Перад Любіным домам я спыніўся: у садзе проста на снезе сядзелі два снегіры, згіналі дзюбкамі сухія былкі крапівы. Адзін быў яркі, чырвоны, а другі — бледна-фіялетавы, дымчаты. Ад іх саміх, іх мірнага спакою веяла на ўвесь свет цішынёю.
На ганак выбегла Люба і, разгубленая, спынілася.
З таго часу прайшоў не адзін год, многа болей, чымся я ведаў Пятра Максімавіча. Жыццё, як вядома, не толькі радасці. Калі мне бывае тужліва, чамусьці заўсёды ўспамінаю Пятра Максімавіча; ён прыходзіць да мяне, як сон, як праўда з небыцця, а я хачу, каб гэта было ў сапраўднасці, і тады, я ўпэўнены, размова з ім надала б мне душэўнай трываласці, а нейкая часцінка яго маральнага вопыту засталася б у маёй душы — так заўсёды было, калі я жыў у Рэпкавічах, што на роднай мне Магілёўшчыне.
Нядаўна ў прэсе, па радыё і тэлебачанні ішло многа матэрыялаў, якія расказвалі пра ахвяры амерыканскіх атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі. Жахлівае відовішча! Тысячы знявечаных старых, жанчын і дзяцей... Бязрадасная асуджанасць тых, хто цудам выжыў...
Кашмар!
Уражаны ім, я колькі начэй сніў адзін і той жа сон: густы, чорны ядзерны грыб і перад ім чалавек з паднятымі ўгору абрубкамі рук, і я штосілы бягу на помач гэтаму чалавеку — гнала адчуванне, што калі ён упадзе, трэба стаць на яго месца. Ні крыку, ні ляманту, ні выцця, толькі светлы нямы сілуэт на фоне чорнага ядзернага грыба.
Я прахопліваўся: у пакоі была цішыня, спала побач Люба, яе абдымала ручкаю наша дачка.