Выбрать главу

“ ....я-я...-сту-....-дн-...-я-а..а...”, паволі збочыўшы на частату 16 гц, якая была ўжо недасяжнай.

Дэталь 31

А зрэшты ён чарнеў не адзін.

Анёлы ягонага веку вельмі непакояцца, калі пачынаюць чарнець. Таму я супакойваю цябе й нават згаджаюся на спатканьне. Дайсьці адразу і своечасова неяк не атрымоўваецца, і я спазьняюся на два дні. Ты злуешся, але нядоўга. I ўжо вядзеш мяне на каву зь пірожным, якое я буду абіраць сама. А ты? Зубы. У анёлаў часам таксама баляць зубы. Ведаю. Касырка-піяністка старанна адбівае кошты пірожных, кексаў, бутэрбродаў. Яна выконвае смачную гастранамічную сарабанду. Ейны пузаценькі раяль-апарат грукоча ад задавальненьня, паглынаючы рознакаляровыя паперкі зь лічбамі. А я паглынаю пірожнае “мядок” і слухаю твае здымкі. Такое ўражаньне, быццам ты хочаш іх перакрычаць, і таму голас твой гучны ня толькі для мяне, але і для іншых наведнікаў крамы. - А ГЭТА - ВОСЬ XJIEБHAE ДРЭВА, - крычыш ты, хітра азіраючыся навокал, ці пачуў хто. I пакуль я разглядаю здымак, ты корпаешся у стосе сваіх успамінаў і знаходзіш другі. - А ГЭТА - СУСЕДЗКІЯ ІНДЗЕЙСКІЯ ДЗЕЦІ - ну ўсё, я не адзіны твой слухач, увага з боку пакупнікоў гарантаваная. Я як мага хутчэй дапіваю каву і вылятаю на вуліцу. Ты хапаеш мяне за руку акурат у той момант, калі цягліца на маёй правай назе ўжо гатовая зрабіць крок насустрач “вечнага кола жыцьця” (ці кола самаходу, калі прасьцей). - Чаму ты так няўважліва чытала Міларада??? Там жа і пра цябе было, - анёл запальвае цыгарэту, а я бягу на францускую мову, забываючыся на прыгожых мужчыну й жанчыну, што нарадзілі анёла.

Толькі потым я ўзгадваю Яе, сваё апраўданьне, якое мусіла пачынацца так:

... аднойчы я пабачыла Марыю Ст’юарт. У мэтро. Нейкая жанчына ўздымалася па лесьвіцы (але ж мяне не падманеш) я адразу зразумела: гэта яна. Справа ў тым, што калі ісьці па лесе ня першым, а за кімсьці, галіны заўсёды хвастаюць цябе па твары, па руках, і ты нічога з гэтым не паробіш. Раней я яе ніколі ня бачыла, таму вярнуўшыся ў бібліятэку, удакладніла сваю сустрэчу і я ўдакладніла.

Клуэ Ф. Партрэт Марыі Ст’юарт.

Марыя Ст’юарт (Mary Stuart) (1542-1587). Стаўшыся ўдавой у 1561-м вярнулася ў Шатляндыю. Дамагалася ангельскага пасаду (у якасьці праўнучкі караля Генрыха VII). Спробы Марыі Ст’юарт умацаваць сваю ўладу ў Шатляндыі, абапіраючыся на каталіцкую шляхту, выклікалі незадаволенасьць шатляндзкіх кальвіністаў, якая вылілася ў паўстаньне 1567 году. Абвінавачаная ў забойстве свайго другога мужа лорда Дарылі, Марыя Ст’юарт была вымушаная ў 1567-м адмовіцца ад пасаду на карысьць сына (шатляндзкі кароль Якуб VI; з 1603-га ангельскі кароль Якуб I) і ў 1568-м уцякаць у Англію. Па загадзе ангельскай каралевы Элізабэт яе пасадзілі ў турму. У Англіі Марыя Ст’юарт фактычна была цэнтрам прыцягненьня найбольш рэакцыйных сілаў ангельскіх фэадалаў у іхняй барацьбе з прыхільнікамі ўраду Элізабэт. Пасьля раскрыцьця сэрыі каталіцкіх змоваў супраць Элізабэт, Марыя Ст’юарт была асуджаная і пакараная сьмерцю... Насычанае драматычнымі падзеямі, жыцьцё Марыі Ст’юарт сталася для шматлікіх пісьменьнікаў (Ф. Шылер, С. Цвэйг і іншыя) сюжэтам літаратурных твораў, у якіх вобраз Марыі Ст’юарт, залішне ідэалізаваны.

Дэталь 24

Запалкі ёсьць?

Ён пайшоў далей, і я ня стала яму крычаць усьлед, што ў мяне няма запалак, але ёсьць запальнічка. Ён жа пытаўся запалак.

Не, я не палю, прост часам дзе-нідзе выключаюць сьвятло - і я на ўсялякі выпадак цягаю з сабой запальнічку. Раней у мяне была лямпачка, свая, уласная. Я думала: ну вось, цяпер і ў мяне ёсьць нешта сваё, роднае, як у кожнага нармальнага чалавека. Аднак мая лямпачка ня доўга зіхацела. Не, яна не перагарэла, яна ўсяго толькі зьмяніла месца жыхарства. Паехала рэклямаваць беларускую вытворчасьць на замежны рынак. Мая сяброўка Надзея парадзіла абзавесьціся лямпачкамі айчыннай вытворчасьці (мясцовымі, значыцца) і з задавальненьнем прадэманстравала мне свой нядаўна прыдбаны экзэмпляр. Год як яна карыстаецца сваёй лямпачкай і так прызвычаілася да яе, што ўжо ня можа й гадзіны безь яе пражыць. Я за Надзею радая.