Выбрать главу

Папрасіў яго знайсці астровіну, каб з дуба як-небудзь злезці. Але дзе ж ты такую жардзіну знойдзеш! Мой пастушок усё-ж не разгубіўся. Пачухаў патыліцу і пабег. Бачу, цягне бярэмак сена. Палажыў і зноў пабег. Шчасце маё, што копы блізка стаялі. Цэлых дзве капы перацёг ён пад гэты дуб. «Ну, цяпер скакай, — крычыць. — Толькі на сена, не разаб’ешся». Скочыў я і, як бачыш, не разбіўся...

Панасюк змоўк. У той вечар неяк асабліва шасцелі лісцямі таполі. 3 цэнтра гарадка даносіўся вясёлы смех і маладая гамонка. Бярэзнікі ў вячэрнія часы заўсёды прыгажэлі і гарадок набываў нейкую задуменнасць і ціхую прывабнасць. Можна было да самай глыбокай ночы сядзець вось так на ганку і слухаць, як паволі заціхае жыццё. Першым змаўкаў рэпрадуктар на плошчы, вясёлай талакой праходзілі гледачы з апошняга кіносеанса, і толькі закаханыя шапталіся ў скверыку насупраць. Закаханых перасядзець было нельга: яны не развітваліся да світання.

— А дзе цяпер гэты пастушок?

Ён адказаў мне не адразу. Ён яшчэ доўга маўчаў і думаў.

— Таго пастушка няма больш на свеце. Павесілі немцы ў сорак трэцім годзе. Ведаеш, пасля таго дуба ён стаў нашым сувязным. Кожнага тыдня за дзесяць вёрст прыбягаў за газетай. Адзін раз нават свой верш напісаў: «Нам з фашыстам нельга жыць, нам фашыста трэба біць». Злавілі яго аднойчы з газетаміі і павесілі... Можа б, паэт з яго вырас...

Панасюк любіў газету. Вось чаму ён ніколі не скардзіўся на цяжкасці. Паедзе ўпаўнаважаным на раён і дыктуе па тэлефоне заметкі з сельсовета. Пісаў ён не вельмі выдатна і заўсёды зайздросціў тым, у каго «лёгкая рука». Але ў яго затое было надзвычай тонкае чуццё на факты. Добрага факта Панасюк не прамінаў ніколі. Ён умеў яго павярнуць такім бокам, што прыходзілася дзіву давацца: як ты не падумаў пра гэта сам...

Ён быў яшчэ ў прыдачу і надзвычай шчодрым чалавекам. Не ўсякі рэдактар выкладзе перад прыезджым карэспандэнтам усе найлепшыя козыры свайго раёна. Ён жа і сам можа напісаць і ў абласную, і ў рэспубліканскую газету. Панасюк жа шчодра раздаваў братам па пяру і тэмы, якія падказвала яму жыццё раёна, і факты, сабраныя ім самім. 3 гэтай багатай крыніцы чэрпаў не раз і я сам. Ездзіў у тыя калгасы, куды Панасюк мне раіў паехаць, гаварыў з людзьмі, прозвішчы якіх ён мне называў.

Аднойчы я рашыў аддзячыць Панасюку за гэтую яго шчодрасць і дапамогу. Напісаў нарыс, прачытаў яму, а пасля падпісаў пад ім не толькі сваё, але і яго прозвішча. 3 рэдакцыі прыслалі Панасюку ганарар.. Але ён не спяшыў атрымоўваць грошы па паштоваму пераводу. Гэты перавод валяўся ў яго на стале да таго часу, пакуль яго не выявілі мае ж сябры-карэспандэнты. Выявілі і, канешне, далі належны ход грошам„ якія так недарэчна заляжаліся недзе на пошце...

Так мы працавалі. Прайшоў год, і другі, і трэці. За гэты час адбыліся, вядома, пэўныя змены і ў Бярэзніках, і ў самой рэдакцыі. Выйшла замуж і якраз за лейтэнанта адказны сакратар Мялешка Валя. Газету яна пакінула без ніякіх хістанняў. Сакратаром стаў той самы дзесяцікласнік, які некалі чытаў Панасюку і мне свае вершы. 3 ім рэдактару стала, вядома, лягчэй. Старэйшы панасюкоў сын Пятрок паступова расчараваўся ў футболе. Ён пераключыўся на авіяцыю. Клеіў планеры, майстраваў мадэлі і быў цвёрда пераконаны, што ўсе тыя, хто проста ходзіць па зямлі, а не лятае ў паветры, не варты яго ўвагі.

Сярэдні, Іван, той, што праглынуў тры літары «I», пайшоў у школу. Вучыўся ён добра, лепей за свайго старэйшага брата, але асаблівай зацікаўленасці да газетнай работы ўжо не праяўляў. Яго замяніў самы меншы — Мікалай. Ён цяпер пастаянна сядзеў у рэдакцыі, пералістваў «Аганькі» і «Кракадзілы», і калі хто ў адсутнасць бацькі званіў у рэдакцыю, нязменна адказваў: «Тата ў лайкоме»...

За гэтыя тры гады прыкметна рушылася наперад і будаўніцтва панасюковай хаты. Яна падабралася пад дах, і каб засяліць яе, трэба было толькі наслаць падлогу, зляпіць печ і ўставіць вокны. Пры сустрэчы Панасюк ніколі не забываў напомніць, што ў яго хутка новаселле...

Але на панасюковым новаселлі мне пабыць не прышлося. У той год, калі гаспадар разлічваў перабрацца ў сваю новую хату, яго выклікалі туды, куды заўсёды выклікаюць газетчыкаў, калі хочуць прапанаваць ім новую работу. Таварыш, які лістаў панасюкову асабістую справу, нават узрадаваўся, калі прачытаў, што ён яшчэ да вайны працаваў у заходніх абласцях Беларусі.

— Вось туды і паедзеце, таварыш Панасюк, — сказаў ён. — Месца вам знаёмае, людзі таксама. Будзеце рэдагаваць палітаддзельскую газету МТС. Трэба калгасы там арганізоўваць, хопіць там хадзіць аднаасобнікамі...

Панасюк, вядома, не пярэчыў. Не мог жа ён сказаць, што распачаў будаваць сабе хату, і таму паехаць на новую работу не можа.

— Гадоў тры папрацую ў Заходняй, — разважаў пры мне Панасюк. — Трэба ж і там вёску падняць. А тады вярнуся ў Бярэзнікі. Палюбіў, брат, я гэты раён і ні на які другі не прамяняю. А хаце нічога не зробіцца: дах жа ёсць.

3 таго часу прайшло не тры, а цэлых сем гадоў. Палітаддзельскіх газет больш няма, бо калгасы ў заходніх абласцях Беларусі даўно арганізаваньі і даўно сталі на ногі. За гэты час я толькі адзін раз бачыў Панасюка. Сустрэліся мы на нарадзе, незадоўга перад тым, як палітаддзельскія газеты перасталі выходзіць. Панасюк хваліўся сваёй новай работай, але пра Бярэзнікі не забываў. Ён абяцаў туды вярнуцца, як толькі скончаць работу палітаддзелы.

Гэтай вясной мне прышлося наведацца ў Бярэзнікі. Пакінуў я іх у той жа год, што і Панасюк, бо мяне таксама перавялі ў другую газету. 3 камандзіроўкай гэтай газеты і прыехаў я ў раён, адкуль некалі рабіў сваю першую паласу. Вядома, я хваляваўся, як хвалюецца кожны, хто ўспамінае сцежкі свайго юнацтва. Як і ў той першы прыезд, трапіў я ў Бярэзнікі вечарам і адразу пакрочыў да панасюковай хаты. Хацелася мне пабачыцца з бярэзнікоўокім рэдактарам, успомніць дарагое, незабыўнае, пераспаць у той бакоўцы, якую ён некалі дакляраваў нам, карэспандэнтам... Я чамусьці лічыў, што абавязкова застану Панасюка дома.

Але дома бярэзнікоўскага рэдактара я не застаў. Дый наогул у дом гэты зайсці госцем яшчэ нельга было. Стаяў ён з забітымі крыж-на-крыж вокнамі і ўсім сваім выглядам гаварыў, што яго гаспадар яшчэ не вярнуўся. А вакол суседняга доміка, што пачаў будавацца разам з панасюковым, ужо шумеў малады сад, і веяла ад гэтага гнязда зажыткам і спакоем. Мне ж прышлося ісці начаваць у гасцініцу.