Выбрать главу
***
Аблокі перасьпелыя не сарваныя маім птушыным позіркам сухажыльлем чапляюцца яблыка спасаўскага і напіўшыся чэрствай самотнасьці кахаюцца з хмарамі
***
крылы мной выразаныя з падручніка па біялёгіі раптам убачу за сьпінамі гарбатымі сьпінамі псаломшчыкаў ціхенька спалохаюся і вось ужо енкі клінічныя ціснуцца ціснуцца ў дзьверы ціснуцца ціснуцца ў вочы ціснуцца ціснуцца ў вушы чуеш?
ВЕРШЫ ПРА ЖНІВЕНЬСКІ ГОЛАС
I
жнівеньскі голас назьбірае каштанаў сініх і жоўтых памерла-хворых сьлёзкамі скоцяцца ў даліны далоняў сіні і жоўты жнівеньскі голас
II
Золатка, Вас расстраляў жнівеньскі голас? Зяачыць так трэба. Ня плачце. Прашу Вас, ня пэцкайце лісьце сваёю крывёю. Золатка, можа запросіце нас у калегіюм сьмерці? Што? Перапоўнены?..
***
з прасьціны мармэляднага неба вышый мне вусны
з вэлюму чорнага ветру вышый мне вочы зашпілі на сукенцы цацачны гузік і навучы ўсьміхацца пункцірамі ночы.
***
Асьцярожна памый свой цень мы — словы пакараныя маўчаньнем і мы ня вернемся з тае вайны паміж мною і мной
***
Як паклічу цябе на вайну ці пойдзеш са мною праз жоўтае-жоўтае поле да гары Сьвятое? Як згублюся ў жоўтым полі з параненай галавою ці станеш мяне шукаць з ранку да ночы? А як знойдзеш ці зразумееш мяне - чужую непадобную ні на кога — дзікага зьвера? Як раздрапаю скуру тваю не ад лютасьці ад адчаю закрычыш ад болю тупога ці ад асалоды? А як скончыцца жоўтае поле і пачнецца восень ці будзе апошні наш яблык сярод ссохлага лісьця?
***
Чаму я ня дрэва пад тваёю сякерай
некранутае вока шматкамі позірку пахам солі аддае вонкавасьць а я ўнутры і не знайсьці мяне ты прыйдзеш на поле парослае валасамі зьбіраць ураджай задубелымі пальцамі і пакладзеш на каменедрабілку рэшткі цела майго недасьпелага
***
Адсюль немагчыма памерці тут можна адно — слухаць і ўпарта ня чуць як навокал нічога ня дзеецца як бэтонныя дрэвы чакаюць сваіх кватарантаў - алюміневых птушак ТУ-154 як людзі стукаюцца аб шкло ў сваіх камэрах хаваньня. Ужо на працягу тыдня тут вядзецца рэканструкцыя неба а якое яно было напачатку ніхто й ня памятае.
***
Я часткова памру часткова загіну кавалкамі зьнікну кроплямі высахну жменямі разьвеюся каменьчыкамі патану шматкамі спарахнею па малекуле атручуся па атаме задыхнуся выкінуся парвуся па швох разыдуся пад колы патраплю і зьнікне праблема выбару
***
Белая жырафа паплёскайся ў Сэне я хачу бачыць якая ты - мокрая. Белая ці з прожылкамі? а можа зялёная ад водарасьцяў пухнатых і цьвілі сьлізкае? а раптам чырваньню заліешся мабыць тады прыгожай здаешся? Не адказала жырафа зрабіла крок і паплыла па Сэне белым гарлачыкам