Выбрать главу

«Ховайтесь... вашу мать!» - лямантавала Панцялееўна. І без яе застрашлівага крыку было зразумела, што справы швах. Генік кінуўся па стрэльбу. Чарніловіч схапіў манціроўку, я выцягнуў з заплечніка ёмкую турыстычную сякерку, а руды Лявон, ён жа Джон Галяк, быццам штукар зайца, дастаў з запазухі паважную фінку. «Домой!» - раўнуў ён на сваю адбітую ў начальніка будупраўлення Святланку і на іншых амазонак. Аднак тыя нечакана цвёрда адмовіліся, і мы эгаістычна пачуліся трохі весялей. Больш таго, нашы рэдкія шыхты неспадзеўкі папоўніла расчырванела-ваяўнічая татарка Аміна з дубальтовым шротнікам.

Маленькая Віка прыўзнялася на дыбачкі і аддана прашаптала мне, што ў яе ёсць з сабою аптэчка.

«Идуть! Убивцы!» - нема заверашчала нашая дабрадзейка Панцялееўна, паказваючы на дарогу, і пакацілася па сцежцы ў тайгу.

Хімікі ішлі пагрозліва няспешна. «Дваццаць тры», - падлічыў, узводзячы куркі, шляхетна спакойны Генік.

Разам з мужнымі дочкамі сібірскае зямлі нас было дзевяць плюс дзве стрэльбы. Дзяўчатам, каб іхні выгляд залішне не натхняў гасцей, мы загадалі схавацца ў салуне ў Джона Ячменнага Зярнятка, забяспечыўшы іх дзеля смеласці пляшкай «777-га».

Аміна наадрэз адмовілася здаць мужчынам свой баявы шротнік і засталася побач з намі на ганку.

Хімікі, на якіх глядзелі пяць параў вачэй і дзве пары руляў, крокаў за трыццаць ад нас расступіліся паўкругам, прапускаючы наперад дзядзьку Колю-масквіча. Некаторыя з няпрошаных гасцей былі на добрым падпітку, аднак мы не ведалі, цешыцца з гэтае прычыны або наадварот: п'яныя маглі палезці і пад кулі. Сёй-той відавочна невыпадкова трымаў правую руку кішэні і мог выцягнуць яе адтуль значна раней, чым мы патрапілі б усіх перастраляць.

Проста сказаць, што я спалохаўся, будзе прымітыўна і недакладна.

Мне ўспомнілася нашая бяскрыўдная дзіцячая забава: пастукаць «у кружок» валейбольным мячом. Штораз, калі, прымаючы мяч, даводзілася адступаць спінаю наперад, мяне апаноўвала хмельна-вусцішнае пачуццё бязважкасці, бо гульня ішла не дзе-небудзь на цёплым пляжным пясочку ці на спартовай пляцоўцы, а на плоскім, залітым бітумам даху нашага полацкага шасціпавярховіка, і кожная хрыбетка памятала пра высачыню і адчувала яе магнітнае поле, што з кожным новым крокам да краю ставала стакроць магутнейшым.

Тады, на ганку ў Ягадным, мая хрыбетніца перажыла такое самае адчуванне смяротнае бязважкасці.

Апрача таго, хваравітае ўяўленне за лічаныя імгненні пракруціла перад вачыма поўнаметражную стужку з парахавым дымам, трупамі, перарэзанымі ад вуха да вуха гарлякамі, выпушчанымі з чэраваў сінявата-белымі вантробамі і маленькаю Вікай, якая так і не паспела перавязаць нам ранаў і якую пераможцы з агідным гігатаннем бяруць «на хорька», але я гэтага не бачу, бо мая душа ўжо растала ў высокім блакіце і золаце гэтага дня, а ў ашклянелых вачах адбіваюцца мікраскапічныя кедры і асірацелы, без зрэзанага разам з катамі сцяга, флагшток.

«Эй, студенты! - цяжкавата варочаючы языком, загаварыў дзядзька Коля-масквіч. - Я вот этими руками, - крыху пагойдваючыся на таўстых, як бёрны, нагах, ён растапырыў перад сваім налітым злосцю тварам шырозныя далоні з кароткімі і мясістымі, бы сардэлькі, пальцамі, - вот этими руками семерых ребят замочил. Для меня зона, что для вас - воля, а химия - так, ни рыба ни мясо, ни тайга ни тундра».

Праваруч мяне, дзе займала абарону Аміна, пачуліся дзіўнаватыя гукі. Я асцярожліва скасавурыўся: татарка, сціснуўшы стрэльбу, напаўголаса спявала ваяўнічую песню свайго народа.

«Слушайте сюда, - казаў далей дзядзька Коля. - Фиксатого отдайте, боксера х...ва, а вас нам и на... не надо...»

Я выцер аб калашыны будатрадаўскіх штаноў узмакрэлыя рукі і падумаў, што сустрэча са смерцю адтэрміноўваецца. Мы крыкнулі, што фіксатага, гэта значыць Толіка, у доме няма і дзядзька Коля-масквіч можа выслаць да нас двух хімікаў-кантралёраў.

Пачаўшыся на драматычнай ноце, прыгода скончылася бурлескна. Абшнарыўшы дамок і напалохаўшы ў салуне дзяўчат, кантралёры патапталіся на ганку, няўдала паспрабавалі ўшчыкнуць Аміну і раптам нязмушана-элегантна падхапілі нашую скрынку з партвейнам і, не надта прыспешваючы хаду, рушылі ў свой стан. Дачка татарскіх стэпаў ускінула дубальтоўку. «Аміна! Па сраках!» - адчайна і ўадначас спуджана выгукнуў Міхась Чарніловіч, але Генік з Джонам Галяком ужо віселі ў татаркі на руках.