І радасна мне было, што Алёсін зразумеў мяне, хаця, можа, спярша і палічыў, што яму трэба ва ўсім давярацца, у размове з ім няма забароненага, таму і спытаў пра Пшоніка.
— Вы малайчына, а ён, між іншым, столькі нагаварыў на вас...
— Што я хуліган, бабнік, п’яніца?
Алёсін — разумны чалавек! — усміхнуўся.
— Максімум шчырасці і ноль фальшы, нават у дробязі — вось, мне здаецца, дэвіз для кожнага, хто бярэ ў рукі пяро, — сказаў Алёсін і паляпаў мяне па плячы.
Мы шчыра развіталіся. Праз тыдзень мяне зацвярджалі на бюро кандыдатам у члены КПСС. Я вельмі хваляваўся, але толькі да таго моманту, пакуль зайшоў у кабінет. Алёсін першы спытаў у мяне — не пра міжнароднае становішча, не пра статутныя патрабаванні, як я чакаў, а пра майго бацьку, якога не ведаў, але з анкетных дадзеных было відаць, што ён інвалід вайны.
— Як здароўе бацькі, дарма?
Я спачатку не зразумеў сэнс гэтага «дарма», а калі зразумеў, што сакратар ужываў яго ў сэнсе — як, нічога? — здранцвеласць зразу адкацілася; і болей не вярталася.
— Старая гвардыя не здае пазіцый! — напаўсур’ёзна, напаўжартам сказаў я, і многія з членаў бюро ўсміхнуліся.
Гэта быў самы шчаслівы дзень у маім жыцці, пра які Пшоніку я не сказаў ні слова.
...Пшонік, бліскучы ад поту, задаволена пакрэхтваў.
— Дзякуй! — паўтарыў я ўжо не ўсмешліва, а са злосцю.
— Дзякаваць будзеш потым, у рэстаране, — Пшонік, падобна, і праўда прымаў мяне за прасцячка, і гэта міжволі высмыквала з маёй душы нервовую нітачку, для якой толькі іголкі не было, каб укалоць. І я залез вышэй Пшоніка на лаўку і стаў з сілаю хвастаць сябе венікам, акурат за нешта дакараючы. За што, і сам не ведаў. «Во як табе! А во так табе! З перчыкам, з гарачанькім!..» — Я асатанела махаўся венікам. Мяне штурхануў локцем тоўсты дзядзька, у якога жывот сплыў на калені, як белы мяшок мукі.
— Не давядзецца, на жаль, мне весці цябе ў рэстаран,— сказаў я Пшоніку, стоячы ў душавой пад «дожджыкам» і падстаўляючы тугім халодным струменям твар, спіну, грудзі.
— Зажаўся?
— Не пайду я ў абласную газету.
— Чаму? — Пшонік закруціў кран і лыпаў мокрымі белымі вейкамі.
— А навошта... з тваёй помаччу?
— ?!
Пшонік нахіліў да пляча, набок, галаву, як курыца, калі глядзіць у неба.
«Ну і няхай думае, што я паверыў».
Пятро Максімавіч сядзеў у прымыльніку на лаўцы — шыза-ружовы, як сунічнае мыла; вузлаватыя локці яго стаялі на каленях, але ён не мог падперціся ў шчокі; на абрубках ужо не было ні майкі, ні ручніка — сашмаргнуў сам. Пятро Максімавіч у такой зажуранай позе быў нейкі мізэрны, убогі і няшчасны. Я спачуваў яму ўсёй душою, і калі б мая воля, то побач з воінам-пераможцам, волатам, я наставіў бы помнікаў калекам — ахвярам вайны, якіх праз нейкі час зусім не стане, і каб людзі пастаянна бачылі, што з чалавекам робіць вайна. Страх уявіць сябе калекам, бяспомачным, нямоглым, мабыць, мацнейшы за страх перад сілаю, якую, згуртаваўшыся, можна і пабароць, тады як у калецтве варыянтаў няма: мой бацька без нагі, я ведаю, колькі пакут выпала на яго долю.
І дарогаю Пятро Максімавіч быў маркотны.
— Давай па піву ўдарым! — нечакана бадзёра выгукнуў ён, калі параўняліся са шкляным павільёнам, на расчыненых дзвярах якога быў намаляваны жоўтаю фарбаю вялізны пеністы куфаль.
Піва было халоднае як лёд, аж трашчалі зубы, і я не дапіў яго, прапанаваў Пятру Максімавічу, і ён, здаецца, са смакам выпіў майго паўкуфеля.
— Можа, чаго крапчэйшага хочаш? — спытаў ён.
— Не, — сказаў я нейкім безжыццёвым голасам.
Мы пайшлі дахаты. Пятро Максімавіч быў ужо надзіва вясёлы, гаманкі. Такім я, здаецца, яшчэ яго не бачыў. Забягаючы наперад, скажу, што, мабыць, арганізм яго перад наступам хваробы выставіў на барацьбу з ёю ўсе свае «штыкі».
— Ты думаеш, толькі вы, журналісты, пішаце... Я таксама, як маладзейшы быў ды галава лепш варыла, тое-сёе запісваў... У чалавека, які пакутуе, роіцца шмат думак, усякіх, а найболей сумных. Во хадзі сюды, — пазваў ён мяне за сабою ў залу. Падышоў да бліскучай цёмнай шафы. — Адчыняй ніжнюю скрынку.
Я адчыніў. У скрынцы была ўсякая драбяза: каробачкі, маткі рознакаляровага дроту, алоўкі, шкляныя патрончыкі ад валідолу, жоўтыя салдацкія гузікі, старыя аблігацыі, зашмальцаваныя паперкі...