Разам з Вовам мы першы раз пераплылі туды і назад Дзвіну і, узрушаныя здзейсненым, прысягнулі адзін аднаму вусцішнай сяброўскаю прысягай, якую напісалі ў двух асобніках на аркушах з вучнёўскага сшытка. Прысяга была па-мужчынску лапідарная - «Дружба до гроба», подпісы мы паставілі крывёю, раскалупаўшы пальцы шпількаю, што замяняла мне гузік на рукаве зялёнай - запомнілася ад урачыстасці моманту - кашулі.
Ды ці мала чаго яшчэ перажылі мы з Вовам.
Нас не здолела развесці нават ізраільска-арабская вайна 1967 года, пасля якой багата полацкіх габрэяў узяліся хуценька мяняць імёны ды прозвішчы, ператвараючыся з Ізраіля ў Іллю, з Абрама ў Аляксандра, а з Макса Моўшавіча ў Марка Міхайлавіча. Вову Цымермана зусім не крыўдзілі мае показкі накшталт той, чый герой слухае па дарозе дахаты па радыё, як габрэі набліжаюцца да Каіра, а потым адчыняе дзверы, а яны ўжо там.
Нас - банальная гісторыя! - развяла ў розныя бакі беларуская дзяўчынка Наталля Ўсвайская з майго былога дзесятага класа. Пад канец школы яна з непрыкметнага заморка з цыпкастымі нагамі-трысцінкамі, што вучылася на чацвёркі і пяцёркі, неўпрыцям вырасла ў прыгажуню троечніцу, вакол якое круціліся нават лётчыкі з задзвінскага ляснога аэрадрома. Я прыглядаўся да Наталлі здалёк і, даючы ўначы волю лятункам, удзень рыхтаваўся да іспытаў у БДУ і марыў пра час, калі сустрэну Ўсвайскую, вярнуўшыся дахаты студэнтам.
Першы, каго я спаткаў, прыехаўшы з Менска, быў Вова Цымерман з Наталляю. На маё ганарлівае паведамленне, што я ўжо студэнт, Вова паклаў даме майго сэрца руку на талію (а праўдзівей, крыху ніжэй) і, тэатральна закаціўшы вочы, прадэкламаваў найагіднейшыя з усіх вядомых мне дагэтуль паэтычных радкоў:
Перад Наталляй стаяў студэнт універсітэта, а яна ўхвальна падхіхіквала нейкаму паршываму дзесяцікласніку. Я моўчкі павярнуўся і з нечалавечай самотаю ў душы пайшоў прэч, выкіроўваючыся на дарогу ведаў і зрабіўшы на сцежцы да яе кароткі прывал у бары «Пралеска», дзе ўпершыню ў жыцці выпіў алкагольны кактэйль «Луна».
Каханка маіх сноў наталяла Вову Цымермана нядоўга. На зімовых вакацыях я са змрочным помслівым задавальненнем даведаўся, што мой супернік не вытрымаў канкурэнцыі з якімсьці задзвінскім лётчыкам, які неўзабаве зрабіў Наталлі дзіця і ўвішна перабазаваўся на іншы лясны аэрадром неабсяжнае краіны.
У душы зноў заварушыліся ачахлыя сяброўскія пачуцці, аднак мы з Вовам ужо рухаліся па розных траекторыях, і цяпер я сачыў за ім адно здаля.
Звесткі, што дасягалі мяне, толькі пацвярджалі маю выснову: сябар дзяцінства быў нетыповым носьбітам нацыянальнага характару свайго народа.
Гэта выяўлялася, скажам, у тым, што Вова Цымерман займаўся не шахматамі, як большасць ягоных схільных да спорту адзінакроўцаў, а вольнай барацьбой і меў па ёй разрад.
Пасля школы ён не палез у інстытут, а пайшоў у тэхнікум цераз дарогу ад дому і потым працаваў на аўтарамонтным заводзе з розным жалеззем.
Вова мог няквола выпіць, у тым ліку і за свой кошт.
У адрозненне ад шмат каго з супляменнікаў Вова пайшоў служыць у савецкую армію. Праўда, там ён не скакаў з парашутам і не будаваў БАМа, а граў у аркестры на ўдарных, але дружная армейская сям'я ўсё адно хутка падрыхтавала Цымерману нялёгкае выпрабаванне. Двое дзембялёў паклікалі Вову з рэпетыцыі на паважную размову за казарму. «Слушай, жидяра пархатый, - сказаў, паказаўшы на боты, першы дзембель, родам аднекуль з-пад Растова, - будешь по утрянке вылизывать нам до блеска говнодавы». Другі, больш вытанчаны і адукаваны, бо гадаваўся ў «колыбели революции», інтэлігентна дадаў: «В противном случае, сударь, сыграем на ваших гениталиях шестую симфонию Шостаковича». Пасля гэтага Вова паказаў сваім суразмоўцам пару барцоўскіх штукаў, і да самага развітання з роднай вайсковаю часткай тыя дзембелі публічна звярталіся да яго выключна так, як і было загадана, - «господин Циммерман».
Яшчэ Вова быў буйны спецыяліст па жанчынах. Да чутак дадалося і адно маё ўласнае назіранне. Працуючы пасля ўніверсітэта ў гарадской газеце, я атрымаў заданне напісаць рэпартаж, як гараджане дапамагаюць вёсцы. Дабраўшыся з фотакарам пад вечар у калгас, мы заспелі ўсіх памагатых на кінасеансе ў клубе. Пасля кожнае часткі кіншчык пакутліва доўга мяняў бабіну і ў залі запальвалі святло. У адным з гэтых перапынкаў я ўгледзеў наперадзе буйную стрыжаную галаву і крутыя плечы Вовы Цымермана, які абдымаў нейкую маладзіцу. Праз некалькі хвілінаў пракураная і запляваная семкамі заля пачула сцішаны, але выразны Цымерманаў басок: «Слушай, Зинка, надоело. Пойдем лучше пое...ся». «Ціха ты!» - цыкнула Зінка, і дзве постаці рушылі да дзвярэй.