Выбрать главу

— А кім гэта пабудавана? На чые грошы? — Надзея нават прыпаднялася на крэсле.

— На мае, дачушка, на мае, — зазначыў Сямён.

— Гэта дакладна, на твае, — згадзілася Надзея. — Маці ты на працу не пускаў. Дык ты ж ад нас гэтыя грошы забіраў, мы ж у абносках хадзілі, бульба ды малако — уся ежа. Мяса раз у год, на Вялікдзень елі. Што выгадоўвалі, ты ўсё здаваў. І сёння ты гаварыць станеш, што толькі табой хата пабудавана?

— Мной, дачушка, мной.

— Вось што, бацьку вырашаць, каму хату пасля смерці пакінуць, — умяшаўся Клім. — Узяліся дзяліць спадчыну пры жывым гаспадару.

Сямён раптам рэзка склаў кукіш, абвёў ім дзяцей.

— Вось вам хата!

Склаў кукіш на другой руцэ, і яе рэзка выкінуў наперад:

— А вось вам “жыгуль”! З’елі? Прадаў я ўжо машыну, цю — цю! Ага! І хату прадаў! Праз тры дні тут новы гаспадар будзе.

— Як прадаў?

— Хату маці?

— А грошы дзе?

Гэтыя воклічы яго сыноў і дочкі зліліся ў адзін ускрык здзіўлення і роспачы. Потым хвіліну стаяла цішыня. Сямён сам наліў сабе гарэлкі, выпіў, не спяшаючыся закусваў.

— Бач, разагналіся, — загаварыў ён цяпер спакойна. — А жыць я буду там, дзе захачу. Магу ў кожнага па чарзе.

— Няма ў мяне месца, — не хаваючы крыўды загаварыла Надзея. — Двое дзяцей, кватэра двухпакаёвая.

— Не выганіш жа, калі прыеду. Не выганіш…

— Выганяць не буду. Толькі… — Надзея задумалася і нехаця працягнула: — Я ў раз'ездах часта, а дзеці цябе і забылі ўжо з-за тваёй такой гасціннасці. Могуць не пазнаць. А дзверы чужому яны не адкрыюць, навучаныя.

— Вунь як… — працягнуў, быццам з радасцю, быццам чакаў менавіта такога адказу, Сямён і звярнуўся да старэйшага сына: — А ты, Клім, так салодка слаў… Пусціш бацьку роднага на парог?

— Бачыш, бацька… — Клім нервова пакруціў пусты кілішак у руцэ, памарудзіў. — Мы з'яжджаем на тры месяцы за мяжу, а кватэру ўжо здалі кватарантам. Капейка лішняя не памяшае. Хто ж ведаў…

— Нічога, я з кватарантамі пажыву.

— Мы здавалі ім кватэру на ўмовах, што яны будуць гаспадарамі гэтыя тры месяцы. Я не магу іх выгнаць. Грошы яны заплацілі наперад, — ужо цвярдзей заявіў Клім.

— Ну, тады мне да малодшага прыйдзецца падацца, — крутнуўся Сямён разам са крэслам да Івана. — Новая нявестка абходжваць будзе. А я ёй падарунак вясельны за тое зраблю.

— Прыходзь — я цябе з лесвіцы спушчу, — сказаў Іван амаль весела.

— Вось як! Во, выгадаваў дзетак. І вады перад смерцю не пададуць, — пляснуў сябе па калене Сямён. Здавалася, апошнія словы дзяцей яго толькі больш весялілі.

— Прыязджай да мяне, добра. Але каб пенсію я атрымоўвала, — звярнулася да бацькі Надзея, нешта як падлічваючы.

— Таргавацца, значыць? — хітра прыжмурыўся Сямён.

У яго гэтых прыжмураных вачах, спакойным і адначасова яхідным голасе, падспудна адчувалася нейкая ўтоеная ад іх усіх пагроза. Надзея адчула гэтую пагрозу сваім бабскім пачуццём першая, і першая ж вырашыла хоць нешта змяніць:

— Мне гандляваць не прывыкаць. Толькі дзяцей маіх ты аб'ядаць не будзеш. І плату я з цябе за мыццё браць буду, як ты з мяне ў дзяцінстве браў. Я табе за кожны кавалак хлеба нешта зрабіць павінна была. Вось і ты мне плаці. Рабаваць не буду. Вазьму, колькі трэба. Астатняе — тваё.

Сямён замоўк надоўга, сядзеў, схіліўшы галаву дадолу і ўбок. Потым загаварыў, і кожнае яго слова гучала ўсё гучней і пагрозлівей:

— Ну, дык вось што я вам скажу, дзеткі мае. Я нечаму за жыццё навучыўся. І вас добра ведаю. Добра… Вось вы ў мяне дзе ўсе! — ён сціснуў кулак, выставіў яго высока ўверх. — Тут! Ты, Клім, тут. І ты, Надзька, тут. І ты, Іван, тут. Тут усе. Усе. І нікога адгэтуль не выпушчу.

4

— Што ты жадаеш гэтым сказаць, бацька? — нервова спытаў Клім.

— Табе сказаць? Ну, давай, ты першы… Вучоным, значыць стаў? Працу напісаў, прэмію атрымаў. Хе, хе, добра. А хто такі Сяргей Пушкароў, памятаеш? Дакладна, дакладна, вы з ім разам у аспірантуры былі, і сюды вось, у хату гэтую, разам прыязджалі. Любіў выпіць Сярожка, любіў. І пагаварыць любіў. Ох, светлая галава была ў хлопца. Шмат ён мне чаго нарасказваў. Звычка ў яго была — як вып'е, так распавядае, як распавядае, так абавязкова малюе нешта, піша. Каб мне, старому, зразумела было. Ой, шмат мне ён распавядаў! А колькі папер для мяне змараў, колькі ён начамі тых папер перапсаваў! А я ўсе тыя паперкі, ім спісаныя, захаваў… А далей што было, нагадай, Клім? — Сямён прыжмурыўся, глядзеў на сына, як глядзяць на трапіўшую ў пастку здабычу.