Выбрать главу

Клубам мы называлі бакавушку пры рэдакцыі, дзе захоўвалася папера, старыя падшыўкі газет, паламаныя крэслы, стол; іншы раз хлопцы забіраюцца туды, каб спакойна пасядзець, напісаць матэрыял. Усю дарогу мяне грызла віна, што, можа, пакрыўдзіў Любу.

З акна рэдактаравага кабінета святло падала на куст бэзу: галіны голыя і белыя, як абгрызеныя зайцам. Учора была сесія райсавета, і рэдактар, мабыць, піша з яе справаздачу: пленумы, сесіі, нарады — гэта яго «хлеб». А можа, проста гартае іншыя «раёнкі», што дасылаюцца ў рэдакцыю і якія па яго просьбе акуратна падшывае чамусьці не сакратар-машыністка, а карэктар — тая маўклівая дзяўчына з меланхалічным сумам на твары, якой Альбуціна прызналася, што пасылала свае творы вядомаму пісьменніку.

Я адчыніў дзверы ў кабінет рэдактара; Люба засталася на калідоры. Рэдактар — худы, высокі, з кароткімі светлымі валасамі, зачасанымі ўверх, — стаяў пасярод кабінета: мабыць, пачуўшы стук уваходных дзвярэй, хацеў праверыць, хто прыйшоў.

— Маладое дзела! — міргнуў ён, калі паслухаў мяне. — Можаце пагрэцца, такая халадзіна...

Ён паспрыяў мне не толькі ад спагады, як паказваў, а яшчэ і па разліку: маўляў, дазволю і тады буду мець жывенькі факт з тых правінак падначаленага, якія потым вымушаюць ліслівіць і закрываць вочы на промахі ды недахопы начальніка.

Мы зайшлі з Любаю ў вузкі прадаўгаваты пакой з дзвюма глухімі сценамі. Пад нагамі суха зарыпелі масніцы. Святла не ўключалі: на акне вісела старэнькая штора, і праз яе знадворку цадзіўся морак. Я добра бачыў Любу і нават тое, як блішчаць у яе вочы.

Было ціха, адно за сцяною час ад часу кашляў рэдактар. Мы селі за стол. Я дастаў з кішэні дзве шакаладкі; мы адломвалі па маленечкім кавалку і лажылі ў рот: я — Любе, яна — мне.

Калі мы цалаваліся, нашы вусны былі салодкія, і здавалася, мы не цалуемся, а п’ём-цягнем са шклянкі вільготны тугі цёплы мёд. Я незнарок зачапіў на стале стары вазон, ён упаў, стукнуўся аб падлогу і, гліняны, разбіўся на дробныя чарапкі. На шчасце? На калідор, чуваць было, выйшаў рэдактар, потым зноў вярнуўся ў кабінет.

Наша каханне было чыстае, маладое, але ўжо спелае і салодкае, бы яблык; і цешыліся мы ім спаўна, радаваліся, хаця, у адрозненне ад яблыка, вяршыня кахання — блізкасць — і лічыцца забароненым да пары да часу плодам; хто ведае, а можа, каханне, сапраўднае, мае адзін-адзіны міг найвышэйшага шчасця, які не варта выпускаць і ў які закаханыя павінны спапяліць сябе на яго агні. Колькі загадак яшчэ ў чалавечай душы?

Маўчаннем вялікі цяжар кахання не вытрымаеш — не адбудзеш. Гэта я ведаў. І адчуваў, што Люба чакае ад мяне слоў. І я не здзівіўся, калі яна, апускаючы вейкі, спытала:

— Коля, ты мяне кахаеш?

— Канечне, кахаю... Але ці трэба пра гэта крычаць?

— Ты не крычы, а скажы шэптам, як ты мяне кахаеш?

— Вельмі моцна, на ўсё жыццё.

— Гэта агульныя словы. Якое яно, тваё каханне?

— Думаеш, я ведаю? Яно — гэта нешта невыразнае, тое, на што ніколі не губляецца надзея.

— Туманна...

— Каханне і ёсць туман, тайна, якія хаваюць ямы, перашкоды, а то і прорвы, і мы ідзём у гэтым тумане ачмурэлыя, але шчаслівыя...

Люба стрымана ўсміхнулася, нешта з маёй «філасофіі» ёй дайшло, пранікла радасцю ў сэрца, яна захвалявалася, дыханне ў яе было няроўнае, быццам туга завязаная хустка сціскала ёй горла, я адчуваў, што яна цяжэе ў маіх руках, як непрытомная; калі б мы былі дзе-небудзь у лузе на траве, сярод кветак, я апусціў бы, здаецца, яе і сам бездапаможна рухнуў бы побач, і нам цэлую вечнасць не хацелася б уставаць, абязволеным пачуццёвым дурманам, у якім бы ўсё чароўна пераплялося: і трава пад спінамі, і пах кветак, і мы самі, і неба з зямлёю...

У нейкае высокае імгненне мне нават здалося, што нас падхапіў вялізны шар і панёс у цёплае блакітнае марыва; гайдалася і кружылася ўнізе прыгожая, зялёная зямля. Гэта быў ці то сон, ці то мара-фантазія. І вось я ўявіў ужо, што шар занёс нас на Месяц, а можа, на якую другую планету — халодную, цвёрдую, зусім голую, бы камень; мне стала не па сабе: няўжо такое пяшчотнае і тонкае пачуццё, як каханне, сатрэцца і згіне ў гэтай грубай і няўтульнай змрочнасці?

...Я не магу сказаць, што гэта — было прадчуванне, але гаворка ў нас, як мы выйшлі з нашага «клуба», не ладзілася. Бывае такое: няма аб чым гаварыць, і ты маўчыш, каб не фальшывіць. І як шкада, што часам з-за боязі, нежадання фальшывіць, мы прытупляем у сабе дабрату, ласку да чалавека, асабліва жанчыны. Думкі ў мяне блыталіся, як маладая высокая стаптаная нагамі трава. Я разумеў: тую пустату, што немінуча ўтвараецца ў душы, калі з яе пачынае выветрывацца любоўны чад, можна запоўніць другім пачуццём — хвалююча непаўторным, загадкава жаданым і той жа час нейкім гарэзліва-легкадумным, прымітыўным, неглыбокім (у параўнанні з першым), якое нараджаецца, калі думаеш несці заяву на шлюб; пачуццё гэтае ва мне жыло даўно, і я вывучыў яго да тонкасцей.