Скрозь ствалы таполяў і голыя зараснікі язміну я бачыў, як бліскалі на вуліцы аўтобусы і легкавікі. І ствалы таполяў блішчалі, як слюда, і бляск іх адбіваўся ў Пшонікавых вачах, як ні стараўся ён засланяцца газетаю.
Мы сядзелі, як чужыя; гаварылі з Нінаю пра цяжкі дзень панядзелак, калі трэба выпусціць газету за дзень, а не за два, як астатнія нумары. Яшчэ было б паўбяды, калі б у друкарні былі добрыя лінатыпісткі. Вопытная, трыццацігадовая прыгажуня Рыта Лагацкая пайшла ў дэкрэтны адпачынак (нарадзіла дачушку, і мы ўсе радаваліся, хадзілі віншаваць), а тыя дзве маладзенькія дзяўчынкі, што прыслала нам Мінскае вучылішча паліграфістаў, пакуль што больш і ахвотней усміхаліся адна адной і люстэркам, якія пастаянна насілі ў глыбокіх кішэнях халатаў, чымся дбалі пра набор. Радкі ў іх адліваліся марудна, клаліся ў латок наперакасяк; старонкі спярэшчваліся карэктарскім алоўкам нават і пасля першай праўкі.
І адно тады, як гаварыць не было пра што, Пшонік зняцяйкі секануў мяне вачыма і едкім пытаннем:
— Навошта лухтой займаешся?
Усур’ёз браць да галавы Пшонікава пытанне я не мог, бо паказаў бы, што ў ім ёсць праўда і што яно мяне закранула, а па-другое, таптаў бы і сам тое кволае, што так ці іначай вырастала з маёй душы; і таму я засмяяўся, мабыць, так, як смяецца дарослы з дзіцячае наіўнасці, якая, аднак, прыносіць асалоду і ў адказ на сябе патрабуе сур’ёзнасці.
— Для каго лухта, а для каго, можа, і сэнс нейкі мае, — сказаў я скрозь смех, у напышлівай танальнасці слоў наўмысна пакідаючы месца для іроніі з сябе.
— Ды кінь ты!.. — Пшонік пляснуў газету побач на лаўку.— Каму гэта трэба? Пра ўсё ўжо даўно напісана і перапісана. Класіку чытаць трэба, таварыш пісьменнік.
Калі б я ўлавіў у ягоным голасе хоць крышку сумнення, то яшчэ б паспрачаўся: пра самабытнасць чалавека, яго непаўторнае светабачанне, душу. Але Пшонік, адчулася зразу, сваю зацятасць безаглядна перанёс і на такую далікатную ды тонкую рэч, як літаратура, і я зразумеў, што думкі нашы разбягуцца ў процілеглыя тупікі.
Потым, праз некалькі гадоў, Пшонік, прачытаўшы ў тым жа штотыднёвіку крытычныя заўвагі па маёй аповесці, будзе сутаргава, як паралітык, бегаць па кабінетах і крычаць: «Га, што я гаварыў? Лухтою чалавек займаецца! Во глядзіце!..»
* * *
У канцы лістапада з рэдакцыі штотыднёвіка мне прыйшло пісьмо: прасілі прыехаць «для бліжэйшага знаёмства». Я доўга не думаў, ехаць або не; трэба ехаць. І я сказаў рэдактару пра свой намер, нават і блізка не падазраючы, што яму не проста будзе адпусціць мяне на адзін дзень — я адпрошваўся на пятніцу; і замінка была не ў тым, вядома, што мой «прагул» неяк пашкодзіць газеце, а ў тым, што рэдактара насцярожылі сталічныя запросіны, і ў іх яму бачылася ледзь не маё «дэзерцірства».
— Глядзі ж у мяне! — Рэдактар на развітанне шматзначна паківаў пальцам сваёй пухленькай лілаваскурай далоні, поціск якой быў слабы, як у жанчыны ці ў чалавека, які па нейкай прычыне не хоча з табою вітацца і падае руку адно дзеля прыстойнасці.
Я ішоў па вуліцы і нічога не прымячаў вакол сябе: думкамі быў ужо ў Мінску.
Галіна Андрэеўна сядзела за сталом каля акна і вязала дзіцячыя шкарпэткі. Яна паглядзела на мяне, позірк у яе быў задуменны і як быццам трывожны.
— Еду ў Мінск, — сказаў я: ведаў, Галіна Андрэеўна не застанецца абыякавая да маёй паездкі. Яна і праўда затурбавалася, але ніяк не магла падступіцца да мяне з просьбаю: мусіць, яе стрымлівала думка, што мне і са сваімі клопатамі хопіць мітусні, дык навошта яшчэ і чужыя.
— Можа, вам што-небудзь прывезці? — спытаў я, ідучы Галіне Андрэеўне на выручку, калі яна зноў — ужо каторы раз! — спынілася каля мяне. У яе вачах скакалі неспакойныя, нервовыя іскрынкі.
— А ці будзе ў вас час?
Мне не падабалася, з самага пачатку, што Галіна Андрэеўна, малодшы сын якой старэйшы за мяне на два гады, называла мяне на «вы»: мусіць, не толькі таму, што працаваў у рэдакцыі, да якой у людзей заўсёды бачыў шчырую павагу, але яшчэ і таму, што ад прыроды была інтэлігентная і далікатная, чаго не прышчэпіш чалавеку самым вытанчаным выхаваннем. Я бянтэжыўся, чырванеў, і гаворка не ладзілася, крышылася, бы сырая, непрапаленая цагліна.
— Будзе ў мяне час, не турбуйцеся, калі ласка...
Яна схадзіла ў спальню і прынесла папяровы пакунак, накрыж перавязаны белай капронавай ніткаю. Ён быў надзіва лёгкі, як ёлачная цацка, і ў ім нешта пераліўна, тоненька задзілінькала.