Кватэру гэту напытаў не я, а літсупрацоўніца аддзела пісьмаў Ніна Альбуціна. І напытала не для сябе і, тым болей не для мяне, а для Пшоніка, у якога была «закахана без памяці», хаця сама наўмысна пускала чуткі, што яны проста сябруюць. Пшонік жыў на кватэры ў ваенным гарадку, туды набіралася кіламетраў пяць, а Ніна — у саміх Рэпкавічах; і сустракацца ім, праводзіць адно аднаго было нязручна, але — гэта домысел, бо самі закаханыя (назавём іх усё ж так) ніякіх прычын не выстаўлялі, людзі асцярожныя і скрытныя, яны ахуталі свае адносіны непранікальным змрокам няпэўнасці, у якім вольна луналі хіба што людскія плёткі, намёкі ды кпіны.
У мяне якраз таксама наспела нявыкрутка з кватэраю. Мой гаспадар, дзядзька Кузьма, быў маўчун, ужо за гэта я лічыў яго разумным чалавекам, хаця многія абзывалі дзіваком. У дзядзькі, і праўда, была слабінка: ён разводзіў птушак. Не ў няволі, як многія «недзівакі», не у клетках, а на гарышчы хаты і хлява, у садзе. Рабіў скрыначкі, буданчыкі, над акном наўмысна няшчытна прыбіў разьбяную ліштву, і за ёю гнездаваліся вераб’і цэлаю плоймаю, раніцаю будзілі мяне сваім цвырканнем. Зімою дзядзька вешаў пры ганку, каля фортачак, на яблынях і кустах бэзу кармушкі, якія сам называў «рэстаранамі ў пер’ях». Птушкі дзень і ноч кружылі над хатаю, свісталі і цыргыкалі, ценькалі і квірчэлі; не баяліся, садзіліся і мне на плечы, галаву, драпалі кіпцюрыкамі па шчоках.
Дзядзька птушкалюбам стаў з той пары, як памерла зусім маладою жонка; пакінула яму сына і дачку. Ён гадаваў разам дзяцей і птушак. Сын ажаніўся даўнавата, яшчэ да арміі, і жыў у сваёй кватэры. Цяпер збіралася замуж дачка, бледная, высокая, з блакітнымі касаватымі вачыма дзяўчына. І нават апошні асталоп датумкаў бы, што ўсім у адной не дужа вялікай хаце будзе цесна. Дзядзька Кузьма нічога мне пакуль не гаварыў, але я сам пачаў шукаць сабе новае прытулішча. І тады Альбуціна паказала, што яшчэ не зусім у ёй заснула велікадушнасць: «Я ведаю кватэру, асобны пакойчык, акно ў сад...» Але яна і словам не абмовілася, што гаспадары Пшоніку адмовілі, пра гэта я даведаўся пазней.
Дом — прыватны — быў недалёка ад рэдакцыі, адразу за пуцямі, у вузенькім завулку, які здаваўся яшчэ болей цесным ад таго, што на яго з двух бакоў хіліліся з гародаў вішні і слівы. На весніцах у двор зашчапкі не было, закрываліся яны тугою спружынаю. Да сянец вяла шырокая цэментавая дарожка. Я пастукаў у дзверы. Чакаў доўга. Дзверы адчыніліся зняцяйкі, і я разгубіўся: перада мною стаяла, выціраючы фартухом вялікія чырвоныя рукі, тая жанчына, што некалі ўразіла мяне ва універмагу.
— Калі ласка, праходзьце, — запрасіла яна густаватым голасам. — Сядайце во, — паказала на табурэты каля шырокага, засланага цёмным абрусам стала, і сама першая села.
Я сказаў, чаго прыйшоў.
— Ага, патрэбен нам кватарант.
Сказала іменна так — «патрэбен», і мне перш здалося, што за словам гэтым хаваецца не зусім прыстойны сэнс — спажывецкі разлік. Але далей жанчына і блізка не пыталася, якая ў мяне зарплата і колькі я магу плаціць, ці буду вадзіць сябровак і ці п’ю гарэлку. Яна і не жалілася на свой лёс, яна шчыра, без хітрасці ўсякай сказала мне, чаму ім, у іх сям’ю патрэбен «лішні чалавек».
— Жыў бы каторы з сыноў пры нас, было б усё прасцей, а так... Адзін у Крычаве, другі ў Маскве, трэці, сярэдні, забраўся ажно ў Карэлію... Служыў там, там і прыжаніўся.
Галіна Андрэеўна (так назвалася яна) глядзела на мяне з мяккай насцярожанасцю. У яе былі вочы дзіўнага колеру, не то сіняга, не то зялёнага, здаецца, такога колеру было лісце на нейкай невядомай мне экзатычнай расліне, якую бачыў у Батанічным садзе ў Мінску. Я слухаў, і ў душы маёй мацнела супярэчлівае пачуццё: здавалася б, я павінен Галіне Андрэеўне спачуваць, а мне хацелася ёю захапляцца. Перад маім зрокам яна стаяла ў німбе нейкага высокага, чыстага святла. Яна была з тых людзей, пра якіх ніколі не мяняеш думкі, бо іх адчуваеш; з імі можна нават не размаўляць, адно моўчкі сядзець побач і час ад часу бачыць рукі, вочы, чуць дыханне, якое ў нейкі момант затойваецца, і заўсёды хочацца думаць — ад перажывання. У мяне ўжо даўно спее задума напісаць апавяданне з крыху парадаксальнаю назваю «Размова моўчкі».
Гадзіна праляцела вобміг, а я не мог сказаць, што мне пара ісці. Галіна Андрэеўна, убачыўшы, як я зіркнуў на гадзіннік, што папіскваў вялікім жоўтым маятнікам на сцяне насупраць, сказала з віною ў голасе:
— Прабачце, вам, мабыць, на працу?
У мяне ўжо быў кватаранцкі вопыт, і я добра ведаў, як гэта важна, калі цябе разумеюць гаспадары.
...Раніца была цёплая. У шырокай нізовіне за пуцямі ляжаў густы, як студзень, блакітны туман; з яго тырчаў белы, бліскучы бетонны слуп, бы чаранок лыжкі. На клёне каля шпакоўні сядзеў шпак і тоненька, бы ў струк акацыі, свістаў. Па адным, як згаварыўшыся, цяжкае ад расы, падала з яблынь рудое, бы скарынкі хлеба, лісце.