Выбрать главу

Гэта Пшонікава закарэлая «правільнасць» мяне заўсёды раздражняла, і калі б я ўспрымаў яе ўсур’ёз, то ў мяне ўжо даўно лопнуў бы ад абурэння той чуйны, шматпакутны і надзіва трывушчы орган, які мы называем сэрцам.

Непрыязнасць да Пшоніка з гэтага дня засела ў маім сэрцы ўчэпіста; я насіў яе, адчуваючы, што яна муляе мне, як бы качаецца цвёрдым комам ад рэбраў да рэбраў; гэта фізічнае адчуванне было невыноснае, і ком нарэшце разарваўся, бы тая граната, і я заехаў Пшоніку аплявуху. Падагрэла тое, што Пшонік пасадзіў мяне напроці і стаў правіць мой нарыс аб трактарысце, выкідваць цэлыя абзацы, сказы. Хацеў паказаць не столькі сваё ўмельства, колькі ўладу нада мною. І калі ён тлустаю рыскаю закрэсліў мой загаловак «Блакітныя ўсходы», а надпісаў свой — «Поле, як стол» — я не ўтрываў.

Мы былі ўдвух у кабінеце. Пшонік, як уджалены зняцяйкі, падхапіўся — адляцела да сцяны крэсла, — але я асадзіў яго цвёрдым і рашучым узмахам кулака.

— Толькі сунься!

Ён імгненна абмяк, пабялеў, адно левая шчака, як бінт крывёю, усё яшчэ налівалася бураковаю чырванню.

— Добра, добранька, — працадзіў ён, намякаючы на нейкую сілу, што стаіць у яго за плячыма і якую возьме ў саюзнікі, — разбярэмся...

Назаўтра рэдактар сабраў экстранную «лятучку»: «пабілі» адказнага сакратара. І хаця Пшонікава абвінавачанне заглушыў дружны рогат, не смяялася толькі Альбуціна, мне заляпілі вымову, бо я наадрэз адмовіўся вініцца перад Пшонікам. Ён сядзеў зацяты, натапыраны, і я бачыў, што гэтым яго помста не скончыцца. Дзіўна, але я не адчуваў прыгнечанасці, да якой іншым разам лёгка магла б давесці мяне вымова, я нават радаваўся нейкай тупой злараднай радасцю.

Жыццё тым часам не стаяла на месцы; кожны дзень уранні я наразаў тоненькімі скрылькамі сала і хлеб, калі варылі булён — мяса, лажыў на кружок; ставіў побач алюмініевую конаўку вады; вядро на табурэтцы заўсёды пакідаў паўнюткім — Пятро Максімавіч часта піў набгом.

Снедалі і вячэралі мы зазвычай разам. Пятро Максімавіч сам умеў сёрбаць з конаўкі булён, аднак толькі поліўку, а гушча злягалася на дне, і тады я карміў яго з лыжкі. Пятро Максімавіч чырванеў, калі абліваўся, але памалу асвойваўся; і я смела паіў яго чаем: халодную каноўку ён мог трымаць, а трохі цёплая ўжо апякала яму скуру — на куцках яна была вельмі далікатная і адчувала нават слабы дотык. Пятро Максімавіч у гэтым спярша не прызнаваўся, але я бачыў, як ён моршчыцца, калі п’е, здавалася б, астылы булён.

— Што, баліць? — спытаў я.

Ён збянтэжыўся, вочы яго нерухома глядзелі ў адну кропку, а мышцы твару нервова патузваліся.

— Пячэ, — сказаў ён з непасрэднасцю, на якую быў здольны, і я зразумеў, што мы — свае, што душы нашы ўжо не далікацяцца і не баяцца тонкага ляза ўзаемных прызнанняў. Я не ў сэнсе сваяцкага ахвяравання, а ў сэнсе радасці, якую прыносіць чалавеку шчырая прыязнасць іншага. Чаго толькі не бывае на вяку, як кажуць, і па спіне і па баку, і тады адно толькі спадзяванне на людскую чуласць дае сілу.

Я помню, як хлапчуком параніў нагу; быў адзін дома, лазіў па ліпах на гародзе, стрэхах, па частаколлі — святло дзіцячай душы заўсёды імкне ўвысь, тады як дарослай нярэдка тухне ў нізкім брудзе распусты. І вось гоцнуў з паляніцы дроў на старую табурэтку. Табурэтка крых! — і я выцяўся каленам аб востры край сасновай чуркі. Спярша болю не адчуў; лапнуў рукою за калена і праз штаны замацаў цёплую ямку. Сашмаргнуў калашыну і ўскрыкнуў: на калене ў рассечыне ўбачыў голую сінюю косць. Крыві чамусьці не было; я ледзь не самлеў; сядзеў на зямлі і плакаў.

Той парою ў нашу Малінаўку якраз праводзілі электрыку; па вуліцы гурчалі трактары, з каўшамі і без каўшоў; хадзілі, бразгаючы цяжкімі ланцугамі, электрамантажнікі, і аднаго, мабыць, спыніў каля хаты мой плач. Мог бы, канечне, мог бы не пачуць, прайсці міма, падумаўшы, мала чаго крычыць дзіця, можа, маці матузоў дала. Але, бачу, заходзіць на двор чужы дзядзька, як зараз помню: высокі, рыжы, з вялікім носам і светлымі, блакітнымі вачыма, якія пытаюць: «Што, герой, плачаш?» А я ўжо сабраўся паміраць і думаў, што ў мяне голасу няма. Маўчу. Ён нешта гаворыць, а мне вушы заклала, як ватаю, не чую. Усё-такі здагадаўся паказаць рану. Ён хуценька згроб мяне ў ахапку ды ў трактар; завезлі на Ходраў у бальніцу (цяпер яе называюць ФАП). Доктарку, цётку Аню, я ведаў: прыходзіла рабіць прышчэпкі ад адзёру. Круглатварая, з пухлымі чырвонымі вуснамі, трошкі гугнявым голасам і белымі, як бінт, валасамі; мы нават склалі пра яе прыпеўку: