Пару наступных старонак празмерна далікатныя натуры могуць прапусціць.
Філосаф Юра таксама падрыхтаваў Ірыне падарунак. Пасля некалькіх келіхаў шампанскага каханы сказаў, што, калі ён сапраўды дарагі ёй, Іра павінна аддацца кожнаму з яго запрошаных сяброў. Яна не дала веры вушам, ускочыла, каб уцякаць, ды ногі не слухаліся - віно выканала сваю ролю. А мо і не толькі віно, бо яе агарнула такое пачуццё, быццам усё, што робіцца, адбываецца не з ёю, а з яе двайніком, з Іркаю № 2, а яна, Ірка № 1, глядзіць на гэта адкульсьці з-за гронкі крышталёвых вісюлек люстры.
Юра пранікліва, як гіпнатызёр, казаў, што ягоныя сябры - людзі шырокіх поглядаў, што ўсе яны надзвычай прыстойныя і глыбокія натуры, што пра гэты вечар ніхто і ніколі не даведаецца, затое за колькі гадзінаў яна набудзе сексуальны досвед, на які іншым спатрэбяцца гады...
Глыбокіх натур на дзень нараджэння завітала трое. Каб высветліць, хто першы пачне надзяляць Іру сексуальным досведам, яны выцягнулі з калоды па карце. Юра дэмакратычна цягнуў з усімі на роўных; ён дастаў кралю і апынуўся ў чарзе астатнім. Ірыне далі яшчэ выпіць; далей свядомасць дзейнічала ўжо са збоямі: нехта як быццам то зашморгваў, то адшморгваў перад вачыма чорную запавесу. У адным прасвеце яна патрапіла запомніць Юру, які, стоячы над канапаю, цэліўся ў яе з фотаапарата. У другім убачыла, як госці зноў цягнулі карты, прычым адразу двое ўзялі тузоў, і Юра сказаў, што абодва маюць роўныя правы, а таму зараз яна даведаецца нешта новае...
На раніцу Ірка прачнулася ў абдымках у Юры. Ён адразу наліў ёй келіх шампанскага, а потым яшчэ адзін. Ён быў, як заўсёды, пяшчотны і ўважлівы, цалаваў яе ў нос і ў макаўку і ўгаворваў лічыць усё ўчарашняе сном. Яна кахала Юру, а таму пагадзілася: так, гэта сон. Ёй уявілася, што Ірка № 1 вярнулася ўчора з-за крышталёвых вісюлек дахаты і сёння пайшла ў школу. Яна ж, Ірка № 2, працягвае ёй сніцца і ў гэтым сне дазваляе Юру абдымаць сябе і называць ранейшымі ласкавымі імёнамі, з ледзяной яснасцю разумеючы, што сама ўжо не пойдзе ні ў школу, ні дадому.
Да вясны яна жыла ў філосафа Юры, амаль не выходзячы з ягонае аднапакаёўкі, каб не нарвацца на знаёмых. Вечарамі, цыкаючы на жоўта-зялёнага чыюка, наструнена прыслухоўвалася да крокаў на лесвіцы, баючыся, што Юра не прыйдзе. Ды ён нязменна вяртаўся і прыносіў не толькі віно, але раз-пораз і кветкі.
Вясна зрабіла філосафа задуменным і прыдзірлівым. Аднойчы Ірка выключыла ў ванным пакоі дожджык і пачула, як Юра прыцішаным голасам са знаёмымі цёплымі інтанацыямі запрашае нейкую жанчыну да сябе на дзень нараджэння. Які сцэнар меўся быць гэтым разам, Іра не даведалася. Выслухаўшы яе слязлівыя папрокі, Юра вытрас з чорнага канверта з-пад фотапаперы здымкі з мінулага дня нараджэння, што святкаваўся тры месяцы таму. «Ты что, блядушка, из себя целку строишь? - крычаў ён. - Полюбуйся, полюбуйся на девочку Иришу. Вот она, между прочим, не с Юрочкой любимым, а с Сергеем... а у нее на личике невинном что нарисовано? Нет, господа присяжные заседатели, не ужас, не отвращение. Наша девочка глазки от сладости закатывает...»
Колькі дзён Ірка начавала на вакзале, дзе яе спрабавалі згвалціць двое хлапцоў з багажні. На трэцюю ноч яна даядала пакінутыя на фольгавых талерачках кавалкі хлеба, і яе проста ў буфеце пачало ванітаваць.
Галодная і хворая на грып, яна, як пабіты сабачка, прыцягнулася назад да Юры. Цяпер усялякія сантыменты скончыліся і іхняе жыццё сапраўды пачало нагадваць стасункі паміж гаспадаром і сабакам. Ён карміў яе, часам браў да сябе ў ложак, наводліў біў жалезным эспандэрам, калі яна адмаўлялася выконваць яго мужчынскія каманды, і нават выгульваў - цягаў за сабою па фарцовачных клопатах, ужо не хаваючы, што ягонымі філасофскімі штудыямі быў гандаль джынсамі і кружэлкамі.
Юра ўпіваўся сваёй бязмежнай уладаю над ёй. Калі ў часе супольных выхадаў у горад яму хацелася жанчыны, «філосаф» не чакаў вяртання дадому: у каго-небудзь у кватэры ён, пераміргнуўшыся з гаспадаром, вёў Ірку ў другі пакой ці ў кухню, а на вуліцы - заводзіў у бліжэйшы пад'езд і, расшпіліўшы на джынсах маланку, нагінаў Ірчыну галаву.
Улетку, калі, паводле шчасліва-бесклапотнага зімовага плана, Ірына мела здаваць іспыты на філалагічны факультэт, абмежаваная адно межамі ўласнае фантазіі ўлада над дзяўчом конча набіла Юру аскоміну і ён прывёў да сябе нейкую Веру, а свайго «сабачку» выгнаў на вуліцу, уручыўшы «на обзаведение хозяйством» 10 рублёў 50 капеек і клетку з чыюкам. На адвітанне Ірына яшчэ мусіла заняцца з філосафам любоўю, а прысутная пры гэтым Вера ўпэўнена дастала з шафы фотаапарат.