Выбрать главу
***
Мяне не хапае бо каб пакрыць твае вусны сваімі патрэбна Вечнасьць жменьку чырвоных птушак кіну ў неба тая што ўпадзе станецца зернем і прарасьце праз рукі мае чорнымі дзьмухаўцамі ты раззлуеш свае словы яны коньмі паСкачуць па Скуры абСыпанай Сакурай раздрапаюць раскрышаць вусны кінь мяне ў неба я ўпаду бо я - зерне што прарасьце сланечнікам белым белым мылам сады памыю пах дрэва ў валасох зь дзіцячага шоўку прачнецца              разам                      амаль                                 побач
***
Мне белым кітом умерзнуць у неба мне белым кітом заснуць за вакном прачнуцца не пяском
           і ня глебай а белым белым белым кітом і дзень будзе сьніць мае акіяны няўдала падзеленыя лініяй фронту войскі аблокаў і войскі хмараў пад кулямі плачуць сухім потам
а мне выкінуцца на бераг кітом белым і хлеба духмянага кавалак зьесьці пакуль не прыйшлі на той бераг людзі цяжарныя сьмерцю.
***
Пустою калыскай павісну між вуснаў дрыготкіх люляць радзімыя плямкі
нагамі ўрасьці ў глебу рукамі ў аблокі пахнуць ды слухаць мурашыныя маршы шапочуць у вушы шалёныя смакі гаркавыя як крывя дзьмухаўцоў як грудзі травы залітыя семем жаўнера прымружыць пакатыя вочы траўня скляваныя макамі у лысых вачніцах ваўчыцы там дзе варушыцца поўня то ўлева то ўправа гайдаюся я калыскай пустою пад сэмафорным небам чый спогалас замыкае дзьверы а вусны ня вераць і торгаюць ценяў ад галасоў, ад дрэваў і ад валасінкі кароткай што трымае мае прыдалоньні на ўлоньні акурат над бяздоньнем уверх
***
я бяздомныя рухі цела свайго я бяздомныя рухі цела свайго напаткаю у завані між караблёў п’яных дзе сухажыльлем разьвесілі кашаль на дрэвах аглохлых ад вачэй безьлічы дзе шкарлупіньне на шкло налепла мне не адскрэбці і белая вусьцішнасьць матыльком сядае на голую сьпіну вольную ад крылаў ад крыкаў ад пацалункаў мая свабода навыварат пляце сабе КОкан і КОжны з нас вусьціш і КОжны з нас паасобку
***
па-ведамленьне аб не-існаваньні прыйшло не-чакана было залішнім выцягваць боты ды йсьці на сустрэчу кожную голку з маіх пазногцяў павыцягвалі ўчора зрабілася сумнай ды бессэнсоўнай вячэрняя кава лужыны мокрыя могілкі кропель-ападкаў штодзённа тут папаўняюцца новымі жыхарамі птушка з адрэзанай лапкай і вокам кіклёпа сядзіць на падваконьні ды чысьціць пёркі жанчыны змываюць штучнасьць і ў сваіх ложках чакаюць таго чаго не адчуюць напэўна й заўтра сьвяточны пірог застанецца на дзень наступны а я ўсё адно пайду басанож па тваім роце
***
р-ранкам халодным халодным-м-рр р-ранкам ля вейкаў ціха памірала вечнасьць
***
Вока каня Вільготнае ад вуснаў маіх Перакульвае мяне галавой долу рукі мае занадта слабыя ісьці па зямлі а ногі дужа ўжо брудныя каб крочыць па небе так зьяўляецца неабходнасьць                             вырошчваць крылы ці рабіць іх з падручнага матар’ялу і ня лётаць сінюю вену што небам праклалі над каштанавым дрэвам мне так лёгка парэзаць навостраным пер’ем лепей зьверам зьбягу. ля засохлае студні буду грызьці каменьне да смаку салёнай іржы ў роце і спадзе мая смага як вейка з вока каня спадае на чэрствыя вусны дзікай свабоды мінаючы рудыя бровы той мост адзіны да якога ніяк не дайсьці мне — занадта ён побач