Выбрать главу

І раптам адтуль, з пярэдняга краю чуем: «Параніла!!!» Твары ў хлопцаў імгненна сталі белыя, у вачах застыў жах. Сумятня. Воханні. У мяне таксама халадок па спіне слізгануў. Але і тады, калі прыбег пасыльны і сказаў, што «нікога не параніла, а толькі прасекла асколкам бот», ніхто не асмеліўся выходзіць на агнявы рубеж: хто ў зямлю глядзеў, хто ў неба, адзін, моднік факультэцкі, люстэрка дастаў і ўнурыўся ў яго. Я дык — дзіва! — на зялёнага чарвячка загледзеўся: з жоўценькай галоўкаю і рудымі макулінкамі вачэй, ён грыз травінку, адмыслова выразаў сківічкамі ўзоры на ёй. Дыхнуў вецер — чарвячок упаў у траву, і тут аднекуль рашучасць у мяне з’явілася, ускочыў я на бруствер.

Афіцэр-выкладчык паглядзеў на мяне з павагаю і даў гранату. Я вырваў у ёй кальцо і, прыціскаючы сутаргавымі пальцамі вузенькі белы рычажок, пайшоў у «атаку». Назад варочаюся, бачу, хлопцы галовы паднялі з траншэй. Першы, ён усягды рызыкуе болей, чымся тыя, хто следам ідзе, хаця фартуна іншы раз усё блытае.

 

Гэту яловую і пачуццёвую змрочнасць вобміг рассеяла пранізліва-белая яснасць, што ўдарыла шквалам у вочы, як толькі я выбраўся з лагчыны і ўзышоў на пагорак: сонца вырвалася з-за хмар і асвяціла ствалы ялін, скрозь якія віднеліся пабудовы і голае, нейкае фіялетавае (пясок такі, ці што?) поле. На правую руку ад мяне гарэў агонь, каля яго стаялі-хадзілі мужчыны ў сініх халатах, смяяліся; кідалі ў агонь ламачча, і тады ўверх шугалі салюты чырвоных іскраў. Ад гэтае людское бесклапотнасці, ад гэтых чырвоных іскраў зразу пацяплела і мне.

Па краі, на ўзлеску стаяла шмат альтанак з круглымі, як грыбы, сталамі і доўгімі лаўкамі, пафарбаванымі ў тонкі, блакітнаваты колер, акурат нешта несур’ёзнае, дзіцячае.

Сам будынак шпіталя быў змрачнаваты на выгляд, цагляна-руды, і толькі апошні, шосты паверх і аднаскатны дах — нясцерпна белыя, і, можа, таму на антэне і на краі страхі, падшытай латочынаю для сцёку вады, я ўбачыў галубоў: іх было шмат, як і на вакзале, але сядзелі яны ціхамірна, паклаўшы на шыфер раздзьмутыя ліловыя валлякі, акурат адчувалі, разумелі, што тут іх ніхто не настрашыць і што яны ў поўнай бяспецы.

Прасценкі двух ніжніх паверхаў густою калматаю коўдраю акрываў хмель. Лісце яго, цяпер калінава-барвянае, мала рознілася ад колеру сцен. Праз вокны, з расхінутымі на бакі белымі фіранкамі, відаць былі ў палатах людзі.

Невысокую мураваную абгароду ўвенчвалі тугія пірамідкі ядлоўцу, ён быў зялёны, з блакітнымі бусінкамі ягад. Я спусціўся па сходцах, умошчаных гладкім бліскучым каменем.

У двары стаяў нізенькі, абліцаваны блакітнаю кафляю, зрубчык. У ім была вада, з яе тырчала гіганцкая, мусіць, болей метра, самаробная ракавіна, пазней я выпадкова даведаўся, што яе вылепіў інвалід, настаўнік з Магілёўшчыны. Я спыніўся каля зрубчыка. Ракавіна, здалося, шумела, як мора. Потым зразумеў, яна і праўда адзываецца на вецер. Вада ў зрубчыку была светлая, як сляза, на дне вырысоўваўся кожны каменьчык, бледна-зялёныя лісцікі, што ссыпаліся з кустоў ніцае вярбы і былі падобныя на печкуроў, якія вельмі любяць чыстую ваду і камяністае ці пясчанае дно.

Дзверы ў шпіталь былі шкляныя, і яшчэ з ганка я ўбачыў у фае бледна-ружовыя кубачкі цюльпанаў, што раслі на квадратнай клумбе, абкладзенай з усіх бакоў буйным палакіраваным сіняватым гранітам. Пах стаяў у фае не бальнічны, а чысты, свежы, і гэта мяне здзівіла не меней, чымся трохі пазнейшае: што да сцен у калідоры былі прымацаваны ёмкія дубовыя парэнчы, на якія чамусьці карцела абаперціся рукою.

Звычайна чуццё не падводзіла, а тут падвяло, як назнарок: шукаючы палату, я павярнуў не ў той бок калідора, доўгага і прамога, бы тунель. Маім цывілізаваным, спешчаным прыгажосцю і гармоніяй вачам адкрылася ўражлівае відовішча. Скрозь па калідоры сядзелі, ляжалі, хадзілі, стаялі, поўзалі людзі. Без рук, ног, вачэй, носа, вушэй; сагнутыя ў крук ці пахіленыя ўбок з такім заломам, што рука даставала падлогу; некаторых везлі на калясках, а то неслі на насілках як нежывых.

Міжволі я параўнаў іх, калек, з лесам, у якім доўга круціла, шалела бура. Спіна ў мяне зашэрхла ад халодных колікаў. Сцяты, я асцярожна, бы ў спляценні электрычных правадоў, ступаў па калідоры. Мне было няёмка і сорамна за тое, што я, малады, здаровы, апынуўся тут, сярод нямоглых, скалечаных людзей, інвалідаў: «белая варона», я, канечне ж, кідаўся ім у вочы, і ад таго іх доля, здавалася мне, станавілася яшчэ пакутлівей і бязрадасней.

Раптам нехта няўпэўнена крануўся мае рукі, нечым халодным, як ледзяшом. Я павярнуўся і перш ўбачыў чужую руку, белую, худую, з сінімі крывымі венамі, потым — самога чалавека. Не містычнага, не ўяўнага, а рэальнага чалавека. Глядзі, глядзі!.. Не адварочвайся. Перамажы сябе! Нейкі цвёрды нутраны голас дыктаваў мне сваю волю, і я адчуваў, што падпарадкоўваюся яму.