Выбрать главу

— Гэта дэфіцытнае лякарства. Перадайце, прашу вас, майму мужу, — сказала яна і падала мне паперку, — вось па гэтым адрасу.

Не ад цікавасці, а найперш з-за таго, каб паказаць, што адгукаюся на просьбу са шчырай ахвотаю, нераўнадушна, я разгарнуў паперку: «Бараўляны. Шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, палата № 8. Рубчэню Пятру Максімавічу». А каб яшчэ болей падмацаваць у Галіны Андрэеўны думку, што паездка ў Бараўляны не стане мне вялікім клопатам, сказаў:

— Ведаю, дзе Бараўляны. Пад Мінскам, у бок Лагойска...

Мабыць, я і праўда з такою жаданай хапатлівасцю лавіў кожнае слова Галіны Андрэеўны, што назаўтра яна, праводзячы мяне за весніцы, папрасіла яшчэ, каб я — зноў-такі, «як будзе час», — купіў ёй сітнага хлеба, «таго, што з кменам».

На вакзале ў Мінску было многа людзей — заклапочаныя; мітуслівыя; надзіва спакойныя твары. Стаяў густы, высокі гул. З паўгадзіны назад шчодра, па-восеньску ўладна прашумеў дождж, і прывакзальная плошча была мокрая, у спадзінах валавяна блішчэлі лужыны, веерам, імгненна, разляталіся, калі па іх жыгалі таксі, і гэтак жа хутка зноў збіраліся ў люстэркі шэрага, халоднага колеру — над горадам віселі нізкія збэрсаныя хмары.

Перад будынкам чыгуначнага вакзала акуратна выстраіліся «Ікарусы», новенькія, чысценькія, аж зіхацяць, яны падобны нечым на фанабэрыстых галагуцкіх пеўняў; мабыць, чакаюць нейкую дэлегацыю ці экскурсію, бо за шклом на кожным аўтобусе нема крычыць надпіс: ХАТЫНЬ.

Па самой плошчы, на тратуарах, каля машын снуюць галубы; узлятаюць на дахі дамоў, а то хаваюцца ў душніках, якія нагадваюць суфлёрскія будачкі. Шкада, што з-за хмар не прабіваецца сонца, мне падабаецца, як пасля дажджу яно мядзяна палымнее ў вокнах шматпавярховых гмахаў, якіх у Рэпкавічах, на жаль, яшчэ не пабудавалі, калі не лічыць шасціпавярховых «карлікаў».

Яшчэ дарогаю спланаваў, што перш адвязу лякарства, а тады зайду ў рэдакцыю. Аўтобусы на Бараўляны, ведаў, адпраўляюцца з той пляцоўкі, што каля кас папярэдняга продажу білетаў. Пайшоў туды. Каля закратаваных акенцаў прысадзістага драўлянага будынка з белым шыферным дахам стаялі, як зазвычай, даўгія чэргі. Паўз нізкі металічны бар’ерчык тырчаць слупы з белымі чатырохкутнікамі — на іх чорнаю фарбаю напісаны маршруты. Адшукаў, прачытаў: на Бараўляны — 155. У чарзе на пасадку ўдакладніў нумар аўтобуса яшчэ раз. Чамусьці мяне заўсёды цягне некалькі разоў увервацца ў тым, што, здаецца, і так ужо не сее ніякіх сумненняў. Але ўсё роўна здараюцца прыгоды. Ад такіх дробных, як, напрыклад, у сталоўцы: выберу сабе ў меню страву, а як дойдзе чарга да раздачы, якраз апошнюю порцыю перад самым носам забяруць. Дык вось, ад такіх дробных смехатворных прыгод і да самых абуральных: раз нехта са знаёмых трапіў п’яны ў міліцыю, а назваў маё прозвішча, і мне доўга давялося выблытвацца з гісторыі, пакуль нарэшце мяне «рэабілітавалі».

Зайшоў у аўтобус; каля самых дзвярэй было вольнае сядзенне — аднамеснае, атуленае ў белы чахол. Мне б скеміць, на што гэты чахол, не, пракампасціраваў талон і гупнуўся на сядзенне; палажыў на калені «дыпламат». Задумаўся, як зазвычай у дарозе, і раптам чую: «Асвабадзіця, гражданін, служэбнае месца!» Каля мяне стаіць чырванашчокая кабета з маленькаю, як дзіцячаю, сумачкаю праз плячо і круціць на драцяным абручыку ружовыя рулончыкі білетаў. Кандуктар! І як я зразу не здагадаўся, што гэта «начальніцкае» сядзенне? Дзіўная псіхалогія ў чалавека: дай маленькую ўладу, тут жа робіць усё, каб не ўроўніваць сябе з астатнімі, хоць крэслам, але выдзеліцца.

Купіў білет — талоны, аказваецца, на гэтым маршруце не маюць сілы — і перабраўся на задняе сядзенне, дзе якраз каля акна было яшчэ вольнае месца.

На прыпынку «Камароўка» людзей падбавілася, і дзядзька з двума лазовымі кошыкамі, убіўшыся на сядзенне, прыціснуў мяне так, што я не мог паварушыць рукою. Дзядзька быў тоўсты, няголены, у ватоўцы і замасленых штанах, а кошыкі, якія ён трымаў аберуч за дужку, пахлі яблыкамі і, спрэс утыканыя саломінкамі, былі падобны на кацінае мурло.

Класічны гандляр, падумалася пра дзядзьку. Але ж стаяць за гандлярскім сталом і не такія, а інтэлігентныя з выгляду мужчыны — прасветленыя твары, негрубыя рукі, правільныя словы, чыстая кашуля, гальштук. Я не столькі гэтым людзям здзіўляўся, колькі імі абураўся: што прымушае іх прыніжацца (іначай не скажаш), стаяць, лісліва заглядваць у вочы, махаць рукамі, зазываючы на свой тавар пакупнікоў; і самае горшае тут — што не з-за ласкі яны ідуць на такое, а з-за хцівасці сваёй, якая, можа, як ні што іншае забівае ў чалавеку дабрачыннасць.