На свой вагон мы ўрачыста пачапілі лозунг-плагіят з белаярскае зоны пра «честный труд - дорогу к дому».
Дарога дадому выпала галодная, бо цягнік падоўгу стаяў сярод дзікай тайгі, а станцыі, дзе згаладнелыя байцы маглі нечага прыкупіць, мінаў на кур'ерскай хуткасці. Для Новасібірска зрабілі выключэнне, і прывакзальны пляц стаўся сведкам відовішча, як дзве кроплі вады падобнага да прыступу Зімовага палаца з рэвалюцыйных фільмаў: байцы ў зеленкаватай будатрадаўскай форме з разгону караскаліся на высокую прывакзальную браму, збівалі з яе замок і, не раўнуючы, як экспрапрыятары, ламаліся з пустымі пляцакамі ў магазіны. Эшалону як найхутчэй далі зялёнае святло, і цэлы ўзвод байцоў з напакаванымі заплечнікамі ўбачыў ад свайго цягніка толькі зялёны хвост.
Пасля Новасібірска сэрца ў чыгуначнага начальства адпусцілася, і мы ўжо спыняліся на невялікіх станцыях, дзе да вагонаў кідаліся зграі гандлярак. Любы прадукт - тры разварыстыя бульбіны з салёным агурком, нядошлая таранка-сухарэбрыца, пачак леташняга пячэння - каштаваў рубель.
Гэткую агорклую аднастайнасць парушыла з'яўленне тавару больш дарагога.
Тавар звалі Кацюшай.
Даўно выжлукціўшы падазрона празрыстае новасібірскае піва, мы журботна шукалі нейкую адпаведнасць свайму настрою ў восеньскіх прыўральскіх краявідах, як у купэ літаральна ўварвалася крамяная кірпатая маладзёнка. У руках у яе быў кошык з вафлямі, на шчоках гарэлі ружы, а голас звінеў, як хор вясновых сініцаў: «Приветик, мальчики мои, бедненькие, голодненькие, трезвенькие... Ну че приуныли? По червончику, и я - ваша. Думайте, мальчики, думайте, другие уже надумали». Яна ўзмахнула пышнай хімічнаю фрызурай, і праз хвілю яе скорагаворка ўжо данеслася да нас з суседняга купэ.
Не трэба падазраваць нас у сквапнасці або ў занадта высокай маральнасці. Тым не менш нашае купэ ад спакуслівай прапановы дружна (калі не браць пад увагу пакутлівыя ваганні Чарніловіча) адмовілася. Мабыць, намі кіравала інтуіцыя.
Пералічыўшы сумленна заробленыя чырвончыкі, Кацюша пакінула эшалон ужо далёка за Ўралам. Байцы з трох вагонаў тройчы пракрычалі ёй «гіп-гіп-ура!» і асамотнена разбрыліся дзяліцца ўспамінамі пра алькоўныя выкрунтасы сібірскае гетэры ды пра свае мужчынскія здабыткі. Подзвігі байцоў трох менскіх будатрадаў выглядалі гэткімі маштабнымі, што на іх здзяйсненне не хапіла б і дзесяці Кацюшаў. Міхася Чарніловіча такія размовы відочна нервавалі, і ён пачынаў на нас непрыхільна касавурыцца.
На занядбаных абшарах расейскага нечарназем'я волаты чыгуначнага сексу быццам па камандзе замаркоціліся, і па вагонах прашасцела хвастом лёгкая паніка...
Цяпер Чарніловіч пеўнем хадзіў па чужых купэ і, зларадна малюючы пакутнікам усялякія жахі, бескарысліва прапаноўваў свае медычныя кансультацыі.
Ва ўсеагульным няшчасці адразу ж захлынулася прага помсты нашаму таварышу Юру Асіноўскаму, што апанавала была вагон паміж уральскіх адгор'яў.
Недзе на мяжы Эўропы з Азіяй ціхмяны баец Юра са спалатнелым тварам выйшаў з купэ і дрогкім голасам папрасіў склікаць атрадны сход, дзе мы даведаліся, што ў Асіноўскага прапалі з валізы ўсе чыста грошы. Бязрадасную навіну аздаблялі звесткі пра хворых бацькоў, не вельмі здаровую малодшую сястрычку і хворую на якуюсьці складаную хваробу кароўку. Да пераліку чужых хваробаў бядак сарамяжліва дадаў кранальную падрабязнасць: ад празмерных перажыванняў у яго сапсаваўся страўнік і разгулялася крывавая мытуха.
Найбольшую шкадобу выклікалі не сам Юра і не ягоныя хворыя - рэч звычайная - сваякі, а якраз гарапашная кароўка, што чакае не дачакаецца запрацаваных крывавым мазалём будатрадаўскіх рублёў.
Калі ў часе галасавання пра збор грошай, дзве рукі нерашуча «ўстрымаліся», сход закіпеў высакародным абурэннем. У выніку Юра атрымаў на тры сотні болей за іншых байцоў і ягоны малады паарлелы арганізм хутка перамог мытуху.
Як ні горка зноў і зноў расчароўвацца ў людзях самому і расчароўваць астатніх, аднак праўда вымагае, каб яе палыновы келіх выпівалі да дна. Ціхі баец Юра «гнаў карцінку». Двое хлапцоў, тыя самыя, што на сходзе адмовіліся галасаваць «за», не толькі ехалі з Юрам у адным купэ, але і пражылі з ім год у адным пакоі, а таму мелі больш дадзеных для аналізу сітуацыі. Адзін баец да непрытомнасці напаіў акрыялага таварыша, а другі ўчыніў татальны ператрус Юраваму багажу, знайшоўшы «ўкрадзеныя» грошы на дне валізы ў вопрадні з некалькі параў нямытых смярдзючых шкарпэтак.