Выбрать главу

– Ты каму верыш, мне ці інтэрнэту? Я тут закон!

Пасля гэтай фразы мне ўжо цяжка сябе стрымаць. У ход ідуць пасведчанні журналістаў, якія на секунду гасяць запал памежніка, але пасля паўгадзіннай спрэчкі нам так і не ўдаецца пабачыць нешта, хоць прыблізна падобнае на афіцыйны дакумент. Урэшце я дастаю камеру, каб захаваць на памяць твар гэтай сранай памежнай жабы, але, убачыўшы аб’ектыў, таўстун пачынае гарлапаніць на ўсё аддзяленне: «Паліс! Паліс!»

Аднекуль вылятае кволы, як багамол, паліцэйскі і пачынае трэсці перад маім тварам кайданкамі. Мяне закоўваюць у жалеза і адводзяць у суседні пакой. Ахоўнік парадку, наваліўшыся, абрушвае маё цела на крэсла і спрабуе сілай адабраць камеру. Я пачынаю крычаць і рваць зубамі ягоны мундзір. Ён, ашаломлены маёй рашучасцю і цвёрдай адмовай весці перамовы на іспанскай, запрашае ў пакой Волю, якая сяк-так тлумачыцца на мове. Разам мы прыходзім да высновы, што трэба перацерці з начальнікам памежнага пераходу.

Кіраўнік гэтага слаўнага месца настолькі велічэзны і тлусты, што з неймавернай цяжкасцю ўлазіць у дзвярны праём. Вонкава ён нагадвае тыповага крымінальнага аўтарытэта з фільмаў пра ліхія дзевяностыя. Пасля доўгага сканавання нашых дакументаў памежнікі вырашаюць дэпартаваць нас з тэрыторыі Нікарагуа за непавагу да афіцэра. Нават паказваюць нейкі афіцыйны дакумент з афіцэрскім статутам на іспанскай. Але як толькі мы дастаём тэлефоны, каб перакласці напісанае, начальнік пачынае размахваць рукамі, расплёскваючы па пакоі пратуберанцы тлушчу, нібы бурлівае сальнае сонца, і пускаючы марскую пену з рота.

Пасля дэпартацыі вырашаем так проста не здавацца. Мяжа паміж дзвюма краінамі праходзіць па нешырокай запаскуджанай рацэ. На мелкаводдзі мясцовыя жанчыны мыюць бялізну. Мы спускаемся да вады і праціскаемся паміж хатнімі гаспадынямі. Усім прысутным хутка робіцца ясна, што мы не папяровыя караблікі прыйшлі запускаць. Пад пільнай жаночай увагай ныраем у кусты на другім беразе ракі і дробнымі партызанскімі перабежкамі ад дрэва да дрэва абыходзім памежны пункт. Няўдача спасцігае нас у самы апошні момант – выпадкова мы амаль уразаемся ў маладога памежніка, які выправіўся ў вёску прыкупіць кока-колы.

Нашая дыверсія цярпіць татальную паразу – на гарызонце з’яўляецца пікап, з якога тырчаць морды нашых нядаўніх знаёмых. Безразмерны начальнік пераходу нават не робіць спробы вылезці з кабіны, каб не выглядаць нязграбна, і з акна пачынае галасіць пра тое, што мы зараз адправімся ў турму за нелегальнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Нікарагуа.

Нас садзяць на задняе сядзенне, адбіраюць дакументы і адвозяць назад да памежнага паста. Праз гадзіну зняволення ў душным чэраве аўтамабіля начальнік пераходу, пакрыты зыбкімі рухлівымі хвалямі, нібы гіганцкае жывое заліўное, выносіць пратаколы нашага затрымання і замест турмы загадвае адвезці нас назад на памежны пост Гандураса. Тамтэйшыя больш лаяльныя і спакойныя працаўнікі мяжы пацвярджаюць, што за ўезд у Нікарагуа сапраўды трэба плаціць дванаццаць баксаў.

Наступным днём мы дабіраемся да чарговага ўезду ў краіну, плацім належны збор і нарэшце трапляем у новы непрыступны куток планеты. Недарэчная здарылася гісторыя.

Рытм

Прахалодны вечар. Лёгкі ветрык. Адбітыя белай сцяной плыні вячэрняга святла ахутваюць прыдарожныя дрэвы. Усе крамы ў горадзе ўжо зачыненыя. Людзей на вуліцах амаль няма. Я сяджу на пластыкавым крэсле на тэрасе другога паверха аднаго з дамкоў. У нумары душна і смярдзіць фарбай, таму я гашуся тут – у соннага горада навідавоку. На майку сядае начны матылёк. Я пішу гэты тэкст, а ён старанна маскіруе свой жоўты на маім зялёным.

Усё навокал безгустоўна абматанае калючым дротам. Уся краіна запакаваная ў яго ад мяжы да мяжы. Тутэйшыя людзі таксама часта нагадваюць супрацьтанкавых вожыкаў. З імі цяжка завесці размову. Іх трэба выводзіць на чыстую ваду. Яны не вераць маёй адкрытасці і доўга супраціўляюцца ўсмешцы. Але амаль усе здаюцца, калі я ляпаю іх па плячы або проста кранаю рукой.

Часам я стамляюся размотваць іхную кальчугу і сам быццам бы хаваюся за шчыт. Гэта самае небяспечнае ў падарожжы – калі вы абое забарыкадаваліся і на ўсялякі выпадак навастрылі нажы. Гэткі настрой прыходзіць у спякоту або голад, таму я п’ю ледзяны ліманад і смакую бальядас.

Раптам я пачынаю адчуваць рытм. Ён усё выразней праглядаецца, праслухоўваецца ва ўсім. У дарогі ёсць рытм, у бяздомнага сабакі ёсць рытм, у мяне таксама ёсць свой рытм. Ён робіцца настолькі відавочным, што я больш не магу супраціўляцца гэтай метафізіцы. Я давяраю ўсім навокал і адчуваю давер усяго да сябе. Мы прыслухоўваемся да рытмаў адно аднаго і граем музыку. І я разумею, як гэта – быць дарогай або сабакам. Як быць чалавекам насупраць. Як прадаваць тамалес на скрыжаванні ля аблупленай глінянай гасцініцы. Як выкладваць літары на друкарскім станку ў каморцы побач з уваходам у касцёл. Быццам я ёсць усюды ці быў усім калісьці.