Ад плеч рукі былі тонкія, бы чапялішнік, з тоўстымі вузламі ў локцях; левая, ніжэй локця, заканчвалася каструбаватаю, няроўнаю зросцвінаю; правая была даўжэйшая — дактары, набраўшы з нагі мышачных валокнаў, «нарасцілі» на ёй як бы два пальцы, іх можна было крыху развесці: яна вельмі нагадвала рачыную клюшню, той і розніцы, што большая ды мяккая — адзін палец цалкам з мякаці, а ў другім прамянёвая косць.
Гэтымі куцкамі Пятро Максімавіч тое-сёе мог рабіць і без чыёй-небудзь помачы. Мы селі за стол. Пятро Максімавіч папрасіў, каб я выставіў з судніка бутэльку віна, ён прывёз яе з Мінска нібыта ў аддзяку за мае старанні. Сала, каўбасу, гуркі і хлеб я парэзаў тоненькімі, аж свіцяцца, скрылькамі, расклаў не на талерках, а на драўляным самаробным кружку (ці, як у нас кажуць, на крышцы — ад слова «крышыць») — вельмі тоўстым, але не выпадкова, а для зручнасці. Скрылькі ляжалі роўненькім веерам, канцамі навісалі з кружка.
Сабе я наліў у высокі зеленаваты фужэр, а Пятру Максімавічу — у алюмініевую конаўку, салдацкую, прынесеную з вайны. Ён заціснуў конаўку куцкамі і стаў піць.
Пятро Максімавіч падчапіў скрылёк, узяў яго ў зубы і, задраўшы галаву, каўтнуў, як бусел. Можа, гэта было б і смешным, калі б бачыў у казцы, а тут нават адна думка пра смех палохала ды прыгнятала з такою адчайнасцю, як быццам вычвараў нешта непамыснае і зусім бязглуздае.
Шчокі ў Пятра Максімавіча зразу паружавелі; ён ахвотна ладзіў гаворку, і я здзівіўся не меней, чымся тады ў шпіталі, яго ўменню гаварыць натуральна і проста. Як вада, разліваючыся, затапляе ўсё большую прастору, так гаворка падагрэтых шчырасцю людзей пашырае кола тэм, часам да неверагоднасці далёкіх, не звязаных ні логікаю фактаў, ні вопытам субяседнікаў. Мабыць, чалавечая памяць дзейнічае па прынцыпу більярдных шароў: адзін шар, ударыўшыся ў кучу, разбівае яе, усе астатнія, бязладна стукаючыся, раскочваюцца ў самых розных напрамках.
Пятро Максімавіч прызнаўся мне (і тут я ўспомніў Альбуціну, зразумеў яе завіханне), што яны з Галінаю Андрэеўнаю не ўзялі на кватэру Пшоніка; ён, Пшонік, праўда, не вельмі настойліва прасіўся, затое Альбуціна ледзь не маліла, сціскаючы кулачкі і трасучы імі ў парыве расчуленасці. Пятро Максімавіч, канечне, рызыкаваў, адкрываючыся мне, бо не ведаў нашых з Пшонікам адносін. А раптам мы сябры-прыяцелі, у добрым ладзе між сабою? Дык вось, можа б, іншы і паасцерагаўся, але Пятро Максімавіч цвёрда заявіў: «Ён не спадабаўся мне». Звычайна такая прамалінейнасць бывае ці то ў людзей сумленных і ўпэўненых, ці то, наўпярок, легкадумных і самалюбівых, якія нічым не могуць надаць сабе вартасці, акрамя як жорсткім безаглядным ганьбаваннем іншага, нярэдка многа лепшага за сябе чалавека.
Пятро Максімавіч ведаў Пшоніка не толькі па «раёнцы», але і ў твар. Яны пазнаёміліся з паўгода назад. Пшонік прыходзіў у пээмка меліярацыі; браў матэрыял аб спаборніцтве дрэнажных брыгад. Начальнік, той самы важны, самаўпэўнены малады чалавек у лётчыцкай куртцы, з якім я пазнаёміўся, калі пісаў свой першы рэдакцыйны матэрыял і які здзівіў мяне гучным голасам, прыставіў да Пшоніка Пятра Максімавіча, свайго намесніка. Яны пасядзелі з Пшонікам у кабінеце, пераварушылі горы папер, папак — дзіва што: Пшонік уедлівы і скрупулёзны ў адборы фактаў, а ў іх падачы заўсёды сухавата-аднастайны. Потым паехалі на «ўазіку» да Велькага Балота: там укладвалі трубку дзве перадавыя брыгады. Было сонечна, і ганчарная трубка тоўстаю чырвонаю гадзюкаю ляжала ў зялёнай траве.
Пшонік гутарыў з прарабам, пажылым сівым чалавекам, рабочымі; запісваў у блакнот лічбы, факты, прозвішчы; твар у яго быў сур’ёзны, заклапочаны, белыя вейкі не міргалі — усё разам гаварыла: чалавек салідны, мае адказнае заданне, а ў сутнасці ўся яго натужная напышлівасць бралася ад жадання пакрасавацца, паважнічаць.
З рабочым людам у бірулькі гуляць заўсёды небяспечна, на месца паставяць як бачыш. Адна сярэдніх гадоў жанчына, высокая, дужая ў плячах, з моцным загарэлым тварам, рэзнула Пшоніку ў вочы, калі ён прычапіўся, што яна паклала ў канаўку вышчарбленую трубку: «Навучы сваю матку ў бутэльку...!»
Пятро Максімавіч расказваў і пасміхаўся нейкай невыразнай усмешкаю, а потым схмурыў бровы.
— Мы праездзілі з ім, лічы, цэлы дзень. Вярнуліся ў кантору. Я і кажу яму: «Трэба паабедаць, Віктар Якаўлевіч...» Проста так прапанаваў, ведаю ж, чалавек галодны... можа, і ўранні перахапіў толькі. І што б ты думаў, Коля? — Пятро Максімавіч глянуў на мяне, ці пільна слухаю; потым зняў з кружка скрылёк каўбасы, злавіў яго губамі. — І што б ты думаў? — паўтарыў ён, мабыць, сумняваючыся, расказваць мне або змаўчаць усё-такі, і спрабуючы ўгадаць, ці ведаю я што-небудзь.— Гэты Пшонік заяўляе мне: «Ні ў якім разе! Я буду пісаць крытычны артыкул — у вас у спаборніцтве шмат фармалізму, пустой траскатні, папер усякіх... І мала што вы потым нагаворыце на мяне ў райком». «Дзіцятка ты маё, — падумаў я тады, ледзь стрымліваючы ў сабе злосць, — за каго ты мяне прымаеш? Ды сто гадоў ты не патрэбен мне, смаркач, са сваёю абачлівасцю!» Падумаў, але Пшоніку нічога не сказаў, развітаўся і пайшоў. Я, калека, стары, бяспомачны чалавек, франтавік, буду на яго пляткарыць... — Пятро Максімавіч, мабыць, ужо захмялеў, круціў нізка апушчанаю галавою, і мне балюча было глядзець на ягоную патыліцу з сіняватаю ямачкаю і гузаком.