Я слухаў і намагаўся ўявіць, як папярэдніца гэтай сённяшняй пракуранай навылёт хіміцы, ленінградская дзяўчынка Іра, без пяці хвілін медалістка, чытала на пасяджэннях літаратурнай студыі свае верлібры, абмяркоўвала опусы раўналеткаў і называла антыпаэтычным верш аднакласніка «Девочки на танцах», дзе былі радкі: «Коленки всё, коленки всё, коленки, а между ними сердцу так тесно».
На вуліцы Ірку падабраў Жора на мянушку Кот, які меў жывое і карае левае вока і шкляное і блакітнае правае. Жора быў шчодры, але два падарожжы на зону ў Мардовію (недзе там у халодным месяцавым святле сябры і прайгралі ў карты ягонае вока) дарэшты пазбавілі Ката ў адносінах з жанчынамі ўсякай абыходлівасці, і самым ласкавым, што чула Ірка перад хвілінамі блізкасці, былі адрывістыя загады накшталт «Ложись!» або «В стойку!». Калі Жору забралі трэці раз, яна праходзіла па справе сведкай, а потым скарбовым коштам прыехала на «хімію», дзе і занялася складаннем спеўніка, што трапіў да маіх рук у дзень прыезду.
Калі Ірка замаўчала,на плыўнай рачной лукавіне паказалася лава сплаўнога лесу, аднак цяпер я не ўспамінаў дзеда Максіма. Я глядзеў на тонкія Ірчыны шчыкалаткі і прыцэўкі, думаў, наколькі яна прыгажэйшая за маленькую Віку, і не верыў ні ў Жору-Ката, ні ў філосафа Юру, што мог завесці яе на Ліцейным у першы-лепшы пад'езд і расшпіліць на сваіх джынсах маланку. У закутку душы шкрэблася спадзяванне, што ўсё гэта з разраду туфты, якой кармілі нас прыблатнёныя ягаднінскія падлеткі.
«Ты знаешь, я не верю», - неяк па-дзяцінаму разгублена прамовіў я, каб штосьці сказаць. Ірчын твар пабіла чырвонымі плямамі, і яна рванула на галаву маечку з алімпійскімі кольцамі. «А вот это видал?»
Пасля таго я доўга баяўся зірнуць у яркім святле на аголеныя жаночыя грудзі, бо бачыў мала чаго страшнейшага за маладую грудку, спрэс пакрытую густой мёртва-сіняю татуіроўкай.
«А теперь все! Уё...й! - раз'юшана працадзіла Ірка. - Понял? Уе...й!» Ці то ад непатушанага недакурка, ці то ад самой Ірчынае лютасці пад нагамі ў яе пачало тлець шыгавінне. Яна ўскочыла, і з яе яшчэ свежых чарэшневых вуснаў пасыпалася такое, што маім вушам закарцела скруціцца ў трубачкі, а галаве - ушрубавацца ў плечы і яшчэ далей, каб схавацца дзе-небудзь на дне страўніка.
Сцежка вяла мяне прэч, а ў патыліцу павутамі ўпіваліся набрынялыя нянавісцю словы, сярод якіх «уё...й!» было ці не самым цнатлівым і чыстым.
Прысмак якойсьці зробленай на цёплым камяні над ракою памылкі не пакідаў мяне ўвесь наступны тыдзень. Магчыма, гэтае няўтульнае пачуванне падтрымліваў нарад на будаўніцтва пяці тыпавых драўляных прыбіральняў. Нам з Генікам выпала капаць ямы ды збіваць седалы з «ачкамі». Пачаўшы з элементарнага класічнага ромба, мы спакваля асвоілі сэрца, а пад канец з дапамогаю нажоўкі і долата быў народжаны шэдэўр у выглядзе пяціканцовай зоркі.
(Праз паўгода, калі нас пацягнуць за самвыдавецкія альманахі - рукапісны наваполацкі «Блакітны ліхтар» і нашу машынапісную родную гістфакаўскую «Мілавіцу», - маёр КДБ пад час прафілактычнае размовы будзе казаць: «Не думайте вилять хвостом. О вас нам известно решительно все. Например, ваши стройотрядовские, так сказать, туалетные художества. В своем националистическом угаре вы дошли до изощренного надругательства над пятиконечной ленинской звездой». Я паспрабую рэабілітавацца, называючы сціплыя дасягненні ў выпілоўванні бяскрыўдным жартам, ды эфект атрымаецца адваротны. «Значит, кто-то спускает штаны, делает в дорогой каждому советскому человеку символ, и это, как вы выражаетесь, «жарт»?» «Гэта даўні салярны сымболь, - буду бараніцца я. - Яшчэ старажытныя індыйцы...» «Можете рассказывать это своим «старажытным» индийцам». «Свастыка, між іншым, таксама сымболь сонца», - неабачліва вырвецца ў мяне, і я нарвуся на ледзяное пракурорскае пытанне: «Почему же вы в таком случае не вырезали свастику?») Наш расквечаны сякімі-такімі прыгодамі, але збольшага ўпарадкаваны побыт зрабіў рэзкі паварот, калі празаік Джон Галяк скінуў з сябе дрымоту і нечаканым манеўрам адбіў у начальніка будупраўлення, якому мы падпарадкоўваліся, цёмненькую амазонку Святланку.
Калі вы ніколі не рамантавалі вузкакалеек, забіваючы за дзень у спружыністыя шпалы па пяцьсот кастылёў, вам цяжка будзе даўмецца, чаму мы з такой тугою прыгадвалі сытае вуркатанне бетонамяшалкі і глыбокія ношкі з рошчынаю ці з пірамідаю цэглы. Заставалася суцяшацца тым, што ў любой сітуацыі прысутнічае і станоўчы момант.