Сустрэўшыся з ім на вуліцы, я прайшоў бы міма - не пазнаўшы ці не захацеўшы пазнаць яго.
Кватэра, якую я вырашыў наняць, знаходзілася ў тым раёне, дзе з сучаснай забудоваю суседзілі зялёныя выспы старога патрыярхальнага горада. Няроўны брук з чародкаю козаў і цяпер успрымаецца там больш натуральна за асфальт з тралейбусам. Відаць, гарадская геаграфія і сталася галоўным аргументам, бо ў тыя дні я меў цвёрды намер бараніць сваю адзіноту і найперш шукаў спакою.
- Там, за паркам, - гаспадар кватэры паказаў у вечаровае вакно, - мяжа горада.
- Мяне гэта не палохае. Вальтэр пісаў, што літаратар павінен жыць паблізу мяжы, каб зручней было ратавацца.
- Вы літаратар? - не падтрымаў майго тону, але відавочна зацікавіўся ён.
Вылаяўшы сябе за легкадумна рассакрэчанае інкогніта, я няпэўна кіўнуў. Згадка пра род маіх заняткаў, безумоўна, была лішняю.
- У такім разе... - з выцвілай усмешкаю загаварыў ён і не скончыў.
Яго манера размовы пачынала раздражняць. Грошы ўжо ляжалі ў ягонай кішэні, а брыжык з ключамі - у маёй. Я мог без абмежаванняў карыстацца кнігамі і пастараўся запомніць колькі непазбежных у такіх выпадках дробных парадаў наконт замкоў, ваконных зашчапак і талонаў на электрычнасць. Усе інструкцыі былі прамоўленыя скорагаворкаю, а заплачаныя мною грошы засталіся непералічанымі. Яшчэ хвіліну таму ён выдаваў чалавекам, што хоча як найхутчэй развязацца з не надта прыемным клопатам. Але зараз загучала новая, незразумелая мне нота.
- Увосень парк проста чароўны. Асабліва клёны...
Жывучы тут, ён павінен быў ведаць, што гэта не зусім парк, а - старыя лютэранскія могілкі, па якіх гадоў дваццаць назад праехаліся бульдозеры. Я не палічыў патрэбным дзяліцца сваімі ведамі і конча ўпэўніўся, што размова здоўжыцца.
- Вы збіраецеся жыць адзін? - запытаўся ён і папрасіў дазволу закурыць.
Просьба падкрэслівала мой новы статус і таму спадабалася, пытанне - не.
Ён зняў з кніжнай паліцы масіўную металёвую попелку - змрачнаватую чортаву галаву з адбітым рогам і глыбокімі пустымі вачніцамі.
- Гэта для вас істотна? - вярнуўся я да пытання, з кім збіраюся жыць.
- Ва ўсякім выпадку не ў такой ступені, як для вас, - адказаў ён і, імгненна ўсвядоміўшы абсалютна неадпаведную сітуацыі рэзкасць, перапрасіў.
Якраз тады ўключылася лядоўня. Ён зацкавана здрыгануўся і, спалатнеўшы, выпусціў з пальцаў цыгарэту. Гэтага хапіла, каб уся мая ўквеленасць знікла, і я, як са мною часам здараецца пры сустрэчы з чалавечай слабасцю, адчуў такі прыліў шкадавання, што не прыдумаў нічога лепшага, чым паведаміць пра свой развод і прагу самотнага супакою.
- Як вы сказалі? Не хочацца пражываць чужое жыццё? - з дзіўнай інтанацыяй паўтарыў ён і строс попел у адну з чортавых вачніцаў. У ягоных тонкіх пальцах яшчэ не сунялася дрыготка. - Ну, тады ў вас...
Трымаючыся сваёй завядзёнкі, ён абарваў фразу і нечакана выняў другі камплект ключоў.
- Ведаеце, я пакіну вам і іх. Магчыма, у вас усё-такі хто-небудзь з'явіцца.
Пасля маіх слоў пра пошукі спакою гэтае дапушчэнне выглядала не зусім лагічна, аднак значна больш нелагічны быў яго наступны ўчынак. У нервовых пальцах з'явіўся ўжо трэці брыжык з ключамі. Гаспадар патрымаў іх на далоні і працягнуў мне.
- Няхай усе ключы будуць у вас. Дакучаць вам візітамі я не збіраюся. Калі спатрэбіцца, патэлефануеце. Цяпер толькі сакавік, значыць, засталося... Не думаю, што вы заўважыце нешта такое...
Я спачувальна выслухаў яго няўцямна-блытанае мармытанне і не звярнуў на апошнія словы амаль ніякае ўвагі. Што я павінен быў заўважыць? Што ў яго праблемы з псіхікай?
Апускаючы два дадатковыя камплекты ключоў у кішэню, я не сумняваўся, што візаві адчувае з гэтае прычыны палёгку. Разгадка магла быць досыць простаю: цяжкія ўспаміны, звязаная з кватэраю асабістая драма... Ці не адтуль, падумаў я, і ранняя сівізна.
Якімі наіўна-трывіяльнымі выглядаюць мае тлумачэнні сёння...
- Ну вось, здаецца, і ўсе фармальнасці. - Патушыўшы ў вачніцы ў чорта недапалак, ён падняўся з канапы, аднак няўпэўнены тон сведчыў, што запас дзіўнаватых пытанняў і прапановаў не вычарпаны.
У такіх сітуацыях прадчуванне рэдка падманвае мяне. Ён прайшоўся ўсцяж сцяны з кніжнымі паліцамі, правёў рукой па запыленых карэньчыках і, няўдала зрабіўшы выгляд, нібы толькі зараз успомніў штосьці важнае, зноў загаварыў:
- Скажыце, у вас ёсць прайгравальнік?
- Не, я аддаю перавагу магнітафону.
- Прайгравальнік таксама добрая рэч. - У ягоным голасе прысутнічаў яўны водцень, просьбы.
- Вядома, - суха пагадзіўся я. Да мяне вярталася раздражненне.