Выбрать главу

Пасля доўгага пакутлівага роздуму я зноў пастукаў у дзверы загадчыка сектара. Тарасюк стаяў каля акна, сашчапіўшы на грудзях рукі. У яго вялікіх раскосых вачах не было ранейшай дапытлівасці, у іх плавала пасляабедзенная млявасць, і шырокі твар яшчэ болей свяціўся дабрадушнасцю. Мне вельмі не хацелася засмучаць чалавека, але я сказаў:

— Прабачце, што прынёс вам столькі турбот... Я застаюся ў Рэпкавічах.

Ён чамусьці не спытаў, што мяне трымае ў тых далёкіх Рэпкавічах на ўскраіне Магілёўшчыны. Сеў за стол, хацеў падняць руку, але апусціў яе ў безнадзейнай вяласці.

— Глядзі, Бібічык, на адным месцы і валун мохам абрастае.

 

Я вярнуўся ў Рэпкавічы з няпэўнасцю і пустатою на душы. У акне ў зале гарэла святло. Пятро Максімавіч сядзеў на канапе, перад ім ляжала разгорнутая «раёнка»; без акуляраў, ён далёка адхіляў галаву; глянуў на мяне, але я ўпершыню не абазваўся да яго словам, адно падышоў і моўчкі начапіў яму на нос акуляры. Змрок бязвольнасці скаваў мяне ўсяго.

Шумеў за шыбамі снег, акурат нехта чвахаў сухім венікам. За перагародкаю, у глыбіні хаты, цікалі ходзікі — як водгалас нечага няздзейсненага, затуманенага часам і выкрасленага назаўсёды з душы.

А разабрацца, чаму яны зачапіліся за мяне? Няхай вунь Пшоніка бяруць, дзякуй скажа. Я засынаў недзе ўнутры, а тое, што заглушае свядомасць, было надзіва ясным, і думкі прыходзілі выразныя. Мабыць, у такой пачуццёвай раздвоенасці я і пратлуміўся ўсю ноч, бо ўранні не мог прысіліць сябе ўстаць з ложка: у целе і ў галаве не было бадзёрасці. Але чалавеку на тое і даецца воля, каб перамагаць слабасці, якімі ён абрастае, здаецца, шчодра і за якімі стаіць адмета ягонай жывой натуры.

У канцы тыдня ў горад нечакана зноў вярнулася восень — цяпло і сонца. Растаў снег. Над раскіслаю зямлёю паплылі густыя слаістыя туманы, якія цяпер часта нейкім чынам выпускаюць на сцэну, калі на ёй спявае ансамбль ці які спявак. З цяплом і сонцам да чалавека прыходзіць радасць, і я пакрысе забываў сваю паездку ў абком.

Але восеньская пагода ненадзейная, як ласка жаночага сэрца. І зноў усхапіліся шорсткія паўночныя вятры, вылізалі паветра да празрыстай, ледзяной яснасці. З неба падалі дробныя белыя крупкі, падскаквалі над зямлёю.

Дзівосаў у чалавеку колькі заўгодна; мне дзіўна было, што я, ходзячы ў лазню, ніколі і блізка не падумаў, каб запрасіць з сабою Пятра Максімавіча. І раптам мяне пранізала: «А Пятро Максімавіч?..» І я ўспомніў той жа міг і зразумеў, чаму з безнадзейным сумам глядзелі мне ўслед вочы Пятра Максімавіча, калі я з венікам пад пахаю выходзіў з двара; ён жа, Пятро Максімавіч, таксама неяк мыецца ў лазні і, як кожны мужчына, мабыць, любіць дух.

Пятро Максімавіч сядзеў перад тэлевізарам. На экране ў блакітнай мітуслівай смузе стаялі цыбатыя белыя птушкі з дзіўнаю назваю — фламінга.

— Я іду ў лазню, дык хачу і вас запрасіць, — сказаў я, палюбаваўшыся колькі хвілін на птушак. Пятро Максімавіч спавольна падняўся з крэсла, а потым нечакана замітусіўся, як хлапчук. Голас у яго быў дрыготкі і разгублены, калі ён гаварыў мне:

— Сетка вунь на цвіку вісіць, каля акна... Махровы ручнік у шафе, там і бялізна на змену. Вяхотка і мыла ў сенцах на паліцы...

Па Рэпкавічах унутрыгарадскія аўтобусы не хадзілі: горад невялікі, з канца ў канец яго певень пераляціць. І ў лазню мы пайшлі пехатою. Вецер гнаў па небе валавяную, густую каламуць, кратаў лысыя чубы таполяў, закручваўся і свістаў у падстрэшшы. Людзі на вуліцах атульвалі высокімі каўнярамі патыліцы; стоячы на месцы, не вымалі з кішэняў рукі і прытупвалі нагамі. Падцяўшы хвост, бег сярэдзінаю дарогі худы, высокі клышаногі сабака, а насустрач яму ніца ляцелі вароны; у руху і сабакі, і варон было жаданне як хутчэй убіцца куды-небудзь у заціш.

Лазня займала нізкі і даўгі мураваны будынак, пафарбаваны ў брудна-сіні колер, па якім унізе каля вокнаў, каля вентылятара і трубы-аддушыны пачварна распаўзліся рыжыя плямы, фарба лушчылася і адпадала. Вераб’і, што сядзелі на кустах бэзу, час ад часу зрываліся, хапалі яе на ляту, уяўляючы, а можа, і думаючы, што гэта матылькі.

У касу, па білеты, чаргі не было; затое ў самую лазню мы прастаялі з гадзіну, памалу пасоўваючыся да дзвярэй, з якіх адзін за адным выходзілі мужчыны — ружовыя і свежыя ў твары; на хаду дамаўляліся — што лепей: выпіць піва ці, можа, скінуцца па рублю.

Прымыльнік быў цеснаваты, вузкі, як тунель. Каля сцен стаялі высокія блакітна-зялёныя тумбачкі з пранумараванымі тазамі наверсе. Моцна пахла распараным бярозавым лісцем і мылам. На кафельнай падлозе блішчэла вада, па ёй шлёпалі босыя ногі.