За перагародкаю тупаў па хаце Пятро Максімавіч: людзі без рук моцна тупаюць нагамі; уздыхаў і кашляў... хай даруе! — неяк вымушана, каб толькі паказаць, мне, што ён заклапочаны. Я адчыніў фортачку: у твар патыхнула мятнай, цвярозлівай свежасцю, якую прынеслі пылінкі інею, што зрываў вецер з галін яблыні. Пастукаў, неяк нясмела зайшоў у пакой Пятро Максімавіч.
— Ну, абжыўся ў нас? — спытаў ён з усмешкаю на вуснах і ў вачах.
— Такіх ціхіх кватэр мала дзе знойдзеш! — сказаў я, і ён заўсміхаўся шырэй, вальней, з дзіцячаю непасрэднасцю гледзячы мне ў вочы і як бы спрабуючы нанова разгадаць мяне: мабыць, напаследак яны з Галінаю Андрэеўнаю абменьваліся ўражаннямі, думкамі, ці можна на мяне спадзявацца.
— Можа, вам што памагчы, дык — калі ласка? — спытаў я і ўбачыў, як з твару і вачэй Пятра Максімавіча імгненна знікла хваравіта застылая нерашучасць. Ён сеў за стол, глянуў у акно ў сад, прыжмурыўся.
— Без тваёй помачы я не чалавек, а палена дроў, — сказаў ён жорсткую ісціну, а засмяяўся звыкла і будзённа, бы ў адказ на які-небудзь пусценькі жарт. І толькі мне было не да смешачак, у мяне валасы дыбком сталі, заварушыліся. Вострае спачуванне абудзілася ў маёй душы, і я замяўся, думаючы, што адказаць, але так і не знайшоў слова: у такіх выпадках звычайна выручае жарт; але каб жартаваць нават з сябрам, край важна ведаць мяжу нахабства, якое можна дазволіць з ім, а тут... Я маўчаў, хаця мімікаю твару, вачыма, якіх не хаваў, рукамі паказваў, што гатовы на любую помач. — І ўсё гэта вайна, праклятая вайна!.. Што яна зрабіла са мною і з тысячамі такіх, як я... Быў жа ў шпіталі, бачыў...
— Ды ў мяне бацька без нагі... Сталінградзец!
— А, ага... Ну во! Што табе гаварыць, сам бачыў усё. У першыя гады пасля вайны я не мог адкараскацца ад сноў, яны душылі мяне за горла, за грудзі, я выў, стагнаў... так, як выюць, калі ляцяць, снарады... Думаў, што Галіна мая мяне кіне... дурны, падумае. Аж не. Устане, сядзе каля мяне і суцяшае... Цяпер жонкі так мужыкоў не глядзяць. У іх, кажуць, асабістае жыццё. Якое ліха асабістае, калі ты замуж ішла? Я вот часта думаю, цяперашняя жанчына не няньчылася б са мною і дня, кінула б. Яй-богу, кінула б. Яны цяпер харошых, здаровых мужчын кідаюць, не ладзяць з імі. Бачыце, характарамі не сышліся. Дзіва што — не сышліся: аднакавых жа людзей няма, хоць трэсні. І суды патураюць ім... А тут трэба строга, і з іх, гэтых легкадумных жанчын, пытаць: «Вы чаму рушыце сям’ю? Хто вам даў права? Яна — не толькі ваша воля». Пень вунь як паточаны чарвякамі ды жукамі, а стаіць... А то чуць што, якая трэшчынка — на развод. Безадказнасць! Канечне, цяпер лёгка жыць, дзяцей гадаваць, дзяржава клапоціцца... Паспрабавала б каторая пасля вайны мужыка адкінуць... Жыццё — як тая луста хлеба, намазаная з двух бакоў: з аднаго мёд, з другога гарчыца, так і жуеш горкае і салодкае разам, а то лізнеш з аднаго боку, тады з другога... І мы не святыя, і ў нас з Галінаю ўсякага было. Ну, але ж пасварымся, папсіхуем і тут жа памірымся... Заўсёды яна першая адтайвала... І было ёй чым і магла б сагразіць мне, але падыдзе пасля сваркі, абніме, пацалуе мне во сюды ў лысую макушку: «Што табе, Пеця, падаць?» Уткнуся ёй у рукі, слязамі іх памыю і далей жыць...
Я ўбачыў, як у Пятра Максімавіча вільготна заблішчалі вочы, ён адвёў іх да акна, ад чаго бляск у іх яшчэ болей пагусцеў. Я не ведаў, што мне рабіць у гэтую мінуту, напэўна, трэба даць Пятру Максімавічу супакоіцца, а потым я буду лавіць яго кожнае жаданне, сачыць за кожным крокам, каб ён нідзе ні ў чым не высільваўся...
* * *
Яго быў розум, а мае — рукі: ён гаварыў мне, што яму трэба, дзе што ляжыць, і я рабіў. Я ўпершыню адкрываў сабе, што ўсё ў гэтым доме, так ці іначай, прыстасавана «на руку» Пятру Максімавічу. Выключальнікі на сценах — не проста кнопкі ці невялікія дзюбікі, а шырокія пластмасавыя планкі, якіх адно краніся, і яны шчоўкаюць; у рэпрадуктары «Сож» замест колца ўманціравана крыжавінка — як прапелер, здаецца, яна зрушыцца ад камара.
Каб і далей было зразумела, што ды як, і чаму я раблю іменна так, а не гэтак, мусіць, трэба ўсё-ткі апісаць рукі Пятра Максімавіча: я іх добра разгледзеў калі зашпільваў яму сарочку. Гузікі на сарочцы былі дробненькія, бы лубін, яны выслізвалі з пальцаў; Пятро Максімавіч як мага кручэй задзіраў уверх падбародак, асцерагаючыся, каб я не дакрануўся да яго скуры. Мабыць, дотык чужых мужчынскіх рук ужо сам па сабе непрывычны, а ўдабавак Пятро Максімавіч не хацеў здацца панам, які сядзіць, бы мумія, і не варухне пальцам. А можа, і яшчэ нешта бянтэжыла Пятра Максімавіча, толькі ўчора, калі сарочку зашпільвала яму жонка, ён быў зусім абыякавы да яе рук і размаўляў без натугі.