Чэрап у чалавека быў нейкі плоскі, жоўты, сухі, як струк. Замест вачэй зеўралі ружовыя глыбокія ямкі з вузялкамі-папурышкамі, падобнымі на сухія, зморшчаныя гарошыны; носа няма, а толькі дзве прадаўгаватыя дзіркі.
— Хадзі, чалавек, сядзем, раз ужо трапіўся пад руку, пагаворым, — голас быў адрывісты, нежывы, акурат вымаўляў яго не чалавечы артыкуляцыйны апарат, а халоднае нутро металічнага камп’ютэра. — Дзе тут на што сесці? Я не дачакаўся нянечкі, каб вывела... Мне знадаела ўжо быць у цёмнай магіле, ні святла, ні сонца, ні кветак, ні людзей... Нічога няма. Я хачу да людзей, я расказваю ўсім, як здзекаваліся з мяне фашысты... Мне часта даюць укол, і я доўга сплю. А я не хачу спаць, я прачынаюся і зноў за сваё... Я напісаў пра гэта ў газету.
Ногі ў мяне адзеравянелі і не гнуліся, калі я садзіўся на шырокую, мяккую, нізкую канапу побач з чалавекам.
— У баі пад Смаленскам мяне цяжка параніла, — праз сілу шаптаў мне чалавек, і холад яго рукі ўжо студзіў мне локаць. — Ляжаў беспрытомны... Наш узвод адышоў на новы рубеж. Мяне схапілі звяры-людаеды і кінулі ў хлеў... А тады ўкінулі яшчэ аднаго зраненага чырвонаармейца. Мы абодва падплывалі крывёю... Нас білі прыкладамі па руках, калі мы хацелі перавязаць адзін аднаго шматамі сваіх кашуль... Смага мучыла нас, але нам не давалі піць. На нашых вуснах тушылі недакуркі... Дзяржалі цэлыя суткі, потым прынеслі памыі і вылілі ў свіное карыта. Упусцілі вепрука... ён стаў хламкаць. І нас падцягнулі да карыта, утапілі галовы ў памыі... Памыі былі халодныя, і мне стала лягчэй. Потым вепрука выгналі, а хлеў падпалілі... Я задыхнуўся ў дыме і больш нічога не помню... — Чалавек гаварыў, і ніводная мышца не варушылася на ягоным твары, адно каля вуснаў дробненька моршчылася знявечаная, абпаленая скура. — Але я выжыў, мяне выратавалі мясцовыя людзі... Я выжыў, каб расказаць табе, а ты запомні гэта, ты... — цвёрдыя, кашчавыя пальцы сцялі мой локаць.
Мне? Пры чым тут я? Мне здавалася, што са мною размаўляе сама смерць: вылезла з глыбокай сырой магілы ці спусцілася з таямнічай вышыні і размаўляе. Што? Што за крык? Адкуль крык? Па калідоры бегла маладжавая тоўстая нянечка, каб — было відаць — напусціцца на мяне.
— Я ні пры чым. Я толькі сеў, — сказаў ёй наперад.
Яна глянула на мяне, як на дзівака, узяла на рукі чалавека і панесла, бы хлапчука.
Скалечаных людзей я бачыў і раней. На вуліцы, у аўтобусе, на вакзале, у ліфце, нават у лазні. Дый бацька мой, удзельнік Сталінградскай бітвы, таксама інвалід. Тут, сабраныя разам, яны ўражвалі не тым, чым звычайна — што ў некага не было рукі ці нагі, а нечым іншым. Тое, што за ім стаяла, выклікала ў мяне пашаноту, гордасць за іх, гэтых мужчын, самаахвярных людзей-франтавікоў.
Я забыўся, што трэба выглядаць на дзвярах нумары, і адно як натыкнуўся ў канцы калідора на словы Сямашкі, напісаныя мала не метровымі чырвонымі літарамі: «Тот, кто курит, вредит не только себе, но и окружающим!» — схамянуўся; павярнуў назад.
Насустрач ішла жанчына ў белым і вяла за руку маленькую дзяўчынку з блакітнавокаю лялькаю ў руках. Я заглядзеўся чамусьці на дзяўчынку і на ляльку, хоць падумаў, што трэба спытаць у жанчыны, дзе палата № 8. У дзяўчынкі былі вялікія блакітныя, як і ў лялькі, вочы, пухнатыя, гладзенькія шчочкі аж падрыгвалі пры кожным кроку; расчасаныя «пад дарослую» даўгія мякка-льняныя валасы спадалі ёй на грудзі двума ручаямі. Дзяўчынка была вельмі сур’ёзная і засяроджаная. Па тым, з якім раўнадушшам ішла побач з ёю жанчына, я зразумеў, што яна — не маці, хутчэй знаёмая ці сваячка; а ідуць яны, мусіць, да дзеда гэтай дзяўчынкі. Пакуль я думаў-гадаў, жанчына з дзяўчынкаю апынуліся ў мяне за спінаю. Крычаць услед ці даганяць я не стаў, пайшоў далей, ужо з большаю пільнасцю прыглядаючыся да нумароў на дзвярах.
На сценах віселі плакаты, дошкі афіцыйных аб’яў; каля міжгародніх тэлефонаў-аўтаматаў стаяла чарга.
Не ведаю, ці званіла яму Галіна Андрэеўна, што я прыеду, ці апісвала мяне, але ён зразу здагадаўся, што я шукаю яго. ён стаяў на калідоры каля дзвярэй, прыхінуўшыся спінаю да сцяны, і мяне спынілі яго вочы, яны глядзелі ва ўпор, з нейкаю зычліваю ўсмешлівасцю. І не пра тое, што чалавек бязрукі, перш падумаў я; у вока кінулася, што чалавек быў зусім лысы, як і той, якога толькі што слухаў на канапе, — жоўтая круглая галава адлюстроўвалася ў драўлянай панелі, якімі абліцаваны тут, у гэтым крыле, сцены.
— Добры дзень! Вы — Пятро Максімавіч Рубчэня? — спытаў я, усё яшчэ дзівячыся з таго, што і па сённяшні дзень застаецца для мяне загадкаю: няўжо прырода пайшла насустрач чалавеку, аблысіўшы яму нашчэнт галаву і шчокі? Твар у чалавека таксама быў чысты, голы, ані шчацінкі, як і галава, здаваўся вылепленым з бела-мучнога, бліскучага цеста. Сам чалавек не змог бы ні прычэсвацца, ні галіцца, а прасіць некага нават адзін раз у дзень, мабыць, было б не так проста.