Лета перайшло ў восень, а я перайшоў на новую кватэру.
Пакойчык, на радасць мне, быў невялікі: можа, і на дзіва каму, але мне лепей пішацца заўсёды ва ўтульных закутках, дзе ўсё да мяне бліжэй — сцены, вокны, кнігі, дзверы, — абціскае з усіх бакоў і быццам памагае скучваць думкі, не дае разбягацца ім, круціць у адным клубку, як у віры. Па левую руку, на шырыню сцяны, стаяў стары жалезны высокі ложак, ён упіраўся краем бліскучага біла ў цёмны патрэсканы вушак акна. У куце справа туліўся невялікі, вузкі, як школьная парта, столік, а над ім вісела самаробная кніжная паліца.
Пад акном у садзе расла яблыня, так блізка, што хоць адчыняй фортачку і зрывай з галіны тры, мабыць, забытыя гаспадарамі яблыкі: у пакойчыку стаяў духмяна-густаваты пах, які лёгенька кружыў галаву, а на душы чамусьці сеяў самоту — па вёсцы, ці што.
Чамадан свой і «архіў» — кардонную каробку з-пад пішучай машынкі — засунуў пад ложак; туды ж, не распакоўваючы, згрудзіў стопкі кніг, звязаныя шпагатам, а на паліцу паставіў адно тое, што трэба пад рукою на кожны дзень.
Увечары, калі я сеў пісаць дахаты пісьмо з новым адрасам, святло настольнай лямпы высвечвала за акном яблыню; у поўнач я добра бачыў матавыя кропелькі расы на тых трох яблыках, а на цёмных бліскучых шыбах пяшчотныя, як сняжынкі, крыльцы начных матылькоў.
Чатыры дні на тыдні ў Галіны Андрэеўны былі першыя ўрокі. І я таксама ішоў на працу к дзевяці. Галіна Андрэеўна разумела, што мне, маладому хлопцу, няёмка таптацца разам з ёй на кухні; яна ўставала раней, у сем гадзін; снедала ды ішла ў залу за стол, гартала планы, падручнікі. Я чуў яе тупое астматычнае пакэрхванне.
Тады ўжо я ішоў на кухню. У халадзільніку ў мяне ляжалі яйкі, кавалак каўбасы, масла, на якое ў Рэпкавічах ніколі не бывае нястачы, стаяла бутэлька малака ці кефіру. Нават пры самай беднай кухарскай фантазіі з гэтых прадуктаў можна скулінарыць сытнае снеданне. А хутка я ўпэўніўся, што такое самаручнае гатаванне, як і казала Галіна Андрэеўна, ашчаджае не толькі час, але і грошы, якіх у халасцякоў заўсёды не хапае ад палучкі да палучкі.
Пшонік, вітаючыся раніцаю са мною за руку, у натужнай глыбакадумнасці жмурыў вочы і кожны раз пытаўся: «Ну, як на новай кватэры?» Я бачыў, што ён хоча, каб я абураўся, а мне было добра на новай кватэры, і я хваліўся, разумеючы, што і на макулінку не хлушу. Пшонік хмыкаў і глядзеў, не мігаючы, на мяне так, быццам нешта патаемнае ведаў і хацеў пранюхаць, ці вядома яно мне.
Літаратурны штотыднёвік надрукаваў маё апавяданне — па раённых мерках (радкі, радкі, як яны ўядаюцца ў мазгі журналістаў-раёншчыкаў!) — вялікае, амаль на цэлы высокі падвал, з партрэтам, біяграфічнай даведкаю і клішыраваным загалоўкам. Я купіў у кіёску штотыднёвік. Ішоў па вуліцы. І радасць, і захапленне, і дзіўная ўзрушанасць — усё разам напаўняла маю душу, і яна мне ў гэты момант уяўлялася такой вялікай, ёмістай, бы зямны шар. Свяціла сонца. Паветра было халоднае, празрыстае, а неба аж белае, з цёмнымі, як вугаль, воблачкамі, ад кудзельнай гушчыні якіх сыходзіла на зямлю нейкая гарэзлівая засяроджанасць. Вецер зацята гарнуў па асфальце жоўтае, яшчэ свежае лісце і прыпячатваў да маіх штаноў, быццам маскіраваў мяне пад восеньскае ўбранне, зліваў у гэту мінуту з наваколлем, суладдзе якога мы ў радасці не прымячаем.
У парку на лаўцы сядзелі Пшонік і Ніна Альбуціна. Пшонік трымаў перад сабою разгорнуты свежы ружовафарбны штотыднёвік, а Ніна забаўлялася з букецікам жоўтага лісця, гладзіла яго асцярожна па самых кончыках, вострых, бы іголкі, падносіла да твару і зажмурвала вочы; хіталася, акурат спявала песню: яна любіла спяваць — сведчанне таго, што душа ў яе не драмала.
— Добры дзень! — павітаўся я.
Ніна падскочыла, пачырванела, ад чаго яе настылыя на холадзе шчокі ўзяліся дымчата-барвовымі плямамі, павіншавала мяне з дэбютам, здаецца, шчыра, без прыкрага салодзенькага фальшу, якім людзі часта прыкрываюць сваю зайздрасць. Пшонік яшчэ не паспеў, мабыць, нашаптаць ёй пра маё апавяданне, інакш яна, змагаючыся з сабою, змаўчала б, хоць таксама пісала нешта «для сябе», нават пасылала аднаму вядомаму пісьменніку свае спробы, якія той арыгінальна ацаніў — школьнымі баламі: 2, 3, 4, 5. Пра гэта мне расказала карэктар, сціплая добрая дзяўчына з вялікімі цёмнымі вачыма, пастаянны сум у якіх ці не гаварыў пра глыбокую меланхалічнасць яе натуры.
Пшонік адно глянуў на мяне паўзверх газеты, нахмурыў бровы, між якімі сядзела ладная, з кнопку, бародаўка, і зноў уталопіўся ў газету. Смехата! Чалавек жывасілам выціскае з сябе раўнадушша і да мяне, і да майго апавядання, каб я, крый бог, не падумаў, што ён зайздросціць. Дзівак, канечне. Быццам ніхто не ведае, што ён зайздроснік першай маркі; і ўсё ад сваёй журналісцкай пасрэднасці, якая, аднак, заўсёды ва ўсіх намерваецца на боскае прызнанне.