Выбрать главу

У Веlуі Jаr я прыбыў на кукурузніку, заплаціўшы лётчыку дзвюма пляшкамі «зверабою». Пасажыры дамаўляліся з экіпажам, і самалёцік, палохаючы свойскую жывёлу і таежную зверыну, яшчэ два разы незапланавана прызямляўся на аселіцах, прычым аднойчы - бо авіятары адкаркавалі мае пляшкі, не адыходзячы ад штурвала - ледзьве размінуўся з якойсьці стадолінай.

На аэрадроме ўзвышалася велічная жалезная брама, злева й справа ад якой аніякае абгародкі і не начавала, затое зверху спаруду аздабляла прыкручанае дротам мастацкае пано, з якога брываста-медалясты генсек рабіў падарожніку ручкай, зазначаючы, што «Верной дорогой идете, товарищи». Ён жа паведамляў: «Вас приветствует центр Верхнекетского района Бл.Яр». Прымайстрыўшыся на драбінах, гэтыя пранікнёныя словы з непісьменна-хуліганістым скаротам спрытна падмалёўвала мізэрная істота з такой казлінаю бародкай, што, здавалася, у гумовіках у гэткага служкі музаў могуць парыцца адно капытцы.

На ўзлётным полі і вакол яго дацвітаў малачай, пасвіліся каровы і ніхто не спускаў нікому юхі. Трывожную ноту ў гэтую пастараль унёс пастух, што падпіраў браму, пяшчотна пазіраючы на пастаўлены ў нагах зялёны «фаўст» з партвейнам невядомае ў Беларусі маркі «777». Пастух паважна адсмактаў з рыльца колькі глыткоў пітва, прыкладна столькі ж наліў у чарапок свайму сабачку, якога любасна называў Алкашом, і папярэдзіў, што па дарозе з аэрадрома ў цэнтр Верхнякецкага раёна лютуе беглы калгасны бык-вытворца з неардынарным для парнакапытнага мяном - Юдзеніч.

На шчасце, адмахаўшы па тайзе пару кіламетраў, я спаткаўся не з Юдзенічам, а з маім найлепшым сябрам Генікам, які вёз на «казле» скрынку маргарыну, што павінны былі з'есці байцы СБА, і скрынку дагестанскага каньяку «Абрау Дюрсо», што павінны былі выпіць з мясцовым начальствам будатрадаўскія важакі. Генік займаў адказную пасаду нашага загадчыка гаспадаркі. Ён ужо добра засвоіў, што ўсушка, утруска і асабліва шклабой на сібірскіх дарогах - рэч непазбежная, а таму праз паўгадзіны сібірская рэчаіснасць набыла дагестанскую стэрэаскапічнасць, а камарыныя ўкусы толькі аздаблялі гэтае жыццё.

«Казёл» загамаваў на цэнтральнай плошчы Бл. Яра, і Генік - меў ён такую жарсць да партыйных і дзяржаўных устаноў - прапанаваў схадзіць за райкам партыі да ветру. Я прагна насычаўся сібірскім каларытам, да якога апрача камар'я належалі старадаўнія каржакаватыя дамы, што, несумнеўна, даўно пусцілі ў зямлю карані, а таксама вусцішная гайня ці то свойскіх, ці то здзічэлых сабак усіх магчымых масцяў, што гойсала вакол, не дазваляючы нам з Генікам ажыццявіць за райкамам свой антыпартыйны намер.

Мы загрузіліся ў аўто, і Генік зноў задуменна паглядзеў на залацістыя плады «Абрау Дюрсо». У вакне мільгануўся глухі й высачэзны, на тры чалавечыя росты, плот з калючым дротам. «Зона», - лапідарна патлумачыў загадчык гаспадаркі, і я паспеў заўважыць яшчэ адзін лозунг - «Запомни сам, скажи другому, что честный труд - дорога к дому».

Даніну тутэйшаму захапленню лозунгамі аддаў і наш будатрад. «Колькі спраў цудоўных намі здзейсніцца!» - было напісана на нацягнутым паміж дзвюма лістоўніцамі кумачовым пасе. Пад ім стаяў з алюмініевай міскаю ў руках яшчэ адзін мой сябрук Мішка Чарнавец, вядомы чытачам нашага гістфакаўскага самвыдавецкага альманаха «Мілавіца» як паэт Міхась Чарніловіч. Міхась то пільна, як варажбітка ў люстэрка, углядаўся ў міску, то кідаў хуткі позірк на гадзіннік. Гэткім самым няўцямным клопатам былі занятыя яшчэ колькі байцоў СБА. «Сорак сем!» - выгукнуў Чарніловіч і выплюнуў змесціва міскі ў хмызняк. «Пяцьдзесят!» - азваўся нехта, таксама апрастаўшы міску. Як хутка высветлілася, хлопцы лічылі, колькі камароў уваб'ецца ў іхняе едзіва за хвіліну. Рэшта байцоў эксперыментамі не займалася, а проста бегала з міскамі і лыжкамі вакол недабудаванай сталоўкі, спрабуючы абагнаць даўгія камарыныя шлейфы, што цягнуліся за кожным, і затаптаць у страўнікі порцыю слізкіх гумовых макаронаў. Той, хто быў з намі летась у казахстанскім будатрадзе, відаць, тужліва прыгадваў нашага кухара карэйца Кіма, які на Дзень будаўніка згатаваў нам фірмовую тушонку з суслікаў, па буднях жа штодня рэзаў барана, а калі барана не прывезлі, дык зарэзаў на гуляш аднаго са сваіх мясных карэйскіх сабакаў, і той гуляш атрымаўся найсмачнейшым за ўвесь сезон, вось толькі дарма Кім адкрыў нам потым кулінарную таямніцу ды яшчэ і тады, як увесь атрад сядзеў за сталом.