўсёды адчуваюць сябе лепш. Было і непрыемнае. Аднаго старшыню калгаса акурат у страі хапіў эпілептычны прыпадак. Ён немачна закрычаў і паваліўся на снег; твар у яго стаў сіні, з рота паперла пена. Усе разгубіліся, не ведалі, што рабіць. Пшонік першы спахапіўся, кінуўся на назіральны пункт і прынёс у сваёй шапцы вады. І хаця яна была тут не патрэбна, усё роўна Пшонік заслужыў пахвалу.

У першую выхадную нядзелю я забраўся ў бібліятэку: яна займала пры клубе часці два пакоі на другім паверсе. Там былі кнігі, болей ваенна-патрыятычныя, і я здзівіўся, калі ўбачыў серыю «ЖЗЛ» — цэлую даўжэзную паліцу сіваватых кніг з белымі факельчыкамі на спінках. Я выбраў жыццяпіс Бальзака, гэты пісьменнік імпанаваў мне яшчэ са студэнцтва, калі ўпершыню прачытаў яго «Озорные рассказы».

Цяпер на вольны час я меў занятак — чытаць; Пшонік адшукаў у мястэчку нейкага нібыта сваяка і кожны вечар прападае ў яго. Хлопцы расказваюць дасціпныя гісторыі, смяюцца, гарэзнічаюць. Нехта напіхаў Пшоніку ў сакваяж пустых бутэлек. Пшонік вярнуўся позна, падняў крык: «З мяне здзекаваюцца!» — і высыпаў бутэлькі на ложак суседа — інжынера з пээмка, якога ўсе дражнілі «Па рублю». Той, доўга не думаючы, хапіў бутэльку і агрэў Пшоніка па карку: быў не вінаваты. Пшонік заляпіў аплявуху ў адказ; вочы ў яго былі разгубленыя: рушыўся пясчаны замак ягонага аўтарытэту, за які ўвесь час дрыжаў бы асінавы ліст, і які з такою натугаю пнуўся будаваць высокім. Колькі цяпер Пшоніку перажыванняў! Як таму футбалісту, які не забіў мяч з пенальці ў важным матчы.

Зрэшты, перажыванняў хапала і мне. Радасна і той жа час страшна было думаць, што закахаўся. Праўду пісаў Купрын: слабае каханне разлука тушыць, моцнае распальвае з большаю сілаю. Я, каб пераканацца, ці па-сапраўднаму кахаю, прымушаў сябе знайсці ў Любе нешта такое, што сапсавала б мне настрой, засмуціла, але, як ні дзіўна, чымся болей я прыпісваў ёй заган, тым болей мацнелі пачуцці да яе. Я не спаў уночы; у шырокія вокны свяціў месяц, і ў яго блакітным святле я запісваў у блакнот думкі, якія бушавалі ў галаве яшчэ і ад таго, што ў кнізе Цвейга пра Бальзака было напісана шмат пра каханне і жанчын. Дзіўны, канечне, быў Бальзак да жанчын: яму заўсёды падабаліся тыя жанчыны, якія пераўзыходзілі яго вопытнасцю і ўзростам і дазвалялі яму глядзець на іх знізу ўверх. Адсюль выраз «бальзакаўскае каханне» — калі ён многа маладзейшы за яе. У мяне, на жаль ці на шчасце, каханне было звычайнае, яно жыло і трапятала ў душы ўпартым, рашучым, гарачым матыльком. Я баяўся, што гэты матылёк вырвецца і абпаліць крыльцы ў полымі якой-небудзь жыццёвай нягоды.