Выбрать главу

— Бяры вунь той сіні блакноцік.

Блакноцік быў абшарпаны, адрэзаная палова школьнага сшытка; на ім стаяла дата, напісаная простым алоўкам, а пасля абведзеная шарыкаваю ручкаю: 1954—1956.

— Як не будзе чаго рабіць, чытані...

Я ўжо даўно прымеціў гэтую асаблівасць людзей, якія пішуць, — абавязкова паказваць сваё пісанне каму-небудзь, хто б мог ацаніць, пахваліць (зусім добра!), а то і надрукаваць (выдатна!). Я з радасцю, з нейкім нутраным трымценнем узяў у рукі блакноцік.

Чытаў яго ў сваім цесным пакойчыку, дзе мне добра, як лічыў, думалася, але хутка я зразумеў, што думаў я слаба, неглыбока, а галоўнае — скавана.

Думкі Пятра Максімавіча мяне ўразілі, некаторыя я перапісаў сабе ў дзённік, які вяду са студэнцкіх гадоў і ў які запісваю іншы раз выказванні вядомых пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў.

«Калі прыходзіць думка пра смерць, становіцца шкада не сябе, а тых, з кім жыву, з кім звязаны роднаснымі сувязямі. Яны будуць перажываць, ім без мяне будзе цяжка».

«Няўжо і мяне чакае некалі бруднейшая асаблівасць некаторых людзей — радавацца чужому гору? Пакуль мяне яно да слёз, да спазмы ў горле засмучае».

«Калі ў чалавека няма вялікай, колькі-небудзь важнай мэты, ён робіць яе са звычайных, прымітыўных патрэб: яда, адзенне, пажаднасць, мускулатура...»

«Злых людзей я навучыўся абяззбройваць прызнаннем сваіх недахопаў. Нават у іх гэта выклікала спачуванне».

«У сям’і. Не каханне, толькі найвышэйшая маральнасць утрымлівае чалавека ад здрады».

«Нішто так не выяўляе мае адносіны да людзей, як фальш з іх боку».

«Навошта ён (начальнік мой) пляце лапці інтрыг? Каб нячутна ступаць у іх па душах людзей?»

«Божа мой, колькі жаданняў, таемных і адкрытых, застаецца няздзейсненых з-за гэтага калецтва!»

«Для нас праблем не існуе, пакуль мы з імі не сутыкаемся. Колькі іх у мяне?»

«Як гэта цяжка не быць усёедным, адносіцца да кожнага так, як ён заслугоўвае, часам мяняючы толькі нейкі штрышок».

«Чалавек, які тонка адчувае, патрабуе і ад іншых тонкіх адносін да сябе».

«Трэба рабіць усё, каб памяць пра нас жыла і пасля нашай смерці».

«У барацьбе паміж сумленнем і абставінамі трэба выбіраць сумленне».

«Недахопамі іншага, у якім бачыць і свае, можа абурацца толькі няшчыры чалавек».

«Ведаеце, хто перамагае? Цярплівы».

 

...Надвечар Пятро Максімавіч сказаў, што яму закалола ў скроні, і па спіне пагнала халодныя мурашкі. Ён сумняваўся, а я чамусьці пэўна думаў, што Пятро Максімавіч застудзіўся пасля лазні: вецер на вуліцы ды яшчэ тое злашчаснае халоднае піва. Пятро Максімавіч пасмяяўся з гэтых маіх падазрэнняў, хоць і было яму цяжка варушыцца.

Я палажыў Пятру Максімавічу на лоб руку — у далонь ударыла цяпло. Я накінуў плашч і выскачыў з хаты. Было ўжо цёмна, і сек дробны рэдкі дождж, які невядома па чыёй ласцы называюць у нас капуснічак. Вецер расхінаў крыссе майго плашча, захлістваў за спіну, як крылы ў змучанай вароны, калі яна падае на зямлю. Пад ногі мне лучыла нешта жывое, ці то шчанё, ці то бадзяжны кот. «Бедненькі!» Я ледзь не заараў носам. Ускочыў у лужыну, набраў у чаравікі вады.

Тэлефонная будка стаяла на рагу вуліц, метраў за трыста, і неўзабаве я ўжо бачыў, як цьмяна блішчаць яе мокрыя шкляныя бакі, і ўся яна здалёк падобна нечым на мядзведзя са злымі, неразумнымі вачыма. Я недарэмна, аказалася, так нядобра падумаў пра будку, бо, калі падышоў, яшчэ і нагою стукнуў у яе: на апараце не было трубкі, адно вісела абарваная расцягнутая спружына.

«У садзіку павінен быць тэлефон...»

Вокны ў дзіцячым садзе на першым паверсе яшчэ свяціліся. Але дзверы былі замкнуты. Я патузаў іх, азіраючыся назад, у цемнату, у якой недзе блізка жаласна-асуджана мяўкаў кот.

Дзверы адчыніла маладжавая жанчына, у белым халаце, з яркімі вуснамі, можа, нават падмаляванымі. «Хто яна: прыбіральшчыца, выхавацелька, музыкантша, загадчыца?» — спалохана глядзела на мяне сваімі млявымі, як соннымі, вачыма.

— Добры вечар!.. Пазваніць трэба... — гаворачы, я адчуваў, як з маіх мокрых пальцаў выслізваецца дзвярная ручка. — «Хуткую» выклікаць. — Ужо з-за дзвярэй пачуў: «У нас службовы тэлефон, малады чалавек, а не для прыватнага карыстання».

Эх, бедная ножка мая, я з сілаю грукнуў «пырам» (успомніўся футбол) чаравіка ў дзверы, як не высадзіў у іх каляровае, сонечнае шкло, за якім, здаецца, ці не мільгануў яшчэ адзін цень.

Я бег па вуліцы ў цэнтр горада, да кінатэатра, дзе стаяла некалькі тэлефонных будак, калі ў спіну мне засвяцілі фары машыны, якая, мабыць, вынырнула з-за паварота, і чорны цень мой імкліва пабег наперад, абганяючы мяне, але не пакідаючы. Мне ўжо здавалася, што гэта адна са стрэл чалавечай чэрствасці, але... машына аказалася «хуткаю дапамогаю». Спынілася, калі я махнуў рукою. Людзі ў кабіне спакойна выслухалі мой блытаны расказ і яшчэ з большым спакоем сказалі, што адвязуць у бальніцу «сардэчніка», і тады калі не самі, то іншыя прыедуць.