Вада парастае мохам
забыўшыся на сваю сутнасьць
струменьчыкі валасоў зьнікаюць
у карнавальным пыле
як амальгамавым сьнегам
пахнудь першыя птушкі
так водарасьці твае плачуць
па акіяне каханай
***
Ружовыя галюцынацыі
прыходзілі нечакана
запаляючы першародныя ліхтары
сваім колерам
з гузікаў і разынак
дзеці будавалі хаткі
сваім будучым немаўляткам
абмінаючы пяты дзень
восемдзесят другога шэрагу
пад гукі сьвятла
з кожным імгненьнем —
мы былі далей ад пачатку
там дзе сьведка - адзіны
а забойстваў ня зьлічыш
і цела маё эмбрыёнавым шалікам
спачывала ў тваім сцэнары па суіцыдзе
***
у рукавічкі забіліся крошкі
смачныя крошкі
поснае булкі
дзе ім схаваць
свае крохкія цельцы
ад гольчатых дзюбаў ня зьбегчы
ня зьбегчы
асірацелыя крошкі
кімсьці
зьедзенай булкі
***
з расплеценых косак
выбіваюцца стогны — чые гэта рукі?
булькаценьне вады
парушае ідылію шклянкі -
хопіць?
слімаковыя вусны
на гербарным целе
шукаюць кропель
што мурлычуць жаданьні
на гербарным целе каштан сухотны
пастуквае калыханку
недзіцячай хваробе
***
Голас упэўнены ў сваёй прыгажосьці
і значнасьці
будзе распавядаць жудасныя
гісторыі...
а я не спужаюся,
і толькі мае кволае цела
напаткаюць
ліхаманкавыя канвульсіі,
не, не ад страху,
а ад вільготных вуснаў,
якія падзеляцца сваім адчуваньнем
колераў.
КАЛЕКЦЫЯНЭР
Пекла - гэта іншыя людзі
Жан Поль Сартр
ПРАДМОВА ДА П'ЕСЫ
У пакоі дом будуецца
Для мятлушак-зелянушак
Дзе нехта
Хацеў спакусіць надзею чакалядкай белай
Пасадзіў у няволю маленькую волю
На веру глядзеў — зьесьці хацеў
Сьпіртаваў у слоіках
Ружовых слонікаў
Прызнавайся,
Калекцыянэр з цукеркамі ў лапах,
Я адпомшчу табе адным махам
Падпілую ножкі
У твайго ложка
Зьем усё печыва
Паб’ю вокны
I пайду сьвяткаваць вызваленьне
сваёй рэспублікі
Я — нацыянальны герой
Люблю бублікі
Дзеючыя асобы
1 — Думка (асоба жаночага полу)
2 — Ён (асоба мужчынскага полу)
3 — Супрацьгаз (асоба ніякага полу)
4 — Мужчына з вазком
5 — Жанчына з кейсам
6 — Жаночы голас
Ложак пасярод прасторы. Сьцяна, да якой прыкутая дзяўчына за рукі, паднятыя ўгору. Ейныя вочы перавязаныя чорнай стужкай. Збоку асобна стаіць Ён, апрануты як пажарны, у руках трымае супрацьгаз. Глядзіць уперад. Тэкст прамаўляецца безэмацыйна.
ДЗЕЯ 1
Ён. Я пажарны. Я старанна выконваю сваю працу. Я ніколі не спазьняюся і вяртаюся дадому своечасова, бо я жыву адзін. (Паварочвае галаву да дзяўчыны.) Амаль што адзін. (Уздыхае, зноўку глядзіць уперад.) А тэта — мая думка. Яна яшчэ зусім маленькая, але надзіва нахабная. Тыдні тры таму яна прыперлася ў маю галаву. (Рэзка хапаецца за галаву і лямантуе што моцы.)
(Гэтак жа рэзка спыняецца і прамаўляе звычайным голосам.) Мабыць, памылілася адрэсай, але я не жадаў, каб яна сыходзіла, і таму прывязаў яе да сьдяны.
Маленькая паршыўка, яна ня ведала, што я зусім не пажарны. О, не, зусім не пажарны.
Я калекцыянэр. Я старанна выконваю сваю працу. Я ніколі не спазьняюся і вяртаюся дадому своечасова, бо я жыву адзін. (Паварочвае галаву да дзяўчыны.)
Амаль што адзін. (Уздыхае, зноўку глядзіць уперад.)
А гэта — мая жонка. Яна яшчэ маленькая, але надзіва нахабная. Тыдні тры таму яна прыперлася ў мой пакой і (дзявочы лямант) пабачыла мой труп. Варта дадаць, што быў аўторак.
Мабыць, яна памылілася днём тыдня? - скажаце вы.
Глупства — скажу я. Як можна памыліцца днём тыдня, калі ў тыдні ўсяго адзін дзень... аўторак.