Выбрать главу

Я прыбег увесь мокры; на падлозе і дыване, дзе я ішоў, заблішчала вада. Пятро Максімавіч ляжаў пад коўдраю на ложку з закрытымі вачыма і, здавалася, не дыхаў. У мяне стукала ў грудзях сэрца, як падвешаная на ланцужок гіра, і я баяўся, каб яно не разарвалася, як у таго чалавека, што павезла «хуткая дапамога». Пятро Максімавіч пачуў, што я прыйшоў, адплюшчыў вочы; папрасіў вады. Я прынёс з кухні чайнік кіпячонай вады, наліў у конаўку і папаіў Пятра Максімавіча.

Па вокнах разанула святло фар, аж сыпнулі з шыб зялёныя іскры кропель: «хуткая дапамога». У сенцах загрукалі нагамі людзі. Дактары — мужчына і маладая высокая, танюткая, як былка, дзяўчына — былі незнаёмыя.

— Вострае рэспіраторнае з магчымай пнеўманіяй, — голас у доктара быў мяккі, але мне стала ворашна ад ягоных слоў і чамусьці «рэспіраторнае» хацелася паправіць на «рэспіратарнае».

Мужчына-доктар выпісаў два рэцэпты і палажыў іх на табурэтку.

— Пасцельны рэжым.

Яшчэ не абсохшы, я зноў рынуўся ў мокрую, непрыветлівую, брыдкую, бы ануча, цемнату. Гэты раз — у аптэку. Баяўся, каб не захварэць самому, бо тады невядома, як будзе. Я туліўся ў плашч, шкадуючы, што не апрануў якую-небудзь ватоўку з сянец; там яе, вопраткі, вісіць не адно бярэма.

У аптэцы я напхаў цэлую кішэню жоўценькіх і белых таблетак — у каробачках і на папяровых пласцінках пад цэлафанавымі каўпачкамі. Я бег назад дахаты, а думкі мае ўжо беглі ў заўтрашні дзень: «Схаджу на базар і куплю мёду, малака, няхай Пятро Максімавіч п’е, грэецца...»

Пятро Максімавіч блага спаў. Спярша нібыта засынаў, чулася яго роўнае неглыбокае натужнае дыханне, потым з грудзей вырываўся дрыготкі пісклявы стогн, які тут жа зрываўся ў сутаргавы кашаль; кашаль быў сухі, з самае глыбіні лёгкіх.

Я ўключыў святло, падышоў да Пятра Максімавіча.

— Можа, яшчэ аспірыну даць? — Паправіў на грудзях коўдру.

Ён хітнуў галавою, прашаптаў: «Вады...»

Я падагрэў на пліце ваду і даў Пятру Максімавічу таблетку. Пад вачыма ў яго прарэзаліся глыбокія сінія падковы, твар здаваўся незнаёмым, нейкім вострым і сухім, бы маска, якую ўвесь час карцела зняць. Так часам хочацца зняць маску з фальшывага чалавека. Фальш — таксама хвароба, душэўная толькі, не зафіксаваная ні ў адным з медыцынскіх даведнікаў.

Уранні я зварыў Пятру Максімавічу рэдзенькі булёнчык з курынага сцегнячка, які адшукаў у маразілцы ў халадзільніку. Булёнчык быў сіні, з жоўтымі, бы таблеткі, скалкамі. Конаўка пякла мне рукі, але я прымушаў Пятра Максімавіча піць. На лоб яму высыпалі вялікія кроплі поту.

Пасля неспакойнай ночы я і сам адчуваў сябе млява, зліпаліся вочы, але Пятру Максімавічу патрэбен быў мёд, і я пачаў збірацца на базар. Узяў з судніка паўлітровы слоік, капронавую сетку і выйшаў з хаты.

На дварэ стаяла цішыня. Было вільготна. За акном у палісадніку, куды я даўно не заглядваў, нерухома стаялі мёртвыя, зрудзелыя галоўкі вяргінь. Неба па краях адкрылася чыстай, белай шырокай палосаю, як бы смяялася на ўвесь свой гіганцкі мяккі рот. На станцыі бадзёра чмыхалі паравозы, ляскалі буферамі вагонаў. Мужчынскі голас хрыпла крычаў: «Левы пуць! Правы пуць!» — і рэха ляцела ў нікуды, на край зямлі — «уць-уць» — як бы маніла качанят.

І яшчэ адзін ранішні гук улавіла маё вуха, калі я выйшаў з хаты: за горадам, мусіць, у бярэзніку, што прымыкае адным краем да балота, дзе ўлетку аж чырвона ад маліны, а другім да засеянага азімінаю поля, такавалі цецерукі. Іх мармытанне, што час ад часу змянялася кароткім «чуфырканнем», было вялае, пустое, незаядлівае: пад зіму цецерукі такуюць рэдка, мала, як бы толькі напамінаючы адзін аднаму, што ў добрай сіле чакаюць вясну і на першых жа, яшчэ халодных, усыпаных мяккімі перазімавалымі журавінамі праталінах, у першых проблісках світання, атручаныя цнатлівым «коханнем» цяцерак, счэпяцца ў зацятым, салодкім баі.

Міжволі думкі мае, падхопленыя крыламі ўзбуджанай фантазіі, перанесліся да Любы: як бы ні гаварылі, але Яму і Ёй без сустрэч не абысціся, як зерню без зямлі. Было б усё проста, калі б не хварэў Пятро Максімавіч. Можа, да вечара яму палепшае: варыянты чалавечага жыцця зменлівыя, таму ніводзін з іх не выглядае прамою лініяй, гэта — ці то заломы, як у маланкі, ці плаўныя зігзагі. Яшчэ большыя заломы і зігзагі ў каханні. Яно не ідзе па адзіна-адным зададзеным кірунку, як поезд па рэйках, і я баяўся за наша з Любаю каханне, я хацеў яго захаваць чыстым, непарушным, нічым не азмрочаным.