Выбрать главу

Дзея другая

Маленькі пакойчык у гасьціньніцы. Ложак, стол, валіза, пустая пляшка, боты, шчотка ад адзежы й іншае.

Зьява І

Восіп ляжыць на панавым ложку.

Восіп. Ліха матары, есьці гэтак хочацца і ў чэраве трэскат такі, быццам цэлы полк затрубіў у трубы. Вось-жа не даедзем, дый годзе, дадому! І што ты скажаш рабіць? Другі месяц пайшоў, як ужо зь Піцеру! прамантачыў па дарозе грошыкі, галубок, цяперака сядзіць, і хвост пад сябе, і ані кіпіць. А стала-б, і аж надта стала-б на прагоны; дык не, глянь ты, трэба ў кажным горадзе паказаць сябе! (Перадражнявае). «Гэй, Восіп, пайшоў, палядзі пакой, лепшы, ды абед накажы самалепшы: я не магу есьці благога абеду, мне трэба лепшы абед». Балазе каб было, запраўды, што людзкае, а гэта-ж алістрацюжка звычайнюсенькі! Із праежджым знаёміцца, а тады ў карталюшкі — вось табе й дагуляўся! Гэх, абрыдала такое жыцьцё! Праўда-ж, на сяле лепш: яно хоць няма публічнасьці, дык турботнасьці меней! Возьмеш сабе бабу, дый ляжы цэлы век на печы й паядай перапечы. Ну, хто-ж запярэчыць, ведама, калі пойдзе на праўду, дык жыцьцё ў Піцеры балазей за ўсё. Былі-б адно грошы, а жыцьцё тонкае й палітыцкае: кіятры, сабакі табе танцуюць, і ўсё, што хочаш. Размаўляе ўсё на тонкай далікатнасьці, што хіба толькі дваранству саступіць; пойдзеш на Шчукін — купцы табе крычаць: «Шаноўны!» На перавозе ў човен із чыноўнікам сядзеш; кумпаніі захацеў — пайшоў у крамку: там табе кавалер раскажа пра лягеры й абвесьціць, што кажная зорка значыць на небе, гэтак во, як на далані ўсё бачыш чалавек. Старая афіцэрыха прыблукаецца; пакаёвачка часамі зазірне такая… фу, фу, фу! (Усьміхаецца й трасе галавою). Галянтарэйнае, на яго ліха, абыходжаньне! Недалікатнага слоўца ніколі не пачуеш: кажнюсенькі гаворыць «вы». Нуда табе йсьці — бярэш чалавек рамізьніка й сядзіш сабе, як пан, а ня хочаш заплаціць яму — калі ласка: у кажным доме вароты навылёт, і ты гэтак сьлізганеш, што цябе аніякі чорт ня знойдзе. Адно дрэнь: часам слаўна наясіся, а іншым разам — адно што ня лусьнеш ад голаду, як цяперака, прыкладам. А ўсё ён вінаваты. Што зь ім рабіць? Татуля прышлюць грошы, што каб іх прытрымаць — і кудэю! Пайшоў баляваць: езьдзіць на рамізьніку, штодня ты даставай у кіятры бялет, а там, за тыдзень, глянь — і пасылае на барахолку прадаць новы храк. Іншым разам усё да апошняе сарочкі спусьціць, так што на ім усяго застанецца сурдуцінка ды шынялінка, дальбог, праўда! І сукно такое важнецкае, англейскае! Рубельчыкаў з паўтараста яму адзін храк стане, а на рынку спусьціць рублёў за дваццатку; а пра порткі й гаворкі няма — ні за сабаку йдуць. А чаму? — таму, што работкі ня пільнуецца. Заміж, каб на службу, а ён ідзе прахаджацца прышпэктам, у карталюшкі рэжа. Гэх, каб даведаўся гэта стары пан! Ён не палядзеў-бы на тое, што ты чыноўнік, а, загаліўшы кашулінку, такіх-бы засыпаў табе, што дні з чытыры-б ты папачухаўся. Якся служыць, дык служы. Во цяперака гаспадар сказаў, што ня дам вам есьці, пакуль не заплаціце за наетае; ну а якся не заплацім? (Уздыхаючы). Ах, Божа ты мой, хоць бы якое капусты! Здэцца, так-бы цяперака цэлы сьвет ізьеў. Стукае, мабыць, гэта ён ідзець. (Хуценька зрываецца з ложка).

Зьява ІІ

Восіп і Хлестакоў.

Хлестакоў. Маеш, прыймі гэта. (Аддае шапку й кіёк.) А, зноў качаўся на ложку?

Восіп. Ды навошта-ж мне качацца? Ня бачыў я хіба ложка, ці што?

Хлестакоў. Хлусіш, качаўся; бачыш, усё склычана.

Восіп. Ды навошта мне ён? Хіба я ня ведаю, што гэта за ложак? У мяне ногі ёсьцека; я й пастаю. Навошта мне саміх ложак?

Хлестакоў (ходзіць па пакоі). Глянь там, у капшуку, тытуну няма?

Восіп. Ды дзе-ж ён будзе, тытун? Самі папазаўчора апошняе скурылі.

Хлестакоў (ходзіць і па-рознаму сьціскае свае вусны; нарэшце гаворыць голасна й станоўка). Слухай, гэй, Восіп!

Восіп. Чаго ласка?

Хлестакоў (голасна, ды ня так станоўка). Ты пайшоў туды.

Восіп. Куды?

Хлестакоў (зусім нестаноўка й ня голасна, вельмі блізка да просьбы). Наніз у буфэт… Тамака скажы… каб мне далі паабеду.

Восіп. Ды не, я й хадзіць ня хочу.

Хлестакоў. Як ты важышся, дурню?

Восіп. Ды так, усёдна, хоць і пайду, анічога з гэтага ня будзе. Гаспадар сказаў, што больш ня дасьць абеду.