Пару дзён нашая брыгада працавала на белаярскай прыстані докерамі. Поплеч з намі варочалі скрынкі з «777-м» і з няспелымі яблыкамі трое бічоў - два грывастыя нямытыя і няголеныя хлопцы і дзяўчына з русай касой, якую - каб не пракураныя жоўтыя зубы і не прыцьмелыя вочы колеру мешкавіны - можна было б назваць «русской красавицей». Дзяўчына, праўда, скрынкі не цягала, а асядлаўшы адну з іх, бясконца курыла, запіваючы цыгарэтны дым дагестанскімі «трыма сямёркамі». За ўвесь дзень яна адкрыла рот, здаецца, толькі раз - дзеля таго, каб, схапіўшы мяне за рукаво штармоўкі, прамовіць: «Запомни, мальчишечка: когда идешь к женщине, не забывай захватить плетку». Уражаны тым, што бічоўка чытала Ніцшэ, я ледзьве не выпусціў з рук скрынку з батарэяю бутэлек. Прыгажуня дапамагла мне справіцца з цяжарам, каралеўскім рухам пераправіўшы са скрынкі да сваіх ног яшчэ адну пляшку, і зноў патанула ў філасафічным маўчанні.
Увечары, калі на беразе Кеці мы замочвалі з бічамі докерскі заробак - па 50 рэ на брата, стала вядома, што калегі вучыліся ў маскоўскім авіяцыйным інстытуце, два гады таму прыехалі сюды ў будатрад і, надыхаўшыся сібірскаю вольніцай, назад у сталіцу не вярнуліся. «А пошла она в аэродинамическую задницу!» - з прафесійнай вытанчанасцю выказалася няспраўджаная авіяканструктарка.
Напрыканцы балюшкі бічы пачалі бесцырымонна-слінява цалавацца - усе ўтраіх - і ўрэшце, прыхапіўшы па пляшцы «777-га», дружна залезлі пад перакулены баркас.
Раніцой мы сталіся сведкамі іхняга сняданку. Пакуль хлопцы пахаджалі па беразе, робячы фізічныя практыкаванні, жаўтазубка паслала на траве каля баркаса неверагодна брудную насоўку і падзяліла на тры кавалкі хлебную гарбушку. «Ох, мальчишечка, как бы я тебя вы... - невядома да каго з нас летуценна прамовіла яна і, соладка пацягнуўшыся, какетліва дадала: - Но нельзя, дружок, нельзя, ребята заругают, ревнивые - ужас».
У Бл. Яры я паспеў пазнаёміцца і з кучаравым Сашкам родам з-пад Жлабанска, як ён называў Жлобін, дзе прамінула ягонае дзетдомаўскае дзяцінства.
Адно цыганістае Сашкава брыво перасякаў безвалосы шнар - узнагарода за шкадобу да чацвераногіх сяброў.
Паводле няпісанага статуту ў дзетдоме рэгулярна наладжваліся гэтак званыя сабачнікі. Чаму забава так менавалася, уцяміць цяжка, бо ў ёй бралі ўдзел не сабакі, а каты. Злоўленых у наваколлі катоў старэйшыя выхаванцы, адцягнуўшы на загрыўку ў братоў сваіх меншых шкуру, прыбівалі цвікамі да плота, а за дваццаць крокаў ужо чакалі складзеныя загадзя крушні. Ратаваць жывыя прыцэлы не забаранялася, аднак каменны град не павінен быў ні на хвілю слабець.
У сірочым прытулку бытавалі й іншыя традыцыі. Старэйшыя, напрыклад, вучылі малодшых лаяцца матам. Трохгадовых дзяўчынак абыдзень ставілі на «зважай» і прымушалі па сто разоў голасна паўтараць: «я - б...», «я - б...», «я - б...». Наступнага тыдня дзеўчанятка гэткаю ж методаю доўжыла навуку: «я - п...», «я - п...». Узбагаціўшы лексічны запас вучняў, «педагогі» пераходзілі да сінтаксісу. Дзеці, якія ўжо ведалі грамату, акрамя вусных практыкаванняў, атрымлівалі пісьмовыя заданні. Найбольшай вынаходлівасцю ў гэтым вызначаўся нейкі Халімон. Ён мог загадаць дзяўчу папрактыкавацца не на аркушыку, а ў класным сшытку і абавязкова здаць яго на праверку настаўніцы. Адкупіцца дазвалялася толькі адным спосабам, пра які не хочацца ўзгадваць. Асаблівую асалоду дарылі «выхавацелям» хлопчыкі і дзяўчынкі, што траплялі ў дзетдом з добрых сем'яў, дзе прычынілася якоесьці няшчасце. Малых навучалі курыць, піць віно, рэзацца ў карты, б'ючы прайгралага па вушах лінаркай або кормячы «вустрыцамі» - пасыпанымі зямлёю слімакамі ці вусенямі.
Старшакласнікі, успамінаў, гледзячы на нас сумнымі антрацытавымі вачыма, Сашка, выбіралі сабе дзяўчатак, звычайна малодшых, і тыя ўвечары, калі сыходзілі выхавацелькі, беглі ў спальню да сваіх уладароў і заставаліся там да раніцы. Узімку дзяўчо, што круцілася ў ложку адно, пякуча зайздросціла парачкам, бо заснуць у выстылым дартуары было амаль немагчыма - торф і дровы адміністрацыя заганяла налева.
За што Сашка адзвінеў два гады на зоне, даведацца мы не паспелі, бо непазначанаю на мапах вузкакалейкаю нашая брыгада ад'ехала на халтуру ў таежны пасёлак Ягаднае. (Генік пасля чарговага шклабою прадбачліва склаў з сябе паўнамоцтвы загадчыка гаспадаркі і яшчэ больш прадбачліва, як засведчылі далейшыя падзеі, захапіў з сабою паляўнічую стрэльбу.)