Я зацягнуў гумку ў вушкі штаноў і звязаў канцы; апярэджваючы мяне, Пятро Максімавіч спрытна паддзеў куцкамі штаны знізу, раз, другі, запіхаў за паясніцу кашулю.
Мы пайшлі ў хату моўчкі. Я забыў на яблыні «дыпламат». Вярнуўся па яго надзіва павольнаю хадою. Я думаў, што Пятро Максімавіч пойдзе да сябе ў пакой і будзе там сядзець. Але ён чакаў мяне, яго вочы гарэлі ўзрушанасцю, ён глядзеў на мяне імі шчыра, адкрыта, моргаючы, як дзіця.
— Вось да якіх казусаў даходзіць!.. І так усё жыццё... Каб таму Гітлеру і на тым свеце спакою не было! — Я бачыў, з якою балючаю, надрыўнаю дзёрзкасцю вымавіў Пятро Максімавіч гэты праклён.— Вот судзілі іх, нацысцкіх верхаводаў, у Нюрнбергу, павесілі, і ўсё. А я вазіў бы іх па месцах, дзе яны лютавалі, і паказваў... Калі ў іх хоць нешта засталося ад людзей, яны не вытрымалі б... — Пятро Максімавіч доўга маўчаў, і калі б у яго былі кулакі, я ўявіў, як бы яны сціснуліся. — І з тымі, хто сёння рыхтуе вайну, я таксама так рабіў бы... Такое жыццё харошае, э-эх!.. — Я адчуў, што праз гэтае «э-эх!» выйшла з душы шкадаванне пра тыя няздзейсненыя жаданні, пра якія Пятро Максімавіч запісаў у блакноце. — Захавайце мір — гэта апошнія словы, якія скажам мы, ветэраны, вам, сыходзячы ў магілу... — Пятро Максімавіч падышоў да акна, нейкі неўтаймоўны парыў рашучасці быў у ягонай постаці. Я ніколі не думаў, што столькі ўнутранай сілы можа выліцца ў чалавеку праз вочы, твар, крокі.
Пятро Максімавіч лёг спаць рана, але доўга не засынаў: уздыхаў, крахтаў, шалясцеў папераю, мабыць, перачытваў пісьмы ад жонкі. Яна апошнім часам піша яму часта: унучка вучыцца старанна, на адны «пяцёркі». У гэтую ноч я ўпершыню пачуў, як Пятро Максімавіч стогне — дзіка, страшна, як выюць снарады: і-у-у-у, гак! Я, прахапіўшыся, пабег да яго, затармасіў... «А! Што?.. — ачнуўся ён. Пазнаў мяне. — Стагнаў? Прабач...» Гэтае «прабач» спёрла мне дыханне, ледзь дайшоў да ложка, заваліўся на яго тварам у падушку...
Уранні, як амаль заўсёды, я прачнуўся ад тупату ног Пятра Максімавіча: чымся мацнейшы тупат, тым болей Пятро Максімавіч нечым устрывожаны.
— Можа, на рыбку адскочым, га?.. — сказаў ён мне, калі я выйшаў са свайго пакоя. Мабыць, ён хоча як хутчэй забыцца на ўчарашні казус, падумаў я, а можа, проста любіць возера, бераг, ваду...
Я таксама ўмеў і любіў лавіць рыбу; лічы, з той пары, як і помню сябе, як усвядоміў, што жыву на свеце, магу чуць і бачыць, адчуваць і разумець. Я вырас на Сажы; мой старэйшы брат быў заядлы рыбак, цяпер плавае на рыбалавецкім траўлеры ў Балтыйскім моры; ён часта браў мяне з сабою на Сож; я лавіў у траве цвыркуноў, на кветках — мух і ўсякіх мяккіх кузурак; у чэрвені ў паветра выляталі чорнымі хмарамі касцюры, гэта па-нашаму, а па-навуковаму — аўсянік (эфетэраптэра), яны жывуць усяго некалькі гадзін, адно каб спарыцца, а затым падаюць у ваду, і рыба хапае іх, аж кіпіць рака. З ручаёў я выграбаў шыцікаў — беленькіх маленькіх чарвячкоў у адмыслова склееных трубачках. Калі запас нажыўкі быў вялікі, брат даваў мне вудачку.
Праўда, ужо тады, як жыццёвая плынь адарвала і панесла мяне ад берагоў Сажа, жаданне рыбаліць прытупілася, а можа, і назусім адпала б, калі б не сны: часта і нават вельмі часта я сніў, як цягаю вудаю зубастых шыракалобых шчупакоў ды паласатых, як зебры, акунёў, заўсёды здаравенных, якіх, помніцца, у сапраўднасці ніколі не лавіў. Але як толькі выпадала апынуцца дзе-небудзь каля вады, у душы абзывалася тая даўняя, дзіцячая, хваравіта-салодкая прага да рыбнай лоўлі.
Дык вось, рыбу вудзіць я любіў і ўмеў, а таму абрадаваўся прапанове Пятра Максімавіча. Але першае, што падумалася — гэта: «А як ён будзе лавіць?» Не мог я ўявіць ніводную снасць, з якою мог бы ўправіцца чалавек без рук. Пятро Максімавіч убачыў гэту маю разгубленасць.
— Вудачкі ў мяне ёсць, пад страху падторкнуў. Жылка, кручкі, грузілы, паплаўкі запасныя і ўсё такое... у прыскрынку ў каробцы. — Голас у яго быў нейкі хапатліва-адрывісты, нервовы.
На гародзе за сенцамі, пад цэглаю, я накапаў чарвякоў; замясілі цеста, спырснулі яго алеем.
Возера было вялікае, над ім вісеў рэдкі туман; далёкі бераг ледзь угадваўся, цямнеў тонкаю рудою нітачкаю. Блізкі бераг быў пясчаны, называўся выспаю; сонечнымі днямі тут загаралі людзі, хаця дно ў возеры і глеістае, слізгае пад нагамі, як мыла, а патрывожаная вада зразу становіцца мутна-зеленаватаю, бы сыроватка. Але ўсё роўна Пшонік хадзіў сюды купацца — адно таму, што тут, на зялёненькай траўцы, каля вады, любіў загараць адзін высокі начальнік, і ў Пшоніка была магчымасць лішні раз паказацца таму на вочы, перакінуцца словам ці няўзнак паднесці запалку, стрэсці з адзення наліплыя пясчынкі... А вось, не пайдзі на грэх, прыдасца!