Выбрать главу

Вакол месяца імгліўся празрысты, блакітнаваты вяночак — прымета, што хутка выпадзе снег, трывалы, жорсткі, на цэлую зіму. Хто б мог падумаць, што і на сэрцы нашы аж да самага лета ляжа бязлітасны снег адчужанасці, самаўпэўненай, маладой безразважнасці і падазронасці?

Мы ішлі ціхаю вулачкаю, нязвычна голаю і мёртваю без машын, дрэў, без куч цэглы і пяску. Як быццам тут і не жылі людзі. І раптам з цёмнага двара, з-за высокіх дашчаных варот выпнулася кампанія (чалавек пяць) хлопцаў; ішлі насустрач моўчкі, і калі разміналіся, адзін з іх ударыў мне кулаком у твар. У мяне бліснула ў вачах...

...Люба стаяла нада мною, тузала за рукі і плакала. Вакол ні душы. Гады! За што ўдарылі? Выпадковасць, помста ці звычайнае, бяздумнае хуліганства? Адчай і абурэнне разрывалі мне галаву і сэрца: і не толькі таму, што не даў нахабнікам здачы, а іменна таму, што не ведаў, з-за чаго паплаціўся. Люба клялася-бажылася, што яна тут ні пры чым, што ў яе не было да мяне хлопца; праўда, заляцаўся адзін час работнік банка, Хенькін, стары халасцяк, тоўсты і нецікавы мужчына. Не будзе ж ён, салідны чалавек, займацца легкадумнымі штучкамі. Дык што, можа, Пшонік падгаварыў якіх-небудзь забулдонаў: ён, каб звесці з арэны канкурэнта, можа пайсці і на такое? Толькі наўрад, на зборах ён паказаў, што і ў ім чуласць ёсць. А можа, усё-такі Люба нешта хавае ад мяне? Як жа прыкра — быць недаверлівым, хаця і прыпісваюць гэту ўласцівасць натурам глыбокім, уражлівым і назіральным, якія за знешняю прыстойнасцю могуць разгледзець тое заганнае, што людзі звычайна ўтойваюць.

Мне было сорамна, хоць, як кажуць, скрозь зямлю праваліся ці разнясі сябе пылам па ветры. Я не мог падняць спакойна вочы на Любу, ішоў побач моўчкі, і ў мяне звінела галава, акурат званы на цэркаўцы ў парку. Люба, мабыць, сур’ёзна пакрыўдзілася. Як, як я мог падумаць, што яна ў нечым вінавата? Я прасіў прабачэння, а яна маўчала, і ў гэты момант мне чамусьці стала ясна, што мы з Любаю надоўга разыдземся. Мабыць, гэта жахліва — пакутаваць невінаватаму.

* * *

Лета прыйшло з пахучаю зелянінаю, з духмяным, салодкім жытнёвым водарам-мёдам, які заплываў з поля аж сюды, у горад. У садах завязаліся маленькія апушаныя вузельчыкі яблык, а на клумбах усцяж цэнтральнай вуліцы свежаю крывяною чырванню зацвілі цюльпаны і «пчолкі». На таполях у парку і на званіцы цэркаўкі, якую вясной «падмаладзілі» белаю фарбаю, падавалі дзяркатае кэрханне грачаняты.

Жывому — жывое.

На завулку гулялі вяселле, акурат напроці нашага двара. Грымела музыка, заводзіліся песні, чуўся нястрымны смех. Людзі весяліліся. А ў мяне на душы было цяжка, я страшэнна сумаваў па Любе і шукаў прычыну, каб сустрэцца ці пазваніць ёй. Ведаючы, што пад шум ды гам я не змагу дома ні пісаць, ні чытаць, я пазней засядзеўся ў рэдакцыі, за што потым дакараў сябе і праклінаў закон подласці, якім нярэдка мы апраўдваем і сваё няўмельства ці някемлівасць і воляю якога абвяргаем заканамерную ў жыццёвай крутаверці з’яву.

Быў ясны вечар з чыстым, як маміна душа, высокім небам, густа пахла маладая сакавітая трава. Я адчыніў весніцы і скрозь рып спружын пачуў голас Пятра Максімавіча; але самога нідзе не было відаць. Можа, здалося? Я наструніўся, бо вушы былі заканапачаны трэскам ударніка, звонам гітар і круглым буханнем барабана. Пятро Максімавіч яшчэ раз гукнуў мяне. З гарода. І я падумаў, што ён за сенцамі каля кустоў парэчак, вастраваты водар якіх, казаў, аблягчае яму дыханне.

На гарод, як і ў двор, весніцы былі на спружынах, высокія, і адчыняліся яны штуршком рукі ці пляча; услед самі зачыняліся, як тыя шкляныя дзверы ў шпіталі ў Бараўлянах.

Пятра Максімавіча не было ні за сенцамі, каля сцяны якіх ляжаў грудок пазелянелай цэглы, ні каля парэчак, што раслі паўз плот і з якіх цяжка звісалі гірлянды чырвоных ягад.

Што за дзіва? Я трымаў у руках «дыпламат», браў напераменку то ў правую, то ў левую руку. Ззаду ў мяне рыпнулі дзверы маленькай, бы шпакоўня, адрынкі, у якую складвалі брыкет.

— Я тут, — голас Пятра Максімавіча.

Здаецца, зразу, а можа, і не зразу — не помню, я здагадаўся, у якую бяду трапіў Пятро Максімавіч. Я прыладзіў у развілку яблыні «дыпламат». Дзверы ў адрынцы прачыніліся шырэй: Пятро Максімавіч сядзеў на дыбках, у яго былі голыя каленкі. Ён глянуў на мяне мелькам, потым увесь час зацята глядзеў у зямлю.

Пятро Максімавіч насіў штаны на гумцы; гумка лопнула, і ён колькі часу сядзеў у адрынцы і чакаў мяне. Пайсці не мог, бо праз частакол добра відаць з вуліцы, і хто-небудзь з вясельнікаў, убачыўшы яго, падумаў бы, што чалавек здурэў ці п’яны. Я адно цяпер згледзеў на зямлі тупыя канаўкі-сляды ад каленак.