Выбрать главу

З сумам мушу зазначыць, што тады я бачыў Вову астатні раз. Неўзабаве ён паспрабаваў уладкавацца на наваполацкае прадпрыемства пад кодаваю назваю «Измеритель», аднак першы аддзел завярнуў яму дакументы. «Не прошел по шнобелю», - вясёла тлумачыў Вова знаёмым. Але ў душы пакрыўдзіўся і зазбіраўся ў Ізраіль...

Паміж днём, калі я ўзяўся пісаць гэтыя прыгады, і днём, калі я іх скончыў, была ноч, у якую мне сасніўся Полацак. Чамусьці ён дужа выдаваў на Нью-Йорк з вядомага фільма «Аднойчы ў Амерыцы», а мы з сябрамі - на падлеткаў, што зрабіліся гангстэрамі. Ноч навылёт мы гойсалі па вуліцах, кагосьці мачылі, рабавалі і гвалцілі, да апошняга патрона адстрэльваючыся ад міліцыі. Ад гэтае страляніны я і прачнуўся. Ляжаў і ўсцешана думаў, што, дзякуй Богу, нікога мы з Вовам Цымерманам насамрэч не згвалтавалі, не абрабавалі і не зарэзалі. А таму засталіся ў нас на дваіх успаміны цнатлівыя ды чуллівыя, якімі няшкода і падзяліцца.

Сібірская аповесць

Нічога не памерла ўва мне, толькі ілюзіі.

Генры Мілер

У гэтай гісторыі пойдзе гаворка пра падзеі, якія насуперак усяму сапраўды адбыліся, а таксама пра падзеі, якія павінны былі адбыцца, але ў апошні момант сарваліся; якія чакаліся, аднак так і не здарыліся; якія адбыліся не так, не тады і не з тымі; якія здарыліся, але былі прызнаныя несапраўднымі; якія ніколі не адбываліся і не маглі адбыцца, аднак зрабіліся агульнавядомымі і нават трапілі ў энцыклапедыі.

Рэмінісцэнцыя з забытага аўтара

Загадкавае слова «Сібір» жыццёвыя вятры ўпершыню закінулі ў маю свадомасць, калі я меў гадоў пяць ад нараджэння, а да нашых полацкіх суседзяў прыехаў з гэтага самага «Сібіру» нейкі крэўны.

Сібірскі сваяк выцягнуў з вагона багаж і ўбачыў на пераходзе праз чыгуначную каляіну папярэджанне: «Сцеражыся цягніка!» Зацкавана азірнуўшыся, ён выплюнуў з рота «беламорыну» і, схапіўшы валізы, вомегам кінуўся далей ад вакзала і ад сціжмы беларускіх зладзюгаў-цягнікоў, гатовых вокамгненна прыставіць ягонаму майну ногі.

Гэтую показку на нашай вуліцы не распавядаў хіба што глуханямы дзед, які жыў са сваімі двума тузінамі катоў каля пампоўні. Слухачы дралі смехам бакі, і я рагатаў разам з усімі, хоць напачатку - адно за кампанію, бо, што такое «цягнік», ведаў не лепей за сібірскага чалдона.

Згадка пра маю першую сустрэчу з Сібірру твар у твар пахне не кедравай жывіцаю і не гарачымі пельменямі, а - свежай чалавечаю юшкай.

Каляндар паказваў чэрвень, пік гэтак званага застою. Пахаваўшы бацьку, я даганяў свой студэнцкі будаўнічы атрад (скарочана - СБА) «Victoria», што ўжо карміў беларускай крывёю сібірскую камарэчу на стромістых берагах ракі Кець.

Калі вы ўважліва ўгледзіцеся ў новую палітычную мапу свету, выдадзеную нядаўна венскай фірмаю «Freytag und Berndt», дык знойдзеце ценькую чырвоную нітачку чыгункі, што цягаецца на поўнач ад Томска, безнадзейна абрываючыся ў кропцы з мікраскапічным подпісам Веlуі Jar. Якраз туды я павінен быў трапіць, каб выпіць з сябрамі за светлую бацькаву памяць ацалелую ад памінкаў пляшку «Белавежскай» ды зарабіць сваю тысячу, або, як тады казалі, дзесяць «кавалкаў», а потым уразіць чым-небудзь адну полацкую й пару менскіх дзяўчатак, з удаванаю абыякавасцю пракаментаваўшы сітуацыю сакраментальнаю фразай: «Ніхто не забароніць нам жыць прыгожа».

Выгрузіўшыся з фірмовага цягніка «Масква-Томск», у вагоне-рэстаране якога можна было ўдосыць паразважаць над паведамленнем меню пра «котлеты из медвежатины свиные» і «котлеты из медвежатины говяжьи», я на поўную грудзіну ўдыхнуў сібірскага паветра і даведаўся, што адзіны цягнік на Белы Яр адыходзіць праз гадзіну. Прабіцца за такі час праз бітма набітую залю да вакенца касы ўяўлялася задачаю гэткай жа простаю, як далучыць да Беларусі Ямала-Нянецкую аўтаномную акругу. Аніякай чаргі ў касу не існавала; з розных бакоў да вакенца цягнуліся рукі з грашыма, якія адпіхвалі адна адну, і ў выніку касірка, не маючы клопату, спакойна чытала газету.

Я разумею, што «российское могущество будет прирастать Сибирью», што на яе абсягах безліч светлага й глыбока народнага, ды яе візітоўкаю назаўсёды застанецца для мяне жанравая сцэнка, убачаная з падваконня томскага вакзала.

Вугрыстаму дзецюку з запаленымі вачыма падфартуніла прашчаміцца да касы і з сціснута-пераможным выгукам «Белый Яр!» торкнуць касірцы брудна-жоўты жмуток рублёвак. У той самы момант сіпатае кантральта нема заверашчала: «Ванек, отсеки фраера!» і двухметровы бамбіза з лагодным бурачковым тварам меланхалічна ўпячатаў дзецюку паміж вачэй валасаты пудовы кулак. Кагадзешны трыумфатар абліўся юхаю і засумаваў. Ехаць у Белы Яр яму ўжо відавочна не праглася. «Товарнищи, расступитесь! Человеку плохо!» - нясмела прапішчэла з вакенца касірка, марна спрабуючы перадаць напалову непрытомнаму пасажыру квіток. «Перебьется, дохляк», - пагардліва кінуў хтосьці. Самым вялікім гуманістам выявіўся Ванёк. Не раўнуючы, як выполваюць з ляхі пустазеліну, ён вырваў з натоўпу сваю ўкрываўленую ахвяру і, высока падняўшы яе, запрапанаваў прысутным перадаць «товарища» да выхаду. У аддзяку за гэта, ужо адплываючы ў бок дзвярэй на выцягнутых угору мужчынскіх руках, «товарищ» выпруціўся й трапна харкнуў у твар Ваньку згусткамі крыві, смаркачоў і сліны. Мне зрабілася млосна й востра захацелася назад, у Менск і ў Полацак.